Logo Polskiego Radia
Print

Польшча можа зарабіць на амэрыканскім мыце на сталь і алюміній

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.06.2018 15:36
  • 5.06_пульс эканомікі.mp3
Экспэрт: Гэта не павінна быць для нашай прамысловасьці вялікай праблемай, нават наадварот.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Hans/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амэрыканскія мыты на сталь і алюміній накладзеныя на Эўрапейскі Зьвяз у канчатковым рахунку могуць аказацца карыснымі для польскага бізнэсу. Гэтак мяркуе галоўны эканаміст Польскай гандлёвай палаты Пётр Сарачыньскі.

Увядзеньне мыта стала рэальнасьцю, але гэта не павінна быць для нашай прамысловасьці вялікай праблемай, наадварот, можа быць карысна, – тлумачыць экспэрт:

П.Сарачыньскі: Наш экспарт сталі ці алюмінію ў ЗША ня надта вялікі. Калі б сапраўды так сталася, што амэрыканцы ўшчыльняць свой рынак і зусім ня будуць купляць сталь і алюміній звонку, то там алюмініевыя тавары падаражэюць. Гэта шанец для нашых вытворцаў, якія маглі б экспартаваць у ЗША свае тавары са сталі і алюмінію. Маглі б прадаваць іх даражэй, з большай нацэнкай, таму што гэтыя тавары ў Амэрыцы падаражэюць.

Пэўны неспакой у Эўропе выклікаюць заявы прэзыдэнта ЗША аб увядзеньні чарговых пошлін. Дональд Трамп папярэдзіў, што калі ЭЗ спрабуе прыняць падобныя меры ў адказ, то ён абкладзе мытам эўрапейскія аўтамабілі. Такая магчымасьць вельмі небясьпечная для польскай прамысловасьці, кажа Пётр Сарачыньскі.

П.Сарачыньскі: Амэрыканцы, калі кажуць пра заліваньне свайго рынку эўрапейскімі таварамі, то маюць найперш на ўвазе нямецкую вытворчасьць і аўтамабільную прамысловасьць. У выніку Польшча ў ролі вялікага падрадчыка гэтай галіны, панесла б вялікія страты.

У гэтую сераду камісары ЭЗ абмяркуюць, як адказаць амэрыканцам на ўвядзеньне мыта на сталь і алюміній. Эўрапейская камісія ўжо падрыхтавала сьпіс амэрыканскіх тавараў, якія будуць падлягаць мытным платам.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт