Крымінальны перасьлед фігурантаў «справы патрыётаў» спынены з-за адсутнасьці складу злачынства, а матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта ў чацьвер на прэс-канфэрэнцыі ў Магілёве заявіў кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. Спыненьне гучнай справы аб стварэньні «незаконнага ўзброенага фармаваньня» стала нечаканасьцю нават для аналітыкаў. Чаму беларускія ўлады вырашылі зачыніць справу? Ці за «справай патрыётаў» будзе зачынены іншы гучны працэс – «справа прафсаюзаў»? Па камэнтар мы зьвярнуліся да беларускіх праваабаронцаў і палітолягаў.
Крымінальны перасьлед у адносінах да фігурантаў «справы патрыётаў» і папярэдняе расьсьледаваньне «спыненыя па прычыне адсутнасьці ў дзеяньні складу злачынства», – цытуе заяву Сьледчага камітэту партал TUT.BY.
Сьледчыя прыйшлі да высновы, што дзеяньні абвінавачаных «фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэньня незаконнага ўзброенага фармаваньня», аднак «не былі накіраваныя на гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага строю альбо тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы».
Нагадаем, 21 сакавіка ў разгар масавых сацыяльных пратэстаў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што КДБ выявіў «групу ўзброеных баевікоў», якая нібыта трэніравалася ў лягерах ва Ўкраіне, Летуве й Польшчы. Па словах Лукашэнкі, яны рыхтавалі «ўзброеную правакацыю» на адной з пратэстных акцыяў.
Пасьля гэтай заявы па краіне пракацілася хваля арыштаў. Па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў былі затрыманыя 35 чалавек. 20 зь іх пазьней дадаткова абвінавацілі ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Пад рэпрэсіі патрапілі пераважна былыя сябры даўно неіснуючай арганізацыі «Белы легіён», інструктары вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт», які больш за 10 гадоў легальна дзейнічаў у Бабруйску, а таксама дзеячы «Маладога фронту», якія на пачатку гэтага году абаранялі ад забудовы мэмарыял Курапаты.
Напрыканцы чэрвеня ўсіх фігурантаў справы выпусьцілі з СІЗА, а вось цяпер Сьледчы камітэт заявіў, што ніякіх баевікоў не было. Неўзабаве пракуратура спыніць справу, і да суду яна не дойдзе – мяркуюць камэнтатары.
Кадр з відэасюжэту афіцыйнага інфармагенцтва БЕЛТА пра "арсэнал" "баявікоў".
Беларускія ўлады фактычна прызналі, што «справа патрыётаў» была сфабрыкаваная – заяўляе палітоляг Валер Карбалевіч.
Валер Карбалевіч: У гэтай сытуацыі ва ўладаў не было добрага выйсьця. Калі зрабіць суд публічным, то ўсім прысутным журналістам стане ясна, што справа прыцягнутая за вушы. Калі зрабіць суд закрытым – то ўзьнікнуць падазрэньні, чаму так зрабілі. Дагэтуль у дзяржаўных СМІ з падрабязнасьцямі расказалі пра «баевікоў» і нібыта знойдзеную ў іх зброю. А цяпер, ціха зарыўшы справу, улады фактычна прызналі, што яны яе сфабрыкавалі. Яны выбралі выйсьце, якое, на іх думку, зьвязана з мінімальнымі іміджавымі стратамі.
Беларускія ўлады заводзілі крымінальныя справы па «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» і «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», каб зьбіць хвалю сацыяльных пратэстаў. Пасьля таго, як «пратэсты недармаедаў» скончыліся, патрэбы трымаць за кратамі людзей ужо не было. Акрамя таго, вызваліць фігурантаў справы было патрэбна, каб наладзіць адносіны з Захадам – лічыць старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
На думку Алеся Бяляцкага, спыненьню справы паспрыяла менавіта тое, што за ёй пільна сачылі праваабаронцы й заходнія дыпляматы.
Алесь Бяляцкі: Асноўная прычына спыненьня справы – гэта, канешне ж, слабая доказная база «злачынстваў». Другая прычына – у тым, што беларускія праваабаронцы й прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі заявілі, што яны будуць уважліва назіраць за судовым працэсам.
Крымінальны перасьлед фігурантаў «справы патрыётаў» спынены. Аднак наступствы гэтай справы засталіся. Па-першае, улады пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну. Яна абараняла аднаго зь фігурантаў справы – Міраслава Лазоўскага. Яшчэ 7 адвакатаў былі адпраўленыя на пераатэстацыю.
Па-другое, некалькі месяцаў людзі беспадстаўна правялі за кратамі. Фігуранты справы маюць усе падставы патрабаваць кампэнсацыі, і праваабаронцы гатовыя ім у гэтым дапамагчы – кажа Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі: Людзі адсядзелі ў турмах некалькі месяцаў. За гэты час у некаторых зь іх скончыліся працоўныя кантракты. Некага выгналі з працы. У некаторых узьніклі праблемы з вучобай. Канешне ж, яны маюць права патрабаваць кампэнсацыі за страты, якія яны панесьлі за гэты час.
Памяшканьне прафсаюзу РЭП пасьля ператрусу 2 жніўня 2017 года. Фота: Радыё "Свабода".
Зь веснавымі сацыяльнымі пратэстамі палітолягі зьвязваюць і іншую крымінальную справу, заведзеную ў жніўні гэтага году. Гэта справа супраць Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, які аказваў прававую дапамогу пацярпелым ад сумнавядомага Дэкрэту №3. Абвінавачанымі ў рамках яе зьяўляюцца кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бугальтар арганізацыі Ігар Комлік.
Ціхае спыненьне «справы патрыётаў» дае падставы спадзявацца на такое ж закрыцьцё «справы прафсаюзаў» – мяркуе Валер Карбалевіч. «Калі справа супраць кіраўнікоў прафсаюзу РЭП і дойдзе да суду, то прысуд будзе такім, які пакіне гэтых людзей на свабодзе», – прадказвае палітоляг.
Аляксандар Папко