Logo Polskiego Radia
Print

«Палітыка Крамля ў стасунку да Менска незваротна зьмянілася»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.12.2017 17:31
  • Палітыка Крамля ў стасунку да Менска незваротна зьмянілася.mp3
У лепшыя гады Беларусь мела каля $ 10 млрд «нафтагазавых субсыдыяў», а цяпер гэтая сума ў тры разы меншая – экспэрт.
pixabay.com/Public Domain/CC0

На мінулым тыдні беларускія ўлады спынілі «справу патрыётаў», анансавалі новую праграму па адраджэньні вёскі й перагледзелі свае погляды на крыніцы беларускай дзяржаўнасьці. А ў той жа час Крэмль даў зразумець, што не задаволены занадта слабай ляяльнасьцю Менска. Якія вынікі належыць зрабіць з самай гучнай палітычнай справы гэтага году? Якіх паводзінаў ад Менска чакае Масква, і як на яе патрабаваньні адкажуць беларускія ўлады? Гэтыя ды іншыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й кіраўнік Цэнтру новых ідэяў Рыгор Астапеня.

Менск цэніць дыялёг з Захадам

30 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што спыніў «справу патрыётаў» за адсутнасьцю складу злачынства. Якія галоўныя высновы належыць зрабіць з гэтай гучнай дзяржаўнай фальсыфікацыі? Ці такі жа канец чакае справу, заведзеную супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў?

Рыгор Астапеня: Тут ёсьць тры высновы. Па-першае, улады ўсё ж шануюць дыялёг з Захадам і ўсьведамляюць, што той ня можа на ўсе рэпрэсіі ў Беларусі казаць «Божая раса». А «справа патрыётаў» паставіла б пад сумнеў жыцьцяздольнасьць дыялёгу. Па-другое, гэтая справа зьявілася ў той момант, калі трэба было збіць хвалю пратэстаў. Гэта атрымалася, і сэнсу ствараць новых палітвязьняў больш няма. Па-трэцяе, справа была занадта ідыятычная, кажучы прама, і з такой справай нават улады не хацелі б ісьці ў суд. Справа незалежных прафсаюзаў крыху адрозьніваецца, але яе лёс, я думаю, будзе такім жа.

«Крэмль мае мацнейшыя інструмэнты ціску, чым крыкі на тэлебачаньні»

Беларусь «цягне з Расеі грошы» – у тым ліку й шляхам шантажу, становіцца ненадзейным саюзьнікам, і «у выпадку чаго» не падтрымае Маскву, якая паглыбляе супрацьстаяньне з Захадам. Пра гэта 28 лістапада заявілі вядучыя палітычнага ток-шоў «Место встречи» на расейскім тэлеканале НТВ. Беларуская газэта «СБ-Беларусь сегодня» адгукнулася на расейскую перадачу карыкатурай, а тэлеканал АНТ паказаў сваё ток-шоў, дзе востра раскрытыкаваў вядучых і гасьцей расейскай праграмы. Крамлёўскія СМІ ня першы раз абвінавачваюць Лукашэнку ў тым, што ён не жадае выконваць сваіх саюзьніцкіх абавязкаў бясплатна, і ў тым, што вядзе закулісныя гульні з Украінай і Эўразьвязам. Ці сьведчаць такія перадачы, што палітыка Крамля да Менска зьменіцца?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што статус-кво захаваецца. Расея будзе аказваць падтрымку на тым узроўні, што і цяпер. Але гэта значна менш, чым некалькі гадоў таму. То бок, у лепшыя гады Беларусь мела каля $ 10 млрд «нафтагазавых субсыдыяў», але цяпер гэтая сума ў тры разы меншая. Гэта значыць, што зьмена ў палітыцы Крамля ўжо адбылася. А такія перадачы, як нядаўна паказаная на НТВ, могуць мець розныя прычыны. Напрыклад, гэта псыхалягічны ціск падчас правядзеньня нейкіх перамоваў ці проста жаданьне трымаць саюзьніка ў тонусе. Але ў любым разе ня варта іх пераацэньваць. Калі б Крэмль сапраўды хацеў зрабіць беларускім уладам балюча, то выкарыстаў бы эканамічныя інструмэнты, якіх у яго багата, і якія былі б куды больш эфэктыўныя, чым крыкі на тэлебачаньні.

Без рэформаў выміраньня беларускай вёскі не спыніць

У кожнай вобласьці Беларусі зьявяцца «вёскі будучыні» – заявіў 30 лістапада беларускі віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Па словах Русага, яны будуць выглядаць «як Копысь» – радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Што хаваецца за гэтай фармулёўкай? Ці зможа гэты праект зрабіць тое, чаго не зрабілі аграгарадкі – спыніць скарачэньне насельніцтва ў беларускай вёсцы?

Рыгор Астапеня: Насамрэч, ня можа не задзіўляць з якой настойлівасьцю ўлады Беларусі бяруцца за рэгіянальныя праекты. У гэтым годзе мы бачылі, як ужо браліся за Воршу й Барысаў – цяпер дайшла чарга да вёсак. І ўсё гэта, па вялікім рахунку – паўтарэньне таго, што дагэтуль было. Гэта значыць штучная падтрымка без правядзеньня рэформаў. Гэта не спрацавала раней, калі фінансавых рэсурсаў было куды больш, таму няма прычынаў чакаць, што падобная палітыка падзейнічае цяпер.

Новыя ідэалёгія беларускай дзяржавы: і бальшавікі, і БНР

Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 года прадэманстраваў каштоўнасьці, значныя да гэтага дня. Пра гэта напісаў Аляксандар Лукашэнка ў пасланьні ўдзельнікам канфэрэнцыі «Падзеі 1917 года ў гістарычных лёсах Беларусі», якая прайшла 1 сьнежня. Сярод агучаных 100 гадоў таму каштоўнасьцяў кіраўнік краіны пералічыў жаданьне беларусаў мець уласную дзяржаву, яе сацыяльны характар, а таксама адукацыю. Ці азначае заява Лукашэнкі, што ў Беларусі нарэшце зьявіцца ўнівэрсытэт зь беларускай мовай выкладаньня? Чаму ў звароце ўзгадваецца Першы ўсебеларускі зьезд, але не ўзгадваюцца бальшавікі, які гэты зьезд разагналі?

Рыгор Астапеня: Шчыра кажучы, унівэрсытэт з беларускай мовай выкладаньня выглядае занадта радыкальным крокам для ўладаў. Хутчэй бы я спадзяваўся, што яны не будуць празьмерна замінаць існым адукацыйным ініцыятывам, якія акурат хацелі б стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт. А адсутнасьць згадак пра бальшавікоў, як тых, хто разагнаў Першы ўсебеларускі зьезд, досыць лягічна паказвае, што робяць улады ў гістарычнай палітыцы. Яны яе, безумоўна, зьмяняюць, але яны ня хочуць ісьці шляхам адмаўленьня савецкасьці на карысьць нацыянальнага. Яны проста пашыраюць дыскурс, каб і савецкае, і нацыянальнае былі побач. Каб усе бакі былі нібыта пры сваім, былі ляяльныя ў адносінах да сёньняшняй Беларусі, якая, маўляў, шануе ўсё і ўсіх.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт