Расеец разьліў у аэрапорце ў Тбілісі небясьпечную сумесь
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.07.2018 10:57
Сямёра супрацоўнікаў міжнароднага аэрапорта ў Тбілісі трапілі ў шпіталь з сымптомамі атручваньня.
Аэрапорт у ТбілісіOtpusk.ru [CC BY-SA 3.0 (https://creativecommons.org/licenses/by-sa/3.0)], via Wikimedia Commons
Грузінскія сілы бясьпекі затрымалі грамадзяніна Расеі, які, на іх думку, разьліў у аэрапорце невядомую сумесь. Справа расьсьледуецца контрразьведкай Грузіі.
Лекары ацэньваюць стан пацярпелых як стабільны, іх жыцьцю нішто не пагражае.
У панядзелак раніцай з офіса Аэрафлота пачаў разыходзіцца непрыемны пах. "Прычыны спачатку высьвятляў тэхнічны пэрсанал аэрапорта, а затым мы паведамілі ў МУС", – сказаў у сераду кіраўнік прэс-службы аэрапорта Георгій Гоглідзе.
Агенцтва ТАСС паведаміла, што ўсе пацярпелыя адчувалі аднолькавыя сымптомы: галавакружэньне, млоснасьць, запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй.
Доктар у шпіталі, які займаўся супрацоўнікамі аэрапорта, паведаміў журналістам, што да гэтага часу не вядома, што стала прычынай атручваньня. "Мы маем справу з таксычнымі эфэктамі нявызначанага рэчыва", – падкрэсьліў ён.
Трое пацярпелых выйшлі са шпіталя, астатнія пакінуць бальніцу "ў бліжэйшы час", – адзначыў мэдык.
яс