Logo Polskiego Radia
Print

Год бязьвізу, «недармаедаў», патрыётаў і жорсткай эканоміі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.12.2017 08:12
  • Год бязьвізу, «недармаедаў», патрыётаў і жорсткай эканоміі.mp3
Падзеі, якія зьмянілі краіну ў 2017 годзе, узгадваюць Аляксандар Папко й Рыгор Астапеня.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Пратэсты «недармаедаў», адкрыцьцё Беларусі для замежных турыстаў, «Справа патрыётаў» і дэкрэт аб спрашчэньні ўмоваў вядзеньня бізнэсу. Чым запомніцца год 2017-ы ў эканоміцы, грамадзкай сфэры, унутранай і зьнешняй палітыцы? Вынікі году ў «Палітычным люстэрку» падводзяць Аляксандар Папко й кіраўнік Цэнтру новых ідэяў палітоляг Рыгор Астапеня.

Беларуская эканоміка стала больш рацыянальнай – але не багатай

У 2017 годзе Нацбанк перастаў друкаваць грошы для падтрымкі стратных прадпрыемстваў, у выніку чаго інфляцыя была самай нізкай за ўсе часы незалежнасьці Беларусі. Цэны вырасьлі толькі на 5%. У лістападзе быў падпісаны Дэкрэт №7, які спрасьціў рэгістрацыю малых фірмаў. Акрамя таго, былі скарочаныя памеры штрафаў для прадпрыемстваў. Аднак пры гэтым на 3 мільярды даляраў вырасла зьнешняя запазычанасьць, заробкі засталіся на вельмі нізкім узроўні, а ўрад працягвалі пакідаць прыхільнікі рэформаў. Усьлед за дарадчыкам Лукашэнкі Кірылам Рудым з пасады кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па інвэстыцыях і прыватызацыі сышла Натальля Нікандрава. Ці стала за год беларуская эканоміка больш рынкавай, больш рацыянальнай? Ці ёсьць надзея на рост?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што нашая эканоміка сапраўды становіцца на шлях рынкавасьці й рацыянальнасьці. Але, відавочна, праблема ў тым, што ў гэтым станаўленьні занадта шмат выбоінаў, напрыклад, у выглядзе «дэкрэту аб дармаедах». Я думаю, так адбываецца таму, што дзеяньні ўладаў вынікаюць не з інтэлектуальнага асэнсаваньня перавагі рынку над сацыялізмам, а проста з таго, што рынкавыя ідэі тут і цяпер не прывядуць да крызысу, да якга прывяла ранейшая палітыка ўладаў. Нацбанк перастаў друкаваць грошы, бо страх перад новым крызысам вельмі моцны. Дэкрэт №7 выйшаў, бо трэба было зрабіць нешта, каб разьняволіць грамадзтва. З ростам жа ўсё больш-менш відавочна: усе міжнародныя арганізацыі называюць лічбы каля 2%. Гэта стан, калі мы не памрэм, але й жыць асабліва не пачнем.

Грамадзтва стала больш парывістым

2017 год нечакана для многіх стаў годам гучных пратэстаў і пасьпяховых грамадзкіх кампаніяў. У лютым і сакавіку па ўсёй краіне прайшлі мітынгі супраць «дэкрэту аб дармаедах». Людзі выходзілі на вуліцы нават у малых гарадах, дзе пратэстаў не было за ўвесь пэрыяд незалежнасьці Беларусі. У выніку дэкрэт быў замарожаны. У сакавіку грамадзкія актывісты пасьпяхова абаранілі ад забудовы мэмарыял Курапаты. У кастрычніку абурэньне грамадзтва выклікала забойства ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча. У выніку ўлады замянілі ўвесь камандны склад сумнавядомай вучэбкі. Чаму дзяржава пачала прыслухоўвацца да грамадзтва? Грамадзтва стала мацнейшым? Ці ў будучыні кіраўніцтва краіны будзе больш прыслухоўвацца да настрояў грамадзянаў?

Рыгор Астапеня: Па-першае, мы не ведаем, наколькі пасьпяховымі былі б пратэсты, калі б не дыялёг уладаў з Захадам. Рэжым сёньня не адважваецца выкарыстаць увесь свой набор рэпрэсіяў, бо ў Брусэлі не зразумеюць. Таму ён вымушаны знайсьці нейкую сярэдзіну паміж звычкамі і патрэбамі. Па-другое, грамадзтва сапраўды становіцца мацнейшым, прынамсі больш парывістым. Усе гэтыя пратэсты аб’ядноўвае тое, што яны пачыналіся хутка. Мне падаецца, што акурат гэта стала прычынай таго, што ўлады сталі больш прыслухоўвацца да грамадзтва. Яны асьцерагаюцца, што гэтая імклівасьць можа выліцца ў нешта больш сур’ёзнае.

Улады паказалі, што ўсё яшчэ здольныя на масавыя рэпрэсіі

Вясна й лета адзначыліся палітычнымі рэпрэсіямі, якіх Беларусь ня бачыла са сьнежня 2010 году. У разгар сацыяльных пратэстаў і перамоваў з Крамлём па газе КДБ Беларусі арыштавала 35 чалавек, абвінаваціўшы іх у «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», а таксама ў стварэньні «незаконнага ўзброенага фармаваньня». Пад прэс патрапілі актывісты «Маладога фронту», інструктары дзіцячага вайскова-спартовага лягеру «Патрыёт», а таксама іх знаёмыя й сябры. У жніўні пад сьледзтвам апынулася кіраўніцтва прафсаюзу РЭП. Напрыканцы лістапада Сьледчы камітэт спыніў «Справу патрыётаў» за адсутнасьцю складу злачынства. «Справа прафсаюзаў» цягнецца надалей. Якія высновы належыць зрабіць з гэтых працэсаў?

Рыгор Астапеня: Думаю, на прыкладзе ўсіх гэтых справаў відавочна, што ўладам хочацца рэпрэсіяў, але занадта колецца. Бо калі паглядзець на дзеяньні ўладаў за апошнія гады, то відавочна, што яны навучыліся граць разумней. Тут і пропускі незалежных людзей у парлямэнт ці на тэлебачаньне, і стварэньне прыхільнай экспэрцкай супольнасьці. Але калі пачынаюцца хоць нейкія пратэсты, то ўключаецца рэжым рэпрэсіяў і ніякія разумнейшыя мэханізмы не працуюць. Але давесьці справу да канца – то бок, пасадзіць людзей, моцы ўжо не стае. У прынцыпе, можа для ўладаў гэта й не такі благі варыянт – яны не хаваюць сваёй натуры перад грамадзтвам, але й яе цалкам не раскрываюць.

Беларуская замежная палітыка стала больш «дывэрсіфікаванай»

У лютым Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для замежнікаў, якія прыбываюць праз аэрапорт Менска. Міністар замежных справаў неаднаразова заяўляў, што Беларусь гатовая падпісаць з Эўразьвязам базавую дамову аб супрацоўніцтве. Пацяпленьне адносінаў з Захадам выклікала нэрвовую рэакцыю Масквы. У лютым Расея аднавіла памежную зону ў рэгіёнах, якія прылягаюць да Беларусі. Аднак ужо ў красавіку беларускія ўлады падпісалі з Расеяй дамовы аб пастаўках газу й нафты, паклаўшы крэс «энэргетычнай вайне», якая доўжылася амаль год. У верасьні ў Беларусі прайшлі вучэньні «Захад-2017», пасьля якіх, насуперак асьцярогам публіцыстаў і некаторых аналітыкаў, расейскія войскі не акупавалі Беларусь, а пакінулі яе тэрыторыю. Ці за год Беларусь стала больш самастойнай і паважанай краінай? У чым заключаюцца асноўныя дасягненьні дыпляматыі, і ў чым – яе асноўныя правалы?

Рыгор Астапеня: Дачыненьні з ЭЗ – гэта, безумоўна, галоўнае дасягненьне беларускай дыпляматыі. Запрашэньне Лукашэнкі на саміт у Брусэль і спакойнае стаўленьне Захаду да рэпрэсіяў у Беларусі паказвае, што зьмены стасункаў доўгатэрміновыя. На гэта, безумоўна паўплывала шмат чыньнікаў, апроч беларускай дыпляматыі. Аднак цяжка сабе ўявіць, каб дачыненьні з Захадам маглі зайсьці так далёка, калі б не беларускі МЗС. Правал – гэта дачыненьні з Расеяй, бо відавочна, што яны цяпер досыць халодныя. Але тут наўрад ці можна казаць пра праблему дыпляматыі, бо стасункі з Расеяй – гэта накірунак, за які Міністэрства замежных спраў адказвае ў найменшай ступені. У любым разе, гэта быў добры год для беларускай дыпляматыі – замежная палітыка стала больш збалянсаванай ці дывэрсіфікаванай, як у нас любяць казаць.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт