Logo Polskiego Radia
Print

Каталікі ў Польшчы й па ўсім сьвеце адзначаюць Дзень мігранта

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 14.01.2018 19:21
У дзесятках касьцёлаў па ўсёй Польшчы прайшлі малітвы «за бежанцаў і выгнаньнікаў».
pixabay.com/Public Domain/CC0

У другую нядзелю пасьля сьвята Богаяўленьня Каталіцкі касьцёл адзначае Сусьветны дзень мігрантаў і ўцекачоў. У гэтым годзе ён прыпадае на 14 студеня. У гэты дзень вернікі моляцца за ўсіх, хто пакінуў свае дамы й жыве за мяжой.

«Кожны замежнік, які грукаецца да нашых дзьвярэй, дае нам нагоду сустрэцца з Хрыстом, які ў кожную эпоху ўвасабляецца ў іншаземца – прынятага альбо адрынутага намі», – напісаў у сваім пасланьні Папа Рымскі Францішак. Яго тэкст носіць загаловак «Прымаць, ахоўваць, інтэграваць мігрантаў і ўцекачоў».

У дзесятках касьцёлаў па ўсёй Польшчы 14 студзеня прайшлі малітвы «за бежанцаў і выгнаньнікаў». У горадзе Інаўроцлаў літургію вёў галава Каталіцкага касьцёлу Польшчы арцыбіскуп Войцех Поляк (Wojciech Polak).

Прэс-сакратар Канфэрэнцыі польскага эпіскапату Веслаў Ляховіч (Wiesław Lechowicz) выказаў пажаданьне, каб у сваіх малітвах вернікі ўзгадалі палякаў у эміграцыі, а таксама «тых, хто прыехалі да нашай краіны з-за ўсходняй мяжы, ды мігрантаў і бежанцаў па ўсім сьвеце, асабліва ахвяраў канфліктаў на Блізкім Усходзе».

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт