Logo Polskiego Radia
Print

Пазьняк заклікаў палякаў забараніць «маршы памяці Бурага» ў Гайнаўцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.05.2018 11:06
Гэта адбылося на міжнароднай канфэрэнцыі «За нашу і вашу свабоду», арганізаванай польскім Інстытутам нацыянальнай памяці ў Кракаве.
radyjo.net/Яраслаў Іванюк

24 траўня ў Кракаве завяршылася міжнародная канфэрэнцыя «За нашу і вашу свабоду», арганізаваная польскім Інстытутам нацыянальнай памяці. На сустрэчы была прынятая рэзалюцыя супраць маршаў у Гайнаўцы, удзельнікі якіх гераізуюць забойцаў беларусаў Падляшша.

У кракаўскай канфэрэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, вэтэраны польскага антыкамуністычнага падпольля, дысыдэнты з постсавецкіх краінаў – Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Украіны, Літвы, Чачэніі.

Беларусь на ёй прадстаўлялі кіраўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. З ініцыятывы Зянона Пазьняка канфэрэнцыя прыняла «Зварот да ўсіх польскіх патрыётаў і мясцовых уладаў у справе маршу памяці «Выклятых жаўнераў» і дзейнасьці Рамуальда Райса «Бурага». Гэты камандзір аднаго з аддзелаў пасьляваеннага польскага антыкамуністычнага падпольля нясе адказнасьць за масавыя забойствы беларусаў Беласточчыны.

«Зьвяртаемся да польскіх мясцовых уладаў і да польскіх патрыётаў, каб сёньня асобы, у шчырасьці намераў і патрыятызьме якіх мы не сумняваемся, баронячы памяць пра «выклятых жаўнераў», узгаднялі гэта з правам, з агульным інтарэсам і справядлівым падыходам, не дазвалялі, не праводзілі так званых «маршаў »Бурага«» і ня ўдзельнічалі ў іх, кіруючыся дзяржаўнымі інтарэсамі цяперашняй Польшчы, якія сёньня грунтуюцца на абніжэньні ўзроўню нэгатыўных эмоцыяў паміж польскім і беларускім народамі, на разьвіцьці супрацоўніцтва, заснаванага на даверы і ўзаемна карыснай мірнай працы», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

- Тут прысутны ня толькі беларускі інтарэс. Парушаныя праўныя нормы, эўрапейскія і хрысьціянскія каштоўнасьці. За такія дзеяньні мусіла б быць кара і скруха нашчадкаў, каб такіх выпадкаў больш ніколі не было, – сказаў Зянон Пазьняк.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт