Менск занепакоены плянамі польскіх нацыяналістаў правесьці марш у Гайнаўцы
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
22.02.2018 11:21
«Адзін зь дзеячаў, якому яны хочуць аддаць пашану, – гэта верхавод бандфарміраваньня Рамуальд Райс па мянушцы «Буры».
Вялікдзень 1944 году, Рамуальд Райс «Буры» на чале атраду жаўнераў 3-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, вёска Тургелі, Віленшчына (тэрыторыя сучаснай Летувы) Public Domain
Міністэрства замежных спраў Беларусі заклапочанае плянамі польскіх праварадыкалаў правесьці марш у Гайнаўцы, заявіў 22 лютага на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Дзьмітрый Мірончык.
«Адзін зь дзеячаў, якому яны хочуць аддаць пашану, – гэта верхавод бандфарміраваньня Рамуальд Райс па мянушцы «Буры», ён быў ваенным злачынцам», – сказаў Мірончык. «Гэта ня проста наша меркаваньне – гэта меркаваньне й адназначная выснова Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы», – дадаў ён.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы канстатаваў, што дзеяньні «Бурага» – гэта злачынства з прыкметамі генацыду, заўважыў прэс-сакратар.
«На сумленьні Райса – дзясяткі спаленых разам з жыхарамі беларускіх вёсак і сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян, сярод якіх – жанчыны, дзеці, старыя. Яны былі зьнішчаныя або зьнявечаныя толькі таму, што належалі да беларускага этнасу й мелі праваслаўнае веравызнаньне. Нішто ня можа апраўдаць генацыду», – падкрэсьліў Мірончык. Ён таксама адзначыў, што Гайнаўка – гэта польскі горад, дзе большасьць насельніцтва мае беларускія карані.
«Яшчэ жывыя нашчадкі ахвяраў злачынстваў «Бурага». Нам трэба штучнае распальваньне варожасьці паміж беларусамі й палякамі? Трэба нагнятаньне напружанасьці на нацыянальнай і канфэсійнай глебе? Ці ўсё ж такі нам патрэбны гістарычны дыялёг, які толькі пачаў разьвівацца паміж нашымі краінамі?», – задаў пытаньні прэс-сакратар беларускага МЗС.
«У польскім нацыянальным пантэоне дастаткова герояў, рыцараў бяз страху й папроку, у тым ліку – агульных для нашых двух народаў, – дадаў Мірончык. – Упэўнены, у ім не павінна быць месца ваенным злачынцам, людзям, чые рукі па локаць у крыві бязьвінных ахвяр, у тым ліку жанчын і дзяцей. Хоць вырашаць гэта, вядома, польскаму народу».
белапан/вс