Кіраўнік Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер 12 верасьня выступіў у Страсбургу са штогадовым пасланьнем пра становішча Эўрапейскага зьвязу. Гэта было апошняе выступленьне Юнкера ў Эўрапарлямэнце ў якасьці старшыні Эўракамісіі.
Жан-Клёд Юнкер, выступаючы ў Эўрапейскім парлямэнце, адзначыў, што эўрапейская супольнасьць зьяўляецца значнай эканамічнай і вайсковай сілай у сьвеце — але яна моцная толькі тады, калі адзіная.
Жан-Клёд Юнкер: Мы зьяўляемся пятай эканомікай сьвету, мы гатовы адстойваць свае каштоўнасьці і інтарэсы. Я ўяўляю наш кантынэнт адкрытым, але не наіўным. Мы — сіла, якую нельга ігнараваць.
Жан-Клёд Юнкер дадаў, што ЭЗ ня можа быць «крэпасьцю, павернутай сьпінаю да сьвету, які пакутуе». Ён дадаў, што плянэта належыць усім нам, а ня толькі асобным людзям.
Кіраўнік Эўрапейскай камісіі расказаў пра актывізацыю супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, скарачэньне выкідаў вуглякіслага газу, пра збліжэньне з Эўропай іншых краін.
Аднак большую частку сваёй прамовы Жан-Клёд Юнкер прысьвяціў міграцыйнаму крызісу. Паводле слоў кіраўніка Эўрапейскай камісіі, цяпер вядзецца работа над рашэньнямі, якія абмяжуюць незаконную міграцыю і дапамогуць легальным мігрантам. Аднак, на яго думку, вынік гэтых дзеяньняў залежыць ад салідарнасьці ўсіх краін ЭЗ. Таксама Жан-Клёд Юнкер заявіў пра тое, што ЭЗ узмоцніць захады па барацьбе з тэрарызмам.
Жан-Клёд Юнкер: Эўрапейцы спадзяюцца, што ЭЗ будзе іх абараняць. Вось чаму Эўрапейская камісія цяпер прапануе новыя падыходы па выдаленьні тэрарыстычнай прапаганды з інтэрнэту. Гэта можна зрабіць на працягу гадзіны. Гадзіна можа быць вырашальным часам.
Кіраўнік Эўрапейскай камісіі нямала сказаў пра неабходнасьць забесьпячэньня вяршэнства закона ўва ўсіх краінах ЭЗ. Жан-Клёда Юнкера непакоіць сытуацыя ў некаторых дзяржавах, хоць ён і не сказаў, у якіх менавіта.
Жан-Клёд Юнкер: Эўрапейская камісія выступае супраць любых атак на прававую дзяржаву. Артыкул 7 павінен выкарыстоўвацца там, дзе існуе пагроза вяршэнству закона. Першы віцэ-старшыня Эўрапейскай камісіі Франс Тымэрманс дзейнічае рашуча, але часам ён у сваіх дзеяньнях адзінокі, каб абараніць вяршэнства закона. Ён мае маю поўную падтрымку, а таксама ўсёй Эўрапейскай камісіі.
Гэта выказваньне Жан-Клёда Юнкера зьвязана з артыкулам 7 дагавора аб стварэньні ЭЗ, у парушэньні якога была абвінавачана летась Польшча. Такое ж абвінавачваньне 12 верасьня Эўрапарлямэнтам выстаўлена і Вугоршчыне.
Жан-Клёд Юнкер напомніў аб абавязковасьці пастаноў Эўрапейскага суда на тэрыторыі ўсяго Эўразьвязу. «Эўрапейскі зьвяз — гэта прававая супольнасьць, у якой павінна забясьпечвацца вяршэнства законаў, а выкананьне прыгавораў суда — гэта ня выбар, а абавязак», — дадаў кіраўнік Эўрапейскай камісіі.
Выступленьне Жан-Клёда Юнкера выклікала дыскусію ў Эўрапейскім парлямэнце. Сваім меркаваньнем падзяліўся дэпутат ад Польшчы Рышард Лягутка.
Рышард Лягутка: Ніколі ў гісторыі эўрапейскай інтэграцыі не было часу, калі Эўропа была больш падзеленай, чым цяпер. Вы гаварылі пра адзінства, але яго ўжо няма. Да нядаўняга часу інтэграцыя была вуліцай з аднабаковым рухам, цяпер яна двухбаковая. Колькасьць людзей, якія глыбока незадаволены эўрапейскім праектам, расьце.
Заява Рышарда Лягуткі выклікала крытыку з боку старшыні фракцыі эўрапейскіх лібэралаў Гі Вэргофштата. На яго думку, эўрапейская інтэграцыя павінна разглядацца ў больш шырокім гістарычным кантэксьце:
Гі Вэргофштат: Тое, што гаворыць Рышард Лягутка, гучыць жудасна. Ці ён забыў, што было ў Эўропе паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі, што было падчас халоднай вайны? Ці вы ня чулі пра Бэрлінскі мур або жалезную заслону?
Жан-Клёд Юнкер заклікаў Эўропу падтрымліваць адзінства і салідарнасьць.
Кіраўнік Эўрапейскай камісіі высока ацаніў Польшчу, якая пасьпяшалася на дапамогу Швэцыі падчас лясных пажараў гэтым летам.
На думку Жан-Клёда Юнкера, эўрапейцы павінны будаваць «сувэрэнную Эўропу», якая ня будзе падзелена на часткі.
IAR/вк
Слухайце далучаны гукавы файл