Аун Сан Су Чжы ня будзе пазбаўленая Нобэлеўскай прэміі міру
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
30.08.2018 15:12
Магчымасьць адмены ўзнагароды цяперашняй прэмʼер-міністар Мʼянмы разглядалася ў сувязі з дакладам ААН.
flickr.com/Asia Society
Аун Сан Су Чжы – дысыдэнтка М'янмы – ня будзе пазбаўленая Нобэлеўскай прэміі міру, якую яна атрымала ў 1991 годзе. Такое рашэньне было прынятае нарвэскім Нобэлеўскім камітэтам.
Магчымасьць адмены ўзнагароды разглядалася ў сувязі з дакладам Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, у якім гаворыцца пра тое, што армія Мʼянмы праводзіла масавыя забойствы мусульман Рогінджа. Крытыкі абвінавачваюць ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў яе неадэкватнай рэакцыі на генацыд Рогінджа.
Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт адзначыў, што Аун Сан Су Чжы атрымала прэмію за барацьбу за свабоду і дэмакратыю да 1991 года, падчас праўленьня ваеннай хунты ў М’янме. Апазыцыянэрка за сваю дзейнасьць правяла агулам каля 20 гадоў у турме і пад хатнім арыштам. Акрамя гэтага, правілы Нобэлеўскага фонду не прадугледжваюць магчымасьці пазбаўленьня пераможцаў прэміі.
Аун Сан Су Чжы ў цяперашні час займае пасаду прэмʼер-міністра Мʼянмы.
яс