Расейцы скупляюць эўра й даляры
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
11.04.2018 12:30
За апошнія два дні курс рубля моцна ўпаў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Расейцы скупляюць эўра й даляры, бо за апошнія два дні курс рубля моцна ўпаў. Аналітыкі фондавага рынку пацьвярджаюць, што гэта зьвязана з санкцыямі ЗША ў дачыненьні да Расеі. На мінулым тыдні Міністэрства фінансаў ЗША ўвяла абмежаваньні ў адносінах да некаторых расейскіх алігархаў і іх кампаній, а таксама ўнесла ў «чорны сьпіс» новых 17 чалавек з бліжэйшага акружэньня Ўладзіміра Пуціна. Вашынгтон заявіў, што санкцыі зьяўляюцца адказам на дзеяньні Расеі, якая дэстабілізуе сытуацыю ў сьвеце.
Газэта «Маскоўскі камсамолец» паведамляе, што перад абменьнікамі валют стаяць доўгія чэргі. Падае таксама курс акцый расейскіх кампаній. Алігархі, якія патрапілі пад амэрыканскія санкцыі, ужо страцілі дзясяткі мільярдаў даляраў.
Прэм'ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў аб падрыхтоўцы праграмы падтрымкі прадпрымальнікаў, якія панесьлі страты ад санкцый ЗША. Палітоляг Глеб Паўлоўскі мяркуе, што Крэмль будзе браць грошы зь дзяржаўнага бюджэту для выратаваньня «сяброў Пуціна» за кошт звычайных грамадзян.
Уводзячы санкцыі супраць Расеі ЗША падкрэсьлілі, што гэта зьяўляецца адказам на дзеяньні Масквы, якая дэстабілізуе сытуацыю ў сьвеце. У якасьці прыкладу Белы дом прывёў, у прыватнасьці, захоп Крыму, вайну ў Данбасе і ў Сырыі, а таксама ўмяшальніцтва ў палітычныя працэсы ў краінах Эўрапейскага Зьвязу й ЗША.
яс