Уладзімір Пуцін назначыў новага пасла Расеі ў Беларусі. Ім стаў Міхаіл Бабіч. Ён таксама атрымаў статус спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Расеі «па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь».
Адбылося тое, пра што ўсе доўга гаварылі. Аляксандар Сурыкаў ад пасады пасла ў Беларусі вызвалены. Новы пасол Расеі ў Беларусі назначаны — ім стаў Міхаіл Бабіч. Яму 49 гадоў. Вядома, што Бабіч служыў у ваенна-дэсантных войсках, войсках КДБ, кіраваў карпарацыяй «Антэй», быў віцэ-прэм'ерам Падмаскоўя і Іванаўскай вобласьці Расеі. У 2002-2003 гадах узначальваў урад Чэчні. Пэўны час Бабіч зьяўляўся памочнікам кіраўніка Пагранічнай службы ФСБ Расеі, а з 2003 да 2011 года дэпутатам Дзярждумы.
У 2016 годзе Расея плянавала назначыць Бабіча сваім паслом ва Ўкраіне, але Кіеў ня даў на гэта згоды. Адной з прычын стала тое, што будучы членам Савета бясьпекі РФ, Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у прыняцьці рашэньня аб уводзе ў Крым расейскіх войск.
Гэта акалічнасьць дала падставы некаторым беларускім экспэртам выказаць занепакоенасьць, ці ня стане прыезд Бабіча ў Менск пэўнай пагрозай для краіны.
На думку Андрэя Паротнікава, кіраўніка праекта Belarus Security Blog, назначэньне Міхаіла Бабіча — гэта сьведчаньне таго, што беларуска-расейскія адносіны пагаршаюцца і афіцыйны Менск страціў давер Крамля.
Як адзначае Андрэй Паротнікаў, Міхаіл Бабіч — гэта ключавая асоба, але пасольства Расеі ў Менску — гэта не адзін чалавек, а вялікі штат асоб, якія вывучаюць сытуацыю ў Беларусі і спрабуюць на яе ўплываць.
Ці зьяўленьне Міхаіла Бабіча можа паставіць беларускую намэнклятуру пад кантроль Масквы? Рыгор Астапеня, заснавальнік Цэнтра новых ідэй, асацыіраваны аналітык Цэнтра Астрагорскага, лічыць, што Крэмль цяпер больш цікавяць адносіны з Захадам і Кітаем, чым зь Менскам.
Міхаіл Бабіч заявіў 24 жніўня, што прэзыдэнт Расеі паставіў перад ім задачу ў бліжэйшы час давесьці тавараабарот зь Беларусьсю да $50 млрд.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі зьвярнулі ўвагу на тое, што новы пасол Расеі ў Беларусі надзяляецца статусам спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. «Гэта чарговы раз сьведчыць аб асаблівым характары, сур'ёзным маштабе і высокім узроўні беларуска-расейскага супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што гэты статус дасьць магчымасьць новаму кіраўніку расейскай дыпляматычнай місіі больш эфэктыўна і апэратыўна вырашаць комплекс пытаньняў двухбаковага ўзаемадзеяньня ў гандлёва-эканамічнай сфэры, што вельмі важна для абедзьвюх нашых краін», — падкрэсьліў начальнік упраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.
Як адзначае Андрэй Паротнікаў, афіцыйнаму Менску давядзецца па-новаму выстройваць адносіны з новым паслом Расеі ў Беларусі. І перагаворы зь ім будуць ісьці, праўдападобна, ня так лёгка, як з папярэднім.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, сустракаючыся 24 чэрвеня зь Міхаілам Бабічам, сказаў: «Вы едзеце працаваць у Беларусь. Напэўна, ня трэба вам гаварыць аб тым, наколькі важным зьяўляецца ўзаемадзеяньне з нашым галоўным саюзьнікам, партнэрам — зь Беларусьсю, наколькі для Расеі важны гэты кірунак работы. Гэта ня толькі краіна, зь якой мы мяжуем, гэта краіна, перш за ўсё, зь якой нас зьвязваюць асаблівыя адносіны: і гістарычныя, і этнічныя, і моўныя, і эканамічныя».
вк
Слухайце далучаны гукавы файл