Logo Polskiego Radia
Print

Падлічаны страты Польшчы ў Другой сусьветнай вайне

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.09.2018 13:30
У Польшчы праходзяць памятныя мерапрыемствы ў сувязі з 79-й гадавінай пачатку Другой сусьветнай вайны
Гданьск, 1 верасьня 2018 г. Памятнае мерапрыемтсва ля помніка Абаронцам Узьбярэжжа на ВэстэрплятэГданьск, 1 верасьня 2018 г. Памятнае мерапрыемтсва ля помніка Абаронцам Узьбярэжжа на ВэстэрплятэФота: PAP/Marcin Gadomski

79 год таму Нямеччына напала на Польшчу. 1 верасьня 1939 года пачалася Другая сусьветная вайна.

Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык ушанавалі памяць ахвяр вайны ля помніка Абаронцам Узьбярэжжа на Вэстэрплятэ ў Гданьску. Цырымонія па традыцыі пачалася а 4 г. 45 хв. раніцы — менавіта ў гэты час немцамі быў ажыцьцёўлены напад на разьмешчаны тут польскі вайсковы арсэнал.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда аддаў даніну памяці ахвярам нацыстаў у Шпэнгаўскім лесе (Las Szpęgawski), што ў Паморскім ваяводзтве. Кіраўнік дзяржавы ўсклаў кветкі да брацкіх магіл мясцовых жыхароў, забітых немцамі ў 1939 годзе.

У Сэйме Польшчы 31 жніўня адбылося пасяджэньне камісіі па ацэнцы сумы страт, нанесеных Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне.

Старшыня камісіі Сэйма Польшчы, дэпутат ад партыі «Права і справядлівасьць» Аркадыюш Мулярчык паведаміў, што канчатковая справаздача будзе гатова ў студзені 2019 года. Ён дадаў, што на працягу многіх гадоў гэта праблема ігнаравалася.

Аркадыюш Мулярчык: Мы павінны цяпер вярнуць страчаны час. У пачатку наступнага года апублікуем даклад, які, натуральна, перададзім у канцылярыю прэм'ера, прэзыдэнта. Якім чынам гэты даклад будзе выкарыстаны, залежыць ад палітычнага рашэньня. Цяпер ёсьць палітычная воля, каб працягваць гэту справу ў Сэйме, каб падрыхтаваць даклад аб ваенных стратах.

У ходзе пасяджэньня камісіі яе экспэрты прадставілі папярэднія ацэнкі дэмаграфічных страт Польшчы ў Другой сусьветнай вайне.

Гісторык Ягелонскага ўнівэрсытэта прафэсар Конрад Внэнк паведаміў, што людзкія страты склалі, па розных падліках, ад 4 да 6 мільёнаў чалавек. 70 працэнтаў ахвяр сярод мірнага насельніцтва складаюць жыхары гарадоў — галоўным чынам Варшавы, Лодзі, Беластока, Кракава, Познаня, Быдгашча і Гдыні.

Прафэсар Мечыслаў Прыступа паведаміў, што ўрон, нанесены забудове гарадоў, ацэньваецца ў 52 млрд. злотых (1 эўра = 4,28 злотага).

Мечыслаў Прыступа: Больш за ўсё страт у працэнтных суадносінах панесла Варшава. Амаль 36 млрд злотых прыпадае на нашу сталіцу.

Рухомая маёмасьць у гарадах, зьнішчаная падчас вайны, ацэньваецца ў 3 млрд злотых.

Страты ў сельскай гаспадарцы ацэньваюцца ў 53,5 млрд злотых.

Наступнае пасяджэньне камісіі адбудзецца ў верасні.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт