Палякі па традыцыі паліваюць сёньня адзін аднаго вадой
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
02.04.2018 14:53
У Польшчы працягваюць сьвяткаваць Пасху - сёньня другі дзень сьвятаў, які ў краіне называюць «сьмігус-дынгус».
Мокры панядзелак, Казімеж ДольныPAP/Wojciech Pacewicz
У Польшчы працягваюць сьвяткаваць Пасху. Сёньня другі дзень сьвятаў, які ў краіне называюць «сьмігус-дынгус» або «мокрым» панядзелкам (lany poniedziałek ад «ліць ваду»). Па славянскай народнай традыцыі, у гэты дзень людзі паліваюць адзін аднаго вадой. Гэта сымбалізавала вясеньняе ачышчэньне ад бруду і хвароб, а пазьней таксама ад грахоў.
Па словах этнографа Яніны Скатніцкай, традыцыя паявілася ў 16-ым стагодзьдзі. Спачатку гэта быў магічны абрад, які праводзіўся з мэтаю выклікаць патрэбныя для ўраджаю дажджы.
Калісьці маладыя незамужнія дзяўчыны палівалі вадой хлопцаў, пазьней наадварот маладыя мужчыны пачалі паліваць вадой дзеўчын. Тая дзяўчына, якая засталася сухой у пасхальны панядзелак, адчувала сябе пакрыўджанай, паколькі гэта азначала адсутнасьць зацікаўленьня з боку кавалераў.
Паліцыя зазначае, што ў прытрымліваньні традыцыі трэба захоўваць умеранасьць. Паліцыя не рэкамэндуе кідаць пакеты з вадой у мінакоў ці аўтамабілі, залазіць з гэтай мэтай на дах, і гэтак далей. Паводле паліцыі, паліваньне вадой выпадковых людзей прыраўноўваецца да хуліганства і можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць за зьнішчаную ўласнасьць.
яс