Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы гавораць на баранавіцка-гарадзенскім дыялекце

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 09.08.2018 09:09
  • 0809 Варшаўскі мост - Бел. мова на паўн. Падляшшы.mp3
Лінгвісты знайшлі на бацькаўшчыне Ежы Папялушкі жывых носьбітаў беларускай мовы.
Мірослаў Янковяк (у цэнтры) падчас экспэдыцыі на паўночнае ПадляшшаМірослаў Янковяк (у цэнтры) падчас экспэдыцыі на паўночнае ПадляшшаФота: архіў Мірослава Янковяка

Ці ведаеце вы, што маці айца Ежы Папялушкі гаварыла па-беларуску? І ў тых мясьцінах яшчэ і цяпер гучыць сапраўдная беларуская мова — г. зв. баранавіцка-гарадзенская гаворка. Дзе гэта? На самым паўночным усходзе Польшчы, недалёка ад славутага Аўгустоўскага канала. У гэта цяжка паверыць: сёлета Рэспубліцы Польшча спаўняецца сто гадоў, а на яе тэрыторыі людзі дагэтуль карыстаюцца беларускай мовай. Яны не хадзілі ў беларускія школы і не чытаюць беларускіх газэт. Іх мова аўтэнтычная, як і сто гадоў таму. У канцы ліпеня сюды ажыцьцявілі экспэдыцыю вучоныя зь Менска і Прагі. Яны запісалі беларускі дыялект ад, магчыма, апошніх яго носьбітаў.

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вось ужо ў чацьвёрты раз адправіліся на Падляшша. Тут яны рэалізуюць супольны праект з Інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук “Дасьледаваньні ў галіне дыялекталёгіі беларускай і польскай моў”.

У экспэдыцыі, якая адбылася 25-31 ліпеня, удзельнічалі Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Вераніка Курцова, загадчыца аддзела дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства, кіраўнік экспэдыцыі, дактары навук Натальля Сьнігірова і Анастасія Марозава. У мінулыя гады Польскую акадэмію навук прадстаўляў Мірослаў Янковяк, які з гэтага года зьяўляецца супрацоўнікам Славянскага інстытута Акадэміі навук Чэскай Рэспублікі.

Мірослаў Янковяк арганізаваў маршрут экспэдыцыі. Яна прайшла па тэрыторыі гмін Lipsk (Аўгустоўскі павет) і Dąbrowa Białostocka (Сакольскі павет).

У гміне Lipsk беларуская гаворка была зафіксавана ў каталіцкіх вёсках Wołkusz, Stare Leśne Bohatery, Rakowicze Małe, Rakowicze Wielkie і ў праваслаўным сяле Jałowo.

У гміне Dąbrowa Białostocka, як высьветлілі дасьледчыкі зь Менска і Прагі, праваслаўнае насельніцтва, якое карыстаецца беларускай гаворкай, жыве ў вёсках Kropiwno, Grabowo i Jaczno.

Усе тутэйшыя беларускамоўныя жыхары гавораць на адным дыялекце.

Мірослаў Янковяк: Гэтыя гаворкі — працяг баранавіцка-гарадзенскай групы паўднёва-заходняга дыялекта беларускай мовы. Тут добра захавалася структура беларускіх гаворак. Выключэньне складае лексыка, у якой шмат палянізмаў. Гэта і зразумела. Бо ўсе новыя рэчы, асабліва тэхнічныя навінкі, уваходзяць у быт тутэйшых людзей з ужо гатовымі назвамі на польскай мове.

Ігар Капылоў: У гэтых гаворках ёсьць элемэнты польскай мовы. І гэта натуральна. Яны ёсьць у лічэбніках, назвах месяцах, а таксама гэта такія словы, як dziś, tylko. Фактычна ўсе інфарманты ўжывалі гэтыя словы. У той жа час тут сустракаюцца тыя ж самыя граматычныя формы, што і на тэрыторыі Гарадзеншчыны: дзяўке, агурке (н. скл., мн. лік).

У далучаным да гэтага матэрыялу гукавым файле зьмешчаны запіс (зроблены 28 ліпеня 2018 г.) беларускага маўленьня Зоф’і Ганчарук зь вёскі Крапіўна Сакольскага павета Падляскага ваяводзтва Польшчы. З. Ганчарук нарадзілася ў 1939 г.

Каталіцкі
Каталіцкі і праваслаўныя крыжы ў вёсцы Крапіўне ў гміне Дамброва Беластоцкая
Фота: Мірослаў Янковяк

Колькі яшчэ будзе гучаць беларуская мова на паўночным Падляшшы?

Вераніка Курцова: Тут ёсьць людзі, якія нарадзіліся, вырасьлі зь беларускай мовай, якая тут такая ж, як і па другі бок граніцы. І гэтa факт некаторыя людзі тут усьведамляюць. І беларуская гаворка тут будзе жыць, пакуль жывыя яе носьбіты, якія ёю карыстаюцца.

Пэрспэктывы ў беларускай мовы на тэрыторыі Польшчы ёсьць. Яны лепшыя, чым у беларускіх гаворак, напрыклад, на тэрыторыі Латвіі.

Мірослаў Янковяк: У Латвіі беларускія гаворкі знаходзяцца ў найгоршай сытуацыі. Там празь некалькі гадоў увогуле ня будзе беларускіх гаворак. У Літве, на Віленшчыне, нашмат лепшая сытуацыя, бо беларускімі гаворкамі там свабодна валодае сярэдняе і маладое пакаленьні. Таму там беларускія гаворкі будуць яшчэ доўга існаваць — гэта несумненна. Паўночнае Падляшша моцна палянізавана, аднак тут беларуская гаворка яшчэ трохі будзе існаваць. Гэта таксама несумненна. Найлепшая сытуацыя на поўдні Падляшша, дзе існуюць беларускамоўныя школы. А ў ваколіцах Гайнаўкі сярэдняе і малодшае пакаеньне размаўляе на мясцовай гаворцы без праблем.

Ежы
Ежы Аляксандар Папялушка

Фота: Wikimedia.org/Andrzej Iwański/CC BY-SA 3.0

Цікава, што з тых жа мясьцін, дзе адбывалася сёлетняя экспэдыцыя мовазнаўцаў зь Менска і Прагі, паходзіць польскі ксёндз Ежы Аляксандар Папялушка (Альфонс Папялушка), вядомы дзеяч “Cалідарнасьці”, закатаваны спэцслужбамі ПНР. Яго бацькаўшчына — вёска Акопы (Okopy) Сакольскага павета.

Маці Е. Папялушкі — Мар’яна (з роду Гнязьдзейкаў) гаварыла на мясцовым беларускім дыялекце.

Як паведамляе вікіпэдыя, „najstarsze pokolenie mieszkańców wsi Okopy i jej okolic w codziennych kontaktach używa gwary języka białoruskiego z naleciałościami zapożyczonymi z języka polskiego”: „W opracowaniach dotyczących biografii księdza Jerzego Popiełuszki można spotkać się z różnymi nazwami tego dialektu, takimi jak: podlaska gwara białoruska, polsko-białoruski dialekt, bądź język polski, ale z dużymi białoruskimi naleciałościami. Sami mieszkańcy wsi określają swój język mianem prostego bądź tutejszego. Z perspektywy dialektologicznej nazywani są oni terminem białoruskojęzycznych katolików bądź Białorusinami Sokólszczyzny. Mimo to nie wykształcili oni białoruskiej świadomości narodowej i w pełni utożsamiają się z narodem polskim. Pojęcie polskości w tym przypadku stało się synonimem katolicyzmu. Więź religijna białoruskojęzycznych mieszkańców wsi Okopy, jak i jej okolic okazała się silniejsza od więzi językowej i dlatego zdecydowała o włączeniu się tej społeczności w skład polskiej wspólnoty narodowej. Współcześnie, wspomnianą powyżej, białoruską gwarę mieszkańców wsi Okopy uznać należy za pozostającą na granicy wymarcia, gdyż umiejętność posługiwania się nią ograniczona jest do grupy osób w podeszłym wieku i nie jest ona przekazywana młodszym pokoleniom”.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт