Logo Polskiego Radia
Print

У Менску знойдзены палац Радзівілаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 12.06.2018 10:01
Будынак XVIII ст. зьнесьлі дзесяць год таму! Ці адновяць?
Рог вул. Парніковай (на першым пляне) і Філімонава (пэрпэндыкулярна справа). Жоўты будынак — былы палац Ваньковічаў. Зялёны газон справа ад яго — месцазнаходжаньне падмуркаў палацу РадзівілаўРог вул. Парніковай (на першым пляне) і Філімонава (пэрпэндыкулярна справа). Жоўты будынак — былы палац Ваньковічаў. Зялёны газон справа ад яго — месцазнаходжаньне падмуркаў палацу РадзівілаўФота: Дзьмітрый Ласько

Палац Радзівілаў у Менску — гэта гучыць непраўдападобна. Але факт. Такі сапраўды існаваў на тэрыторыі сучаснага гораду — на рагу вул. Філімонава і Парніковай. Драўляны. XVIII стагодзьдзя. Аднак бадай ніхто не здагадваўся, што гэта былая магнацкая рэзыдэнцыя. Бо будынак быў значна перабудаваны. А потым зьнесены. Цяпер ад яго засталіся толькі падмуркі. Але і гэта нямала і дае надзею на аднаўленьне цікавага аб’екту.

/

Палац знаходзіўся ў былым маёнтку Радзівілаў, які потым перайшоў да Ваньковічаў, недалёка ад сучаснай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праўда, першапачаткова гэта была тэрыторыя на Менску. Двор называўся Радзівілаўская Сьляпянка. Сама назва паказвае, што тут, на беразе ракі Сьляпні, знаходзілася адна з рэзыдэнцый вядомых магнатаў.

Маёнтак Сьлепль вядомы з 1552 году, калі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст пацьвердзіў прывілей на валоданьне ім менскаму манастыру Узьнясеньня Хрыстовага. У XVII стагодзьдзі маёнтак перайшоў да Радзівілаў.

З 1681 году частка маёнтка адышла да менскага калегіюму езуітаў. З таго часу паходзяць назвы Сьляпянка Радзівілаўская (пазьней Сьляпянка, Вялікая Сьляпянка) і Сьляпянка Паезуіцкая (пазьней Малая Сьляпянка).

У 1800 годзе маёнтак Сьляпянка належаў Дамініку Радзівілу. У 1809 годзе гэты двор набыў у яго былы менскі губэрнскі маршалак шляхты Станіслаў Ваньковіч. Каля 1812 году маёнтак перайшоў да яго сына Эдварда Ваньковіча.

Справа
Справа ў дрэвах — акно былога палацу Радзівілаў. Зьлева — палац Ваньковічаў. Від з боку ракі Сьляпні. Акварэль Чэслава Манюшкі. 1840-я гг. Са збораў Варшаўскага музычнага таварыства. Паводле: Карповіч Т. А. Культурнае жыццё Мінска І паловы ХІХ стагоддзя. — Мінск: «Рыфтур», 2007

У 1810 годзе тут стаяў вялікі аднапавярховы драўляны палац з трыма комінамі. За палацам знаходзіўся фруктовы сад. Драўляны палац з мэзанінам і паўвальмавым дахам у 1840-х гадах адлюстраваў на адным з малюнкаў Чэслаў Манюшка — бацька кампазытара Станіслава Манюшкі.

Да 1810 году на тэрыторыі маёнтку не было ніводнага мураванага будынка. На сучаснай вул. Філімонава, 24, праз вул. Парніковую ад месца, дзе цяпер знаходзяцца падмуркі палацу Радзівілаў, быў не пазьней за другую палову 1840 гадоў узьведзены мураваны палац Ваньковічаў.

Колішні палац Радзівілаў стаў афіцынай палацу Ваньковічаў.

Зьлева
Зьлева — былы палац Радзівілаў (афіцына палацу Ваньковічаў), справа відаць фрагмэнт палацу Ваньковічаў. Каля 1917-1920 гг. Фота Юзафа Зяліньскага. З альбому Станіслава Дангеля Фота: myvimu.com

Гэта мясьціна шчыльна зьвязана з гісторыяй Польшчы. Тут бывалі мастак Валенты Вільгельм Ваньковіч, кампазытар Станіслаў Манюшка, грамадзка-палітычны дзеяч Эдвард Вайніловіч. У чэрвені 1910 году тут адбылося вясельле Юліі Ваньковіч і грамадзкага-палітычнага дзеяча Мячыслава Ялавецкага.

У 1920-я гады маёнтак быў пераўтвораны ў саўгас. У альбоме «Беларусь Савецкая» ў 1932 годзе публікаваліся фатаграфіі «Цэнтральнай бульбяной станцыі (Менск)», што тут знаходзілася — у мураваным палацы Ваньковічаў. У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў тут быў створаны Менскі парнікова-цяплічны камбінат. У наш час палац Ваньковічаў адрэстаўрыраваў прыватны інвэстар.

Драўляны
Драўляны будынак справа — былы палац Радзівілаў, лявей — былы палац Ваньковічаў. Каля 2002 г. Фота: К. Шастоўскі; Radzima.org

А вось палац Радзівілаў быў зьнесены. Паводле галоўнага архівіста Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Уладзімера Дзянісава, гэта адбылося ў 2008 годзе. Паводле краязнаўца Дзьмітрыя Навумава, ужо ў 2007 годзе будынку не было.

У ліпені 2015 году падмуркі палацу Радзівілаў былі часткова раскапаны, але ўвосень засыпаны. Цяпер яны знаходзяцца пад зямлёй. Краязнавец Дзьмітрый Навумаў бачыў гэтыя фундамэнты.

Дзьмітрый Навумаў: Я ведаў, што гэты будынак меў старыя лёхі. Яшчэ тады, калі ён існаваў. Хаця сам драўляны дом не прыцягваў маёй увагі. Праўда, я зьвяртаў увагу на тое, што ён меў цікавы чатырохсхільны дах.

Падмуркі

Падмуркі палацу Радзівілаў. 6 ліпеня 2015 г. Фота: Дзьмітрый Навумаў

Пра тое, што на тэрыторыі Менску захаваліся падмуркі былога палацу Радзівілаў, ня ведаюць ня толькі жыхары гораду, але нават спэцыялісты. Але цяпер прыйшла пара падумаць пра будучыню гэтага месца.

Ігар Чарняўскі, былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: Для таго, каб вырашаць лёс гэтых падмуркаў, трэба пачынаць з вывучэньня горадабудаўнічай дакумэнтацыі. Паралельна трэба іх дасьледаваць, зьняць абмеры. Ну і гаварыць пра іх у СМІ. Бо да апошняга моманту ні вы, ні я ня ведалі, што там быў палац і што там ёсьць падмуркі.

Як можа выглядаць працэс захаваньня і, магчыма, аднаўленьня таго, што засталося ад палацу Радзівілаў?

Антон
Антон Астаповіч Фота: facebook.com

Антон Астаповіч, старшыня рэспубліканскага савету Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры: Трэба прааналізаваць, ці магчыма аднаўленьне ў наяўнай горадабудаўнічай сытуацыі гэтага будынку. Калі гэта магчыма, то трэба пачынаць гісторыка-архіўныя дасьледаваньні і складаць гісторыка-архітэктурны апорны плян. Пасьля праводзяцца археалягічна-архітэктурныя абмеры тых падмуркаў, якія захаваліся ў культурным пласьце. Мы не павінны аднаўляць кожны будынак. Але павінны аднаўляць найбольш знакавыя будынкі. Таму каб вызначыць вартасьць гэтага аб’екту, трэба распрацаваць ня толькі навуковае, але і прававое абгрунтаваньне.

Формай прававога абгрунтаваньня зьяўляецца наданьне падмуркам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Падмуркі палацу Радзівілаў маглі б быць унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Але для гэтага павінна быць унесена ў Менскі гарвыканкам прапанова аб наданьні аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Карацей, наперадзе вельмі складаная бюракратычная працэдура.

Ігар
Ігар Чарняўскі Фота: facebook.com

Ігар Чарняўскі: Ёсьць парадак наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Ён прапісаны ў Кодэксе аб культуры. Да зьместу прававой нормы нічога дадаць немагчыма. Аднак ня факт, што гэтаму аб'екту будзе нададзены нейкі статус. У Беларусі падмуркаў старых будынкаў многа. І была ўжо спроба надаваць статус падмуркам. Тут трэба сыходзіць з таго, што ўнікальнага ў гэтых падмурках. Там што? Выкарыстаны ўнікальныя матэрыялы, тэхніка будаўніцтва? Але галоўнае: трэба глядзець у горадабудаўнічую дакумэнтацыю: якім чынам плянуецца выкарыстоўваць гэту тэрыторыю. Што там на ёй горадабудаўнікі вызначылі? Таксама трэба паглядзець праект зоны аховы сядзібнага дому Ваньковічаў. Быць можа, гэтыя падмуркі ўваходзяць у зону аховы…

Аднак калі падмуркі дагэтуль нікім не ахоўваюцца, то перш за ўсё для іх трэба знайсьці гаспадара, які б адказваў за стан сутарэньняў былога палацу. Да лепшых часоў.

Падмуркі
Падмуркі палацу Радзівілаў. 6 ліпеня 2015 г. Фота: Дзьмітрый Навумаў

Антон Астаповіч: Лепш за ўсё зрабіць тут добраўпарадкаваньне тэрыторыі і арганізаваць экспанаваньне аб’екту — пазначыць яго пэрымэтар, плян. І на працягу некалькі год, пакуль зьбіраюцца новыя матэрыялы пра будынак, спэцыялісты і соцыюм асэнсуюць, што рабіць далей. Мо тады будынак пачне сам «прасіцца» на аднаўленьне.

Ігар Чарняўскі: Гэтыя падмуркі можна закансэрваваць і зрабіць зь іх ляндшафтны аб'ект, побач зь якім можа быць разьмешчана інфармацыйная табліца. Гэта адзін шлях. Калі ў горадабудаўнічай дакумэнтацыі, у першую чаргу ў генэральным пляне разьвіцьця гораду закладзена нейкае іншае прызначэньне для гэтага месца, іншы рэглямэнт гэтай тэрыторыі, то тут тады ўсё будзе складаней зрабіць. Трэба будзе генэральны плян перарабляць. А генпляны мяняюцца ня так проста. Ну а калі ёсьць нават і дэтальны плян гэтай тэрыторыі, то будзе яшчэ больш складана яго перарабіць. Патрэбна сур'ёзнае абгрунтаваньне прапановы. Варта было б папрацаваць зь інстытутам “Мінскграда”. Яны могуць у горадабудаўнічай дакумэнтацыі вызначыць умовы асваеньня тэрыторыі, прапанаваўшы захаваць падмуркі ў якасьці ляндшафтнага аб'екту. Але гэта пры ўмове, што такое рашэньне ня будзе пярэчыць ужо зацьверджаным рэглямэнтам выкарыстаньня тэрыторыі. Зрэшты, у Нясьвіжы пры будаўніцтве новага мікрараёну натрапілі на вялікае пахаваньне часоў апошняй вайны і ўнесьлі зьмены ў генэральны плян, адмовіўшыся ад будынку на гэтым месцы. Таму наданьне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў сытуацыі з падмуркам і ня першаснае. Можна патраціць час і сілы, а статус нададзены ня будзе з-за недастатковага абгрунтаваньня ці яшчэ чаго. У той жа час, ведаючы горадабудаўнічыя пляны, можна зрабіць крок да станоўчага вырашэньня пытання.

Урэшце, усё будзе залежаць ад гарадзкіх улад. І ад інвэстара. Калі зьявіцца той, хто пажадае ўкласьці грошы ў праект і адбудаваць палац.

Драўляны
Драўляны будынак справа — былы палац Радзівілаў, лявей — былы палац Ваньковічаў. 1960-я гг. Фота: архіў Дзьмітрыя Навумава

Вопыт аднаўленьня такіх будынкаў у Беларусі ёсьць. Досыць успомніць Мерачоўшчыну, дзе на старых падмурках адбудавалі драўляны палацык Тадэвуша Касьцюшкі, а ў Завосьсі — практычна з нуля дом Адама Міцкевіча.

Цагліна
Цагліна з падмурку палацу Радзівілаў. 6 ліпеня 2015 г. Фота: Дзьмітрый Навумаў

Драўляны палац Радзівілаў, несумненна, побач з мураваным палацам Ваньковічаў стаў бы адным з найцікавейшых турыстычных аб’ектаў у Менску. Тым больш што побач знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі — адно з самых папулярных у турыстаў месц горадуаб’ектаў наведваньня.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Івацэвіцкі
Івацэвіцкі раён. Былы двор Мерачоўшчына. Адноўлены дом, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка Фота: Дзьмітрый Ласько


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт