Logo Polskiego Radia
Print

Інстытут „Яд ва-Шэм” раскрытыкаваў прэзыдэнта Анджэя Дуду

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.02.2018 10:09
Гісторыкам не падабаецца, што прэзыдэнт Польшчы падпісаў зьмены ў Закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці.
Сьцяг Ізраіля.Сьцяг Ізраіля.Photo: Etereuti/pixabay.com/CC0 Public Domain


Інстытут па дасьледаваньні Галакосту „Яд ва-Шэм” у Ерусаліме, раскрытыкаваў рашэньне прэзыдэнта Польшчы па справе зьменаў у Закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці. Анджэй Дуда падпісаў закон і накіраваў яго на разгляд у Канстытуцыйны суд.

У адмысловай заяве, адзін з самых вядомых у сьвеце цэнтраў па дасьледаваньні Галакосту называе крок кіраўніка польскай дзяржавы „няўдалым”.

Гісторыкі нагадваюць, што папярэджвалі польскія ўлады, што выкарыстаныя ў законе фармулёўкі няслушныя й пагражаюць абмежаваньнем публічных дэбатаў пра падзеі Другой сусьветнай вайны.

У заяве, гісторыкі згадзіліся, што фраза „польскія лягеры сьмерці” няправільная, паколькі канцэнтрацыйныя лягеры былі пабудаваныя немцамі на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Польшчы. У той жа час, навукоўцы лічаць, што новы польскі закон абмяжуе дыскусіі пра ролю палякаў у забойстве габрэяў падчас Галакосту.

„Яд ва-Шэм” будзе пільна сачыць за ажыцьцяўленьнем закону й рашэньнем Канстытуцыйнага суду”, - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, зьмены ў Закону аб Інстытуце нацыянальнай памяці ўводзяць штрафы або турэмнае зьняволеньне для тых, хто ўскладае на палякаў адказнасьць за злачынствы, зьдзейсьненыя нацыстамі падчас Другой сусьветнай вайны.

Ізраільскі бок асьцерагаецца, што гэта можа весьці да скажэньня гісторыі. У адказ на рашэньне прэзыдэнта Анджэя Дуды МЗС Ізраіля выказала надзею, што ў новы польскі закон будуць уведзеныя зьмены.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт