Logo Polskiego Radia
Print

Аляксандар Фядута –ляўрэят прэстыжнай прэміі імя Льва Сапегі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 05.04.2018 13:29
  • Аляксандар Фядута.mp3
Аляксандар Фядута ўганараваны прэміяй імя Сапегі за дасьледчыцкую дзейнасьць у галіне літаратуразнаўства.
Аляксанд Фядута ў залі Сэнату Варшаўскага ўнівэрсытэтуАляксанд Фядута ў залі Сэнату Варшаўскага ўнівэрсытэтуradyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд


Узнагарода імя Льва Сапегі была заснавана Інстытутам Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту супольна з Калегіумам Усходняй Эўропы Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту ў 2006 годзе. Аляксандар Фядута стаў трынаццатым уладальнікам сумеснай узнагароды пяці польскіх унівэрсытэтаў.

Аляксандар Фядута займаецца літаратуразнаўчымі дасьледаваньнямі эпохі Рамантызму ў кантэксьце цывілізацыйнага памежжа. У прыватнасьці, літаратуразнаўца дасьледуе польска-расейскія й беларуска-расейскія повязі ў літаратуры ў часы станаўленьня ідэі рамантычных нацыяналізмаў.

/

Узнагарода імя Льва Сапегі прадугледжвае фінансаваньне навуковай дзейнасьці ў пяці найбуйнейшых польскіх унівэрсытэтах. Навуковая стыпэндыя разьлічана на 10 месяцаў. Ляўрэят зможа займацца навуковымі дасьледаваньнямі ў пяці ўнівэрсытэтах. Тэрмін працы ў кожным зь іх – 2 месяцы.

Таксама вынікам навуковага побыту ляўрэата ў Польшчы можа стаць выданьне кнігі, якое будзе прафінансавана коштам фундатараў прэміі. Працягвае Аляксандар Фядута.

Гэтая ўзнагарода для мяне, магчыма, самы найвялікшы гонар. Яна мне нададзена не за палітычную й грамадзкую дзейнасьць, а за навуковыя дасягненьні. Калі зараз спытацца, хто ты, гэткі Аляксандар Фядута, магу сказаць – я навуковец, займаюся гісторыяй літаратуры.

Другое - тое, што прэмія мае імя Льва Сапегі. Леў Сапега - гэта выбітны дзеяч Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Гэта постаць міжкультурнага памежжа, якая яднае ўсіх – летувісаў, палякаў і беларусаў. Постаць, якая аб’ядноўвае.

Трэцяе: я быў вылучаны на гэту стыпэндыю Ягелёнскім унівэрсытэтам. Тым унівэрсытэтам, дзе бакаляўрам стаў Францішак Скарына. Уся гісторыя Ягелёнскага ўнівэрсытэту прымушае мяне, як навукоўца, займаць пэўную пазыцыю. Займацца навукай так, каб ня зганьбіць імя Скарыны, імя Сапегі і імя Ягелёнскага ўнівэрсытэта.

Момант
Момант уручэньня ўзнагароды

– Аляксандар Іосіфавіч, стыпэндыя імя Сапегі дае магчымасьць амаль на працягу году займацца навуковай дзейнасьцю ў пяці польскіх унівэрсытэтах. У Вас ужо ёсьць творчыя, навуковыя пляны на гэты год?

Дзякуючы Амбасадзе Летувы ў Беларусі я атрымаў магчымасьць два гады працаваць над праектам «Францішак Малеўскі – захавальнік спадчыны трох народаў». Невялікая кніга пра Малеўскага выйдзе напрыканцы гэтага году ў Менску, але яна будзе няпаўнавартасная, калі там ня будзе польскіх матэрыялаў.

Калі я ўбачыў сьпіс гарадоў: Варшава, Уроцлаў, Беласток, Познань - гэта менавіта тыя месцы, дзе захоўваюцца дакумэнты пра майго героя. Я спадзяюся, што будзе другое выданьне кнігі пра Малеўскага, якое паўстане з дапамогай прэміі імя Льва Сапегі.

Ян
Ян Маліцкі (справа)

Пра гісторыю стварэньня і трансфармацыю ўзнагароды імя Льва Сапегі гаворыць дырэктар Інстытуту Усходняй Эўропы, кіраўнік Стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі.

Першыя некалькі прэмій былі наўпрост зьвязаныя з палітычнай актыўнасьцю ляўрэатаў на карысьць незалежнасьці Беларусі. Зараз ж прэмія схіляецца да навуковых дасягненьняў.

Сёлетні ляўрэат злучае адразу два гэтыя элемэнты. З аднаго боку, на працягу амаль дваццаці гадоў ён заангажаваны ў палітычную й грамадзкую дзейнасьць, менавіта за гэта ён і дазнаў перасьледу.

Аднак журы вырашыла ўганараваць Аляксандра Фядуту прэміяй імя Сапегі менавіта за яго навуковую дзейнасьць, якая распачалася абаронай доктарскай дысэртацыі ў 1997 годзе, габілітацыйнай працай у Ягелёнскім унівэрсытэце ў 2017 годзе, і пасьпяхова працягваецца цяпер.

Ня можам забыць, кім ёсьць Аляксандар Фядута. Ён меў эпізод супрацы з Аляксандрам Лукашэнкам у 1995 годзе. Гэты факт абцяжарвае яго дагэтуль.

Журы прэміі гэта разумела. Пасьля доўгай і насычанай дыскусіі мы прынялі адназначнае рашэньне. Узнагарода прызначаецца за дасягненьні на навуковай ніве, адпаведна, з 1997 году, за 20 гадоў Аляксандар Фядута адкупіў свае правіны.

Грамадзянская супольнасьць Беларусі шануе і лічыцца зь меркаваньнем Фядуты. Ужо ў Эвангельлі было напісана: той, хто на сабе ня мае граху, няхай першы кіне камень. Няхай кожны задумаецца пра свае памылкі.

/

Першы пасол Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова зьвяртае ўвагу на сымбалічнае значэньне сёлетняй узнагароды.

Для мяне тут самае галоўнае тое, што ён займаецца тэрыторыяй памежжа, якая зьяўляецца Беларусьсю, а адначасова мае глыбокую польскую традыцыю. Даклад, які Фядута прадставіў сёньня, сьведчыць аб тым, што гэтую тэрыторыю мы ведаем не да канца. Мы павіны займацца гістарычнай спадчынай.

Менавіта гістарычная спадчына ў значнай ступені паказвае прычыны недастатковага праяўленьня духоўнай самастойнасьці беларусаў. Аднак, я б гэтага не перабольшвала. Сьвядомасьць маладых беларусаў сасьпела, што пра «тутэйшасьць» гаварыць ужо ня трэба.

/

Першым ляўрэатам узнагароды імя Льва Сапегі быў гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ скліканьня Валянцін Голубеў. Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня адбываецца штогод 4-га, у дзень нараджэньня гетмана й канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.

размаўляў Эдуард Жолуд

слухайце далучаны зьверху гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт