Мірослаў Янковяк, польскі вучоны, беларусіст, супрацоўнік Славянскага інстытута Акадэміі навук Чэскай Рэспублікі, у чэрвені 2018 года адправіўся ў экспэдыцыю ў Латвію. Ён наведваў Даўгаўпілскі раён Латвіі. Тут ён запісваў апошніх носьбітаў паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы. На свае дасьледаваньні польскі вучоны атрымаў стыпэндыю ад Славянскага інстытута Акадэміі навук Чэскай Рэспублікі. У Празе беларусіст працягвае пісаць навуковую працу пра беларускія гаворкі на мяжы з Латвіяй, Літвой і Расеяй — тое, чым раней займаўся ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук. Праўда, сёлетняя экспэдыцыя ў Латвію была бадай апошняя. Беларуская мова там знаходзіцца на мяжы выміраньня.
Мірослаў Янковяк. Фота: архіў Мірослава Янковяка
Мірослаў Янковяк: У Латгаліі беларускія гаворкі і польская г. зв. “крэсовая” мова вельмі моцна зьвязаны. Бабулі 85 гадоў, напрыклад, і яна кажа, што яе бацькі размаўлялі па-польску. Гэта паказвае, што Латгалія была пераходнай зонай, дзе ў нейкі час польская мова была больш пашыраная, пазьней на гэту тэрыторыю ўвайшлі беларусія гаворкі. Трэба яшчэ сказаць, што нацыянальнасьць, ідэнтычнасьць — гэта адно, а мова, якой карыстаюцца людзі ў штодзённым жыцьці — іншае. Я размаўляў зь людзьмі, многія зь якіх лічылі сябе палякамі, а ў штодзённым жыцьці, у сям’і размаўлялі па-беларуску. Але ўсё залежыць ад рэгіёна. У раёне Ілукшты, Даўгаўпілса старэйшае пакаленьне, якога ўжо няма, размаўляла на польскай мове, і на месца польскай мовы ўвайшлі беларускія гаворкі, а цяпер увайшла расейская мова. Калі б мы паехалі ў Краслаўскі раён, то там больш па-беларуску размаўлялі б.
Латгалія — паўднёвы рэгіён Латвіі, дзе жывуць апошнія носьбіты паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы. Увогуле ж, гэта ўскраіна вялікага моўнага абшару, які працягваецца да Себежа, Віцебска. Тут адметная гаворка.
Латгальская беларуска Яніна Зелянкова нарадзілася ў 1937 годзе. Гутарку зь ёй запісаў Мірослаў Янковяк 19 чэрвеня 2018 года.
Яніна Зелянкова: Туды далей, далёка, пад беларускую граніцу тут адна бабушка вадзіла ўнучку на катахізмы, да споведзі. А [мой] папа быў католік, а мама лютуранка. Тык вот, ана [“бабушка”] узялася нас вадзіць, і нас вадзіла гэта бабуля.
Папа [мой] быў раньша жыўшы ў Беларусі. Эта даўно, ішчэ малы быў. А мама зьдзешняя.
Мама тожа ў касьцёл ішла да споведзі. Іхный [лютэранскі] храм там далёка гдзе-та быў. А іна пагаварыла з ксяндзом, і ксёндз прынімаў іё да споведзі. Іна па-свойму, как лютаранка, па-латыскі... Ксёндз іё прынімаў. Іна ішла ў касьцёл да споведзі.
І ксёндз хараніў іе. І папу тожа. А іны маладыя памёрлі. І мама, і папа... Балелі...
І брат [у] пісят лет умер. От ужэ ў этай хаце мы жылі. А як ужо балеў, ён знаў, што памрэць, тады ён папрасіў, што б ксяндза прывязьлі. Ну тады ксёндз папытаўся, што ў яго, а тады нам сказаў, што памажыце яму памаліцца. Ну от пацеры памовілі, і так от захаранілі вот, у Саліна, на этым кладбішчы каталічыскім.
А напісана па-рускі на ўсех памятніках [на могілках].
Беларуская гаворка жыхароў Латгаліі цяпер вельмі моцна насычана элемэнтамі расейскай мовы. Але не заўсёды лёгка вызначыць, якое слова беларускае, а якое не.
Беларускамоўныя жыхары вёскі Стрэмкі Піедруйскай воласьці Краслаўскага раёна Латвіі. Фота: архіў Мірослава Янковяка
Мірослаў Янковяк: У гаворцы латгальскіх беларусаў ёсьць многа слоў, якія ідэнтычныя з расейскімі, але адрозьніваюцца ад іх фанэтычна. Але яны адначасова ўласьцівы ўсяму паўночна-ўсходняму дыялекту беларускай мовы, да якога належаць і беларускія гаворкі Латгаліі. Таму ўзьнікае пытаньне, ці лічыць слова “картошка” русізмам, ці не, калі ўсходняя Беларусь зь дзеда прадзеда казала “картошка”. Праўда, раней слова “бульба” існавала на гэтай тэрыторыі, а цяпер яго рэдка калі пачуеш. Раней казалі “спадніца”, а цяпер ніхто так ня кажа. Ужо няма “цыбулі”, ёсьць “лук”, але яшчэ кажуць “буракі”. Ці пад Зылупэ, ці пад Даўгаўпілсам усе кажуць: “Мы вырашчывалі сахарныя буракі”. Цікавая справа — словы польскага і балцкага паходжаньня. Польскія — гэта словы зьвязаныя з касьцёлам, з прысутнасьцю “паноў”, памешчыкаў і з польскай культурай і адукацыяй, бо польскія школы таксама існавалі на гэтай тэрыторыі. Балцкую лексыку я б падзяліў на дзьве часткі: словы даўняга паходжаньня, якія датычаць сельскай гаспадаркі, пабудоў, у якіх трымалі зерне, сена, кароў: “пуня”, “сьвіран”, “клець”, “парсюк”, “дзірван”, або “дырван”.
Мірослаў Янковяк цяпер працуе над манаграфіяй пра лексыку беларускіх гаворак у Латвіі. Дасьледчык гаворыць, што на дасьледаваньні яго натхніў вопыт папярэдніка — заснавальніка беларусазнаўства, прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўхіма Карскага.
Мірослаў Янковяк: Пунктам выхаду для мяне былі дасьледаваньні Яўхіма Касркага. Я хацеў аб’ехаць усю тэрыторыю, дзе сто гадоў таму існавалі беларускія гаворкі. Мая новая кніга называецца “Беларускія гаворкі Латвіі. Характарыстыка. Выбраныя тэксты”. Я даў клясычную характарыстыку сынтаксісу, марфалёгіі, лексыкі, фанэтыкі, зьмясьціў інфармацыю пра паходжаньне беларускіх гаворак у Латвіі. А большая частка кнігі — гэта тэксты размоў зь мясцовым насельніцтвам — беларусамі і палякамі, якія ў штодзённым жыцьці карыстабцца беларускімі гаворкамі. Яны расказвалі, як жылося да вайны, пры Латвіі, падчас вайны, як фронт праходзіў, пра адну, другую акупацыю, пра тое, як ствараліся калгасы, саўгасы, пра штодзённае жыцьцё, ральлю, гаспадарку, традыцыі, звычаі, як пасылалі сватоў, як гналі самагон ці піва зь ячменю рабілі. Гэта кніга будзе цікавая ня толькі для мовазнаўцаў, але і для гісторыкаў, этнолягаў.
Мірослаў Янковяк працягвае дасьледаваць беларускія дыялекты — гэтым разам у Літве: у Ігналінскім, Сьвянцянскім (Швянчонскім), Віленскім, Троцкім, Салечніцкім (Шальчынінскім), Варэнскім раёнах. І кажа, што тут беларускі дыялект яшчэ жывы, а да таго ж вельмі блізкі да беларускай літаратурнай мовы.
Віктар Корбут
Фота: архіў Мірослава Янковяка
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл
У праграме выкарыстаны фрагмэнт з латгальскай народнай песьні Zīdi, zīdi, rudzu vuorpa ў выкананьні Лаймы Дзалбэ. Мірославу Янковяку не ўдалося ўжо запісаць беларускіх песень у Латгаліі. Але латгальская народная творчасьць вельмі блізкая да беларускай.