На кожнага беларуса прыпадае 55 даляраў вайсковых выдаткаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.03.2018 09:01
У 2017 годзе вайсковыя выдаткі Беларусі склалі на 22 мільёны даляраў больш, чым годам раней.
pixabay.com/Public Domain CC0
У 2017 годзе вайсковыя выдаткі Беларусі павялічыліся на 22 мільёны даляраў. Пра гэта сьведчыць справаздача The Military Balance 2018 Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
У 2017 годзе вайсковыя выдаткі Беларусі склалі 528 мільёнаў даляраў. Гэта на 22 мільёны даляраў больш, чым у 2016 годзе, калі выдаткі склалі 206 мільёнаў даляраў. У сярэднім на кожнага грамадзяніна Беларусі прыпадала ў 2017 годзе 55 даляраў вайсковых выдаткаў.
У валавым унутраным прадукце адсотак вайсковых выдаткаў, наадварот, зьнізіўся на 0,07%. Паводле справаздачы, у 2017 годзе вайсковыя выдаткі Беларусі склалі 1% ад ВУП.
Беларускае войска ў 2017 годзе налічвала 45 350 ваеннаслужачых, а вайсковыя рэзэрвы — 289 500.
Яшчэ 100 тысяч чалавек уваходзіць у склад ваенізаваных фармаваньняў. Найбольш зь іх міліцыянтаў — 87 тысяч, 12 тысяч — памежныя войскі й 11 тысяч — унутраныя.
Паводле справаздачы The Military Balance, больш за ўсё грошай выдаткоўваецца на войска ў ЗША — 602,8 мільярда даляраў. Далей у сусьветным рэйтынгу ідуць Кітай — 150,5 мільярда даляраў, і Саудаўская Арабія — 76,7 мільярда даляраў. Расея займае ў гэтым рэйтынгу чацьвёртую пазыцыю — 61,2 мільярда даляраў. Сярод краін-суседзяў найбольш на войска выдаткоўвае Польшча — 9,8 мільярда даляраў. Далей Украіна — 2,7 мільярда даляраў, Летува — 816 мільёнаў даляраў і Латвія — 507 мільёнаў даляраў.
svaboda.org/аз