Logo Polskiego Radia
Print

«У нас цяпер ёсьць свая Сьцяна Плачу й свой Шагал»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.12.2017 13:29
  • У нас цяпер ёсьць свая Сьцяна Плачу й свой Шагал.mp3
Запрашаем на экскурсію па новай сынагозе «Шацёр Давіда» – першай, якая адчынілася ў Віцебску за 100 гадоў.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Камяні, прывезеныя з Ерусаліма й копіі вітражоў Марка Шагала могуць убачыць наведвальнікі новай сынагогі «Шацёр Давіда» ў Віцебску. Гэта першая сынагога, пабудаваная ў горадзе за больш як 100 гадоў. Храм, адкрыты ў старым габрэйскім квартале ў кастрычніку, ужо заваяваў папулярнасьць у турыстаў. Экскурсію па новай сынагозе праводзіць яе наглядчык Маісей Саламонавіч Саломенскі. Ён раскажа нашым слухачам пра гісторыю віцебскіх габрэяў, распавядзе пра цікавыя дэталі новай сынагогі, а таксама пра сьвята Хануку, якое габрэі ўсяго сьвету адзначаюць напрыканцы году.

Маісей Саламонавіч, мы знаходзімся ў сынагозе, якая пабудаваная ў Віцебску ўпершыню за 100 гадоў. Чаму была прынятае рашэньне пабудаваць гэты храм?

/

Маісей Саломенскі: Да рэвалюцыі большую частку насельніцтва Віцебска складалі габрэі. Так было ва ўсіх гарадах, якія знаходзіліся ў межах «рысы аселасьці», усталяванай расейскімі ўладамі. У Віцебску, паводле розных крыніцаў, знаходзілася ад 63 да 74 сынгогаў і малельных дамоў. Аднак пасьля прыхода да ўлады камуністаў духоўнае жыцьцё ў горадзе было зьнішчана. Разбурэньне давершылі нацысты. Пасьля вайны ў горадзе засталася ўсяго адна харальная сынагога на вуліцы Калініна. Як вернікі не прасілі вярнуць яе, савецкая ўлада яе не аддала.

У 1990-я гады, калі савецкая ўлада сышла ў нябыт, габрэі адрамантавалі адзін з прыватных дамоў і пачалі маліцца там. Аднак хутка аказалася, што гэтае памяшканьне занадта малое. Таму на агульным сходзе было прынятае рашэньне пабудаваць сынагогу. На месцы цяперашняй сынагогі быў прыватны дом. Яго выкупілі й паспрабавалі адрэстаўраваць, але з гэтай задумкі нічога добрага ня выйшла. Таму дом зьнесьлі, а на яго месцы ў квартале, дзе некалі жыла мноства габрэяў, упершыню за 100 гадоў была пабудаваная сынагога. Паглядзець яе могуць усе жадаючыя – незалежна ад канфэсіі, а габрэі нарэшце могуць тут чытаць малітвы, выконваць запаветы, праводзіць сьвяты – што мы зь вялікай радасьцю й робім.

Зімовы
Зімовы Віцебск


Хто быў аўтарам праекту, архітэктарам? Хто дапамагаў будаваць гэтую сынагогу?

Маісей Саломенскі: Сынагогу будавалі на сродкі, сабраныя ўсёй габрэйскай грамадой. Нехта даваў больш, нехта менш, але сродкі давалі ўсе. Зразумела, асноўную ролю адыгралі больш заможныя сябры нашай суполкі. Фінансавую дапамогу аказалі і габрэі зь Нямеччыны, Ізраіля, Злучаных Штатаў, якія паходзяць зь Віцебска.

Сынагога пабудаваная паводле праекту архітэктара Аляксея Федарыстава. Гэта сучасны будынак, але пабудаваны ён паводле ўсіх рэлігійных канонаў. Першым турыстам, які наведаў сынагогу, быў бразілец – з горада Сан-Паўлу. А ўвогуле за два месяцы я правёў больш за 60 экскурсіяў.

У
У цэнтры сынагогі знаходзіцца біма - спэцыяльнае ўзвышэньне, адкуль чытаюць Тору, а ва ўсходняй сьцяне сынагогі знаходзіцца арон кодэш - ніша, дзе Тора захоўваецца.


Вы казалі, што ў сынагозе ёсьць прынамсі два вельмі характэрытысчныя элемэнты. Першы – гэта камяні, які сымбалізуюць Сьцяну Плачу, а другі – гэта копіі вітражоў Марка Шагала. Ці маглі б вы расказаць пра іх падрабязьней?

Маісей Саломенскі: Адна з галоўных сьвятыняў габрэяў – гэта Сьцяна Плачу ў Ерусаліме. Гэта адзінае, што засталося ад Храма Саламона. Датыкаючыся да сьцяны, мы зьвяртаем свае погляды ў бок Усявышняга. Мы просім адзінага Бога аб міры, дабрабыце, здароўі. А вось гэтыя камяні былі прывезеныя адным з нашых мэцэнатаў з Ерусаліму. Цар Ірад, які пабудаваў Другі Храм, сваім указам загадаў, каб усе культавыя пабудовы былі ўпрыгожаныя ерусалімскім каменем. Яго загад выконваецца да сёньняшняга дня. Усе будынкі ў Ерусаліме ўпрыгожаныя вось гэтым сьветлым каменем. А дзякуючы нашым мэцэнатам, мы ў Віцебску можам дакрануцца да нашай Сьцяны Плачу й паразмаўляць з Усявышнім.

/


А раскажыце, калі ласка, як былі прывезеныя сюды вітражы Шагала.

Маісей Саломенскі: Шагал – гэта сымбаль Віцебска. Ён нарадзіўся ў нашым горадзе, але калі б ён тут застаўся тут, то баюся, што ён патрапіў бы ў жорны сталінскай рэпрэсіўнай машыны. Яго жонка Бэла, відавочна, прадбачыла, што будзе тут пасьля прыходу бальшавікоў, і ўгаварыла яго эміграваць. Шагал вельмі добра ведаў Біблію. У 1962-1964 гадах, працуючы разам са сваім францускім сябрам Шарлем Маркам над сынагогай у шпіталі Хадаса ў Ізраілі, ён стварыў 12 вітражоў. Яны паказваюць 12 кален ізраілевых – радоў, зь якіх пайшоў габрэйскі народ. Каб атрымаць копіі, нашыя архітэктары паехалі да ўнучкі Марка Шагала і папрасілі ў яе дазволу. Цяпер многія прыходзяць у нашую сынагогу, каб паглядзець на копіі гэтых вітражоў. Як бачыце, яны даволі арганічна ўпісаліся.

Копіі
Копіі вітражоў Марка Шагала ў віцебскай сынагозе "Шацёр Давіда".


Як вы лічыце, габрэйскае культурнае й рэлігійнае жыцьцё ў Віцебску ў апошнія гады адраджаецца, становіцца больш заўважальным?

Маісей Саломенскі: Так, рэлігійнае жыцьцё адраджаецца. Цяпер, пасьля адкрыцьця гэтай сынагогі, я спадзяюся, адраджэньне пойдзе хутчэйшымі тэмпамі. Нядаўна ў нас прайшло вялікае сьвята Ханука. У перакладзе назва сьвята азначае «аднаўленьне». Мы ўшаноўваем перамогу паўстаньня, якое паднялі Макавеі – невялікая сям’я сьвятароў – супраць грэка-сірыйскай арміі. Нягледзячы на няроўныя сілы, яны перамаглі з дапамогай Усявышняга. У разрабаваным Храме яны знайшлі толькі адну не апаганеную бутэлечку з алеем. Ён павінны быў гарэць у сьвяцільніку толькі адзін дзень, але бутэлечка гарэла роўна восем дзён, што дазволіла вырабіць новы алей, каб працягнуць храмавую службу. Мы вельмі ўрачыста адзначылі гэтае сьвята, было шмат людзей, падцягнулася моладзь. Таму я спадзяюся, што з Божай дапамогай духоўнае жыцьцё ў горадзе адновіцца.

Ці маглі б вы выказаць пажаданьне нашым слухачам пасьля сьвята Ханукі, напярэдадні хрысьціянскага Раства й Новага году?

Маісей Саломенскі: Напярэдадні Новага году й Раства я хацеў бы пажадаць людзям у Беларусі, Польшчы й іншых краінах міра, дабра й спакою ў іх дамах і ў іх душах. Таксама я жадаю любові адзін да аднаго і да Ўсявышняга. Калі мы будзем любіць Бога й адносіцца адзін да аднаго з цярплівасьцю, то мы ўсе будзем жыць у міры. Ня будзе ні войнаў, ні кровапраліцьця. Незалежна ад нацыянальнасьцяў, я жадаю, каб ва ўсіх усё было добра!

/


Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт