«Гэта час, калі мы хочам праяўляць міласэрнасьць» (ВІДЭА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
24.12.2017 15:39
Анджэй Дуда й Агата Корнхаўзэр-Дуда павіншавалі палякаў з надыходзячымі Калядамі.
www.prezydent.pl
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда разам з жонкай Агатай Корнхаўзэр-Дудай павіншавалі палякаў з Калядамі. Віншавальны відэаролік быў апублікаваны на сайце прэзыдэнта.
Кіраўнік краіны адрасаваў свае пажаданьні палякам, якія пражываюць у Польшчы й за мяжой. Ён пажадаў суайчыньнікам сямейнай атмасфэры за калядным сталом.
У сваю чаргу жонка прэзыдэнта падкрэсьліла, што неабходна памятаць пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. «Гэта час, калі мы хочам праяўляць міласэрнасьць. Хай гэтае пачуцьцё аб'яднае ўсіх людзей, якія жадаюць дабра», – сказала першая лэдзі.
У сваім віншаваньні кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў новым годзе палякі будуць адзначаць 100-гадовую гадавіну незалежнасьці Польшчы.
З Ражджаством палякаў павіншаваў таксама прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Сёньня, 24 сьнежня, хрысьціяне заходніх і частка ўсходніх абрадаў адзначаюць Вігілію Божага Нараджэньня. Пасьля зьмярканьня ў сямейным коле пачнуцца сьвяточныя вячэры. Паводле традыцыі, калядная вячэра пачынаецца пасьля зьяўленьня на небе першай зоркі, якая сымбалізуе Бэтлеемскую (Калядную) зорку.
вс