Акруговая пракуратура Варшавы падазрае паляка і ўкраінца ў вярбоўцы і прымусе да рабскай працы тысяч беларускіх і ўкраінскіх грамадзян. 5 красавіка справа накіраваная ў суд.
Абвінавачаныя, выкарыстоўваючы крытычнае фінансавае становішча людзей, вэрбавалі іх у Беларусі і Ўкраіне й дастаўлялі ў Польшчу, абяцаючы надзейную й добра платную працу.
Гастарбайтэры, якія ня ведалі польскіх законаў па працаўладкаваньні, а таксама правілаў легалізацыі знаходжаньня ў краіне, працавалі ў кафэ й рэстаранах Варшавы па 350 і больш гадзін у месяц. Работнікі не атрымлівалі зарплату своечасова або атрыманьне ўзнагароджаньня залежала ад далейшай працы. Яны не маглі адмовіцца ад працы з-за страху страціць заробленыя грошы.
Як высьветлілі сьледчыя, арганізатары схемы вярбоўкі, карыстаючыся падначаленым становішчам завэрбаваных, прыніжалі й абражалі работнікаў, адвольна штрафавалі іх за «невыкананьне інструкцый«. Абвінавачаныя пагражалі гастарбайтэрам тым, што ў выпадку непадпарадкаваньня выкарыстаюць іх пэрсанальныя дадзеныя для атрыманьня крэдытаў.
Работнікі знаходзіліся пад поўным кантролем кругласутачна, таму што жылі ў інтэрнатах і прыватных кватэрах Варшавы, якія для іх здымалі арганізатары.
Адзін з абвінавачаных, 32-гадовы ўкраінец Барыс С., у ходзе сьледзтва прызнаў сваю віну й пагадзіўся супрацоўнічаць. Ён паведаміў, што пачаў працаваць на 44-гадовага паляка Міраслава К. у 2015 годзе. Спачатку ён, як і іншыя, трапіў на працу ў адным з варшаўскіх рэстаранаў, а затым пагадзіўся быць наглядчыкам над іншымі работнікамі, а таксама вэрбаваў новых гастарбайтэраў ва Ўкраіне й Беларусі.
Польскі грамадзянін Міраслаў К. так і не прызнаў сябе вінаватым і выкарыстаў права адмовіцца ад тлумачэньняў, адзначылі ў прэс-службе акруговай пракуратуры Варшавы.
У Польшчы гандаль людзьмі караецца пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 3 гадоў да 15 гадоў.
naviny.by/вс