Logo Polskiego Radia
Print

«Кожны дзень у СІЗА можа стаць для Паўла апошнім»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.02.2018 18:05
  • «Кожны дзень у СІЗА можа стаць для Паўла апошнім».mp3
Здароўе Паўла Грыба – украінскага юнака, выкрадзенага ФСБ у Беларусі – значна пагоршылася.
Павал Грыб на судовым паседжаньні. 18 кастрычніка 2017 г. Фота прадстаўлена адвакатам Андрэем Сабініным. Павал Грыб на судовым паседжаньні. 18 кастрычніка 2017 г. Фота прадстаўлена адвакатам Андрэем Сабініным. Андрэй Сабінін

Здароўе Паўла Грыба – украінскага юнака, якія быў выкрадзены расейскімі спэцсцлужбамі ў Беларусі й зьмешчаны пад варту ў Краснадары – рэзка пагоршылася. Як паведамляе адвакат і родныя маладога чалавека, існуе сапраўдная небясьпека для яго жыцьця. Ніякай мэдыцынскай дапамогі маладому чалавеку не аказваюць, а расейскі суд не пагаджаецца зьмяніць меру ўстрыманьня. Пра тое, што цяпер адбываецца з Паўла Грыбам, высьвятляў Аляксандар Папко.

«Жыцьцё Паўла ў небясьпецы, кожны дзень у СІЗА можа стаць для яго апошнім». Пра гэта паведаміла Вольга Грыб, сястра 19-гадовага ўкраінца, якога расейскія спэцслужбы выкралі ў Гомелі, вывезьлі на тэрыторыю Расеі й зьмясьцілі пад варту па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы тэракту.

Малады чалавек, які мае хранічнае захворваньне печані, знаходзіцца ў СІЗА расейскага Краснадару ўжо пяць месяцаў. Пагаршэньне стану здароўя Паўла Грыба пацьвярджае яго адвакат Марына Дубровіна.

Марына Дубровіна: У цяперашні час Павал не прымае ніякіх лекаў, і таму яму пэрыядычна становіцца вельмі-вельмі дрэнна, а пазьней сытуацыя выроўніваецца. Я настойвала на тым, каб яму зьмянілі меру ўтрыманьня, бо ва ўмовах сьледчага ізалятару ніякага спосабу атрымаць мэдыкамэнты ў Паўла няма.

Паводле зьвестак, якія атрымала сям’я Паўла Грыба, хлопец выглядае вычарпаным, пастаянна скардзіцца на болі ў жываце. Існуе небясьпека, што ў яго адкрыецца ўнутранае кровацячэньне.

Да маладога чалавека не дапусьцілі ўкраінскіх лекараў, а расейская мэдыцынская камісія сьцьвярджае, што хлопец здаровы. За пяць месяцаў Паўлу Грыбу ані разу не дазволілі ўбачыцца з роднымі. Як кажа сястра арыштаванага Вольга Грыб, узамен за сустрэчу сьледчы запатрабаваў ад маці Паўла Грыба даць сьведчаньні.

Вольга Грыб: Незаконным чынам, без прысутнасьці адваката, сьледчы намагаўся атрымаць ад яе зьвесткі. Маці адмовілася ісьці зь ім на супрацоўніцтва, даваць якія заўгодна паказаньні. Тады сьледчы заявіў, што сустрэчы з Паўлам ня будзе да таго моманту, пакуль яна не дасьць паказаньні.

Забарона сустракацца з блізкімі фактычна зьяўляецца адной з формаў псыхалягічнага ціску, якія аказваюць на Паўла – мяркуе адвакат Марына Дубровіна.

Марына Дубровіна: Сустрэчы знаходзяцца ў руках сьледчага. Калі ён палічыць патрэбным – ён дасьць дазвол на сустрэчу, калі не палічыць – не дасьць. Па вялікім рахунку, гэта таксама спосаб ціску.

Суд у Краснадары працягнуў тэрмін утрыманьня Паўла пад вартай да 4 сакавіка. Судзьдзі адхілілі ўжо другую па ліку апэляцыю на зьмену меры стрыманьня, пададзеную адвакатам Паўла Грыба.

Малады чалавек быў выкрадзены расейскімі спэцслужбамі ў Гомелі 24 жніўня. У Беларусь ён прыехаў па просьбе дзяўчыны – расейскай школьніцы Тацьцяны, зь якой ён перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расеі завяло супраць хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Паводле заяваў сьледзтва, Павал з дзяўчынай плянаваў зьдзейсьніць выбух на выпускной лінейцы ў адной са школаў Сочы. Блізкія называюць абвінавачаньне абсурдным, паколькі ў перапісцы хлопца няма ніякіх згадак пра тэракт.

Беларускія праваахоўнікі так і не растлумачылі сям’і Паўла Грыба, якім чынам расейскія спэцслужбы змаглі выкрасьці ўкраінскага грамадзяніна на беларускай тэрыторыі.

Вольга Грыб: Сьледзтва па факце выкраданьня Паўла было спынена. Не падобна на тое, што беларускі бок сапраўды хвалюе той факт, што на яго тэрыторыі зьнікаюць грамадзяне іншых краінаў.

Расейская дзяўчына Тацьцяна, дзеля сустрэчы зь якой Павал Грыб паехаў у Беларусь, у апошнія месяцы на кантакт зь яго сям’ёй не выходзіла. Родныя не выключаюць, што расейскія сьледчыя таксама выкарыстоўваюць пачуцьці Паўла для аказаньня ціску на хлопца. Раней у сеціве зьяўляліся лісты, якія Павал Грыб пісаў да дзяўчыны.

Псыхалягічны стан хлопца яго адвакатка ацэньвае як падаўлены. «Калі мы бачыліся апошні раз, Павал сказаў: «Няхай мама не прыяжджае». Ён асьцерагаецца за бясьпеку сваіх блізкіх», – зазначыла Марына Дубровіна.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт