Logo Polskiego Radia
Print

Напружаная сытуацыя ў Палестынскай аўтаноміі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2017 10:51
Адзін чалавек загінуў, 217 атрымалі раненьні ў выніку масавых пратэстаў.
Foto: MOHAMMED SABER Dostawca: PAP/EPA.

Адзін памерлы ды 217 параненых – такі балянс сутыкненьняў на палестынскіх тэрыторыях. У гарадах на Заходнім беразе тысячы людзей выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць нядаўняга рашэньня Дональда Трампа. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраіля. Палестынцы пратэстуюць, таму што яны лічаць горад сталіцай сваёй будучай дзяржавы.

Пятніца стала другім з трох «Дзён гневу», абвешчаных Палестынскай аўтаноміяй. У Рамале, Віфлееме, Хэўроне, Наблусе ды іншых гарадах на Заходнім беразе тысячы людзей выйшлі на вуліцы. Палестынцы палілі шыны і закідвалі паліцэйскіх і салдат бутэлькамі з запальнай сумесьсю і камянямі. У адказ на гэта ізраільскія ўлады накіравалі на вуліцах Ерусаліма і гарадоў Заходняга берага тысячы салдат і паліцэйскіх. Паліцыя выкарыстоўвала вадамёты й гумовыя кулі.

У Ерусаліме сілы бясьпекі арыштавалі дзесяткі палестынцаў і выштурхнулі пратэстоўцаў з цэнтра горада. У Сэктары Газа, недалёка ад мяжы з Ізраілем, палестынцы напалі на ваенны пост, жаўнеры адкрылі агонь у адказ. У выніку ад ран загінуў 30-гадовы жыхар Газы.

Таксама Ізраіль абвясьціў пра перахоп ракет, выпушчаных з Сэктара Газа. Палестынцы выпусьцілі некалькі ракет у бок Ізраіля, але толькі адна даляцела да цэлі і нікога не параніла.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт