Logo Polskiego Radia
Print

Польскі бок ня бачыць падставаў для аднаўленьня помніка УПА ў Грушавіцах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.05.2018 14:41
Прафэсар Кшыштаф Швагжык падкрэсьліў, што гэта немагчыма.
Пам’ятник УПА в ГрушовичахПам’ятник УПА в Грушовичахwww.nowiny24.pl

Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) паведаміў, што археалягічныя і мэдычна-судовыя дасьледаваньні не далі ніякіх падстаў меркаваць, што на месцы зьнесенага помніка УПА ў Грушавіцах былі магілы членаў украінскага фарміраваньня, як сьцьвярджае ўкраінскі бок.

Раскопкі на могілках у Грушавіцах на Прыкарпацьці працягваліся тры дні. У іх удзельнічалі пяць прадстаўнікоў украінскага боку.

Віцэ-старшыня ІНП прафэсар Кшыштаф Швагжык (Krzysztof Szwagrzyk) сказаў, што паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзеных з удзелам украінскага боку, няма ніякіх навуковых падстаў меркаваць, што там пахаваныя члены УПА.

У сваю чаргу прадстаўнік украінцаў Сьвятаслаў Шэрэмэт кажа, што на могілках знойдзеныя парэшткі 18 людзей, тры зь якіх належалі членам УПА. Сьвятаслаў Шэрэмэт лічыць, што гэта дае падставу для аднаўленьня помніка ў гонар гэтага фарміраваньня.

Прафэсар Кшыштаф Швагжык падкрэсьліў, што гэта немагчыма. «Калі няма доказаў, што мы маем справу з парэшткамі ўкраінцаў, тым больш няма ніякіх падстаў чакаць аднаўленьня помніка ў Грушавіцах», – сказаў віцэ-старшыня ІНП. Швагжык выказаў таксама зьдзіўленьне, што ўкраінцы патрабуюць аднаўленьня помніка, які быў узьнесены нелегальна і ня мае пацьверджаньня ў дакумэнтах польскага боку.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт