Ваенна-марскія сілы Польшчы адзначылі 99-ю гадавіну (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
28.11.2017 18:22
ВМС Польшчы былі створаныя 28 лістапада 1918 году на моцы дэкрэту кіраўніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага.
У Польшчы адзначылі 99-ю гадавіну з дня стварэньня Ваенна-марскіх сіл. Цэнтральныя ўрачыстасьці прайшлі ў Гдыні – галоўнай базе ВМС Польшчы, – з удзелам міністра абароны Польшчы Антоні Мацярэвіча, прадстаўнікоў камандаваньня Вайска Польскага й Ваенна-марскіх сіл.
Падчас адзначэньня адбыўся ўрачысты прыём на службу карабля ORP Kormoran – тральшчыка-шукальніка мін.
Kormoran – гэта цягам 16-і апошніх гадоў першы новы карабель, які паступіць на ўзбраеньне ВМС Польшчы, і другі пасьля грамадзка-палітычных перамен канца 1980, пачатку 1990 гадоў.
Ваенна-марскія сілы Польшчы былі створаныя 28 лістапада 1918 году на моцы дэкрэту кіраўніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага – праз 17 дзён пасьля абвяшчэньня краінай незалежнасьці, 11 лістапада 1918 году.
Сёньня ВМС Польшчы – гэта 40 баявых караблёў і больш за 40 самалётаў і верталётаў. Галоўнымі сіламі ВМС зьяўляюцца два ракетныя фрэгаты, адзін карвэт, пяць дызэль-электрычных падводных лодак, тры малыя ракетныя караблі, пяць транспартных адзінак, каля 20 тральшчыкаў, а таксама ратавальныя караблі ды адзінкі забесьпячэньня. Часьці ВМС Польшчы дыслакуюцца ў базах у Гдыні й Сьвінавуйсьці, а таксама ў ваенных партах у Хэлі й Калобжэгу.
вс
фота: PAP/Adama Warżawa
Капітан карабля ORP Kormoran камандор-падпаручнік Міхал Дзюган аддае гонар сьцягу
ORP Kormoran
Капітан карабля ORP Kormoran камандор-падпаручнік (капітан трэцяга рангу) Міхал Дзюган на капітанскім мосьціку
Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч (справа, у грамадзянскай вопратцы)
У ВМС Польшчы службу нясуць таксама жанчыны
Матросы вітаюць міністра