Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ера Польшчы запрасілі на перамовы ў Брусэль

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.01.2018 16:05
Пасьля правядзеньня перастановак ва ўрадзе Матэвуш Маравецкі намагаецца палепшыць стасункі з Эўразьвязам.
PAP/Tomasz Gzell

Брусэль намераны весьці дыялёг з новым польскім урадам – заявіў у аўторак прэс-сакратар Эўрапейскай камісіі Маргарыціс Схінас (Margaritis Schinas). Адразу пасьля прадстаўленьня новага складу Рады міністраў, прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі вылецеў у Брусэль, каб сустрэцца з кіраўніком Эўрапейскай камісіі Жанам-Клодам Юнкерам і яго намесьнікам Франсам Цімэрмансам.

«Той факт, што прэм’ер Маравецкі прыняў нашае запрашэньне і прыляціць на сустрэчу – гэта добры знак. Гэта першая са шматлікіх сустрэчаў, якія мы будзем праводзіць», – пракамэнтаваў візыт прэс-сакратар Эўракамісіі. Маргарыціс Схінас падкрэсьліў, што Брусэль жадае знайсьці выхад з цяперашняга крызысу ў адносінах паміж Польшчай і Эўразьвязам.

Галоўнай праблемай у адносінах застаецца рэформа судовай сыстэмы. Эўрапейскія ўстановы перакананыя, што новыя законы аб Вярхоўным судзе й судовым самакіраваньні, прынятыя ў Польшчы, павялічваюць уплыў дзяржаўных уладаў на суды. Польскі ўрад у сваю чаргу заяўляе, што жадае рабіць судовую сыстэму больш эфэктыўнай.

Непасрэдна перад сустрэчай з кіраўніком Эўрапейскай камісіі прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі прадставіў грамадзянам новы склад ураду. Ён правёў перастаноўкі на 9 міністэрскіх пазыцыях. У прыватнасьці, былі прызначаныя новы міністар замежных справаў і новы міністар абароны.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт