Logo Polskiego Radia
Print

Макей: Дамову аб візавай лібэралізацыі падпішам да наступнага саміту

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.11.2017 19:14
  • Макей Дамову аб візавай лібэралізацыі падпішам да наступнага саміту.mp3
Саміт Ўсходняга партнэрства, які завяршыўся ў Брусэлі, не прынёс прарываў у адносінах Беларусь-ЭЗ, але правальным дакладна ня стаў.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

У Брусэлі завяршыўся саміт Усходняга партнэрства. Кіраўнікі 28 краінаў Эўразьвязу і 6 краінаў Усходняй Эўропы зацьвердзілі прыярытэты супрацы на бліжэйшыя тры гады. Прарыўным саміт не стаў, але дзяржавы Эўразьвязу пацьвердзілі, што Ўсходняя Эўропа зьяўляецца для іх выключна важным рэгіёнам. Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей заявіў, што да наступнага саміту ў 2019 годзе Менск і Брусэль падпішуць важныя дакумэнты аб супрацоўніцтве. Пра тое, зь якімі мэтамі на сустрэчу прыехалі Ангелела Мэркель, Тэрэза Мэй, а таксама кіраўнік беларускай дыпляматыі, з Брусэля распавядае Аляксандар Папко.

Саміт Усходняга партнэрства сабраў у Брусэлі прэзыдэнтаў, прэм’ераў і міністраў замежных справаў краінаў Эўрапейскага зьвязу і 6 дзяржаваў Усходняй Эўропы: Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Ўкраіны. Асноўнай навіной саміту стала заключэньне Армэніяй новай дамовы аб паглыбленым супрацоўніцтве з Эўразьвязам.

Галоўнай жа мэтай сустрэчы было зацьвердзіць прыярытэты супрацоўніцтва паміж ЭЗ і краінамі-партнэрамі на бліжэйшыя 3 гады. Сярод гэтых прыярытэтаў – паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату, пашырэньне ўзаемнага гандлю, рэфармаваньне дзяржаўнага кіраваньня, візавая лібэралізацыя, супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі, а таксама разьвіцьцё транспарту, у тым ліку праз будаўніцтва чыгунак, аўтадарог і стварэньне агульнай авіяпрасторы.

Канцер
Канцер Нямеччыны Ангела Мэркель

Таксама прыярытэтам Усходняга партнэрства зьяўляецца вырашэньне ваенных канфліктаў у рэгіёне. Аднак па просьбе Беларусі з выніковай дэклярацыі былі выключаныя згадкі пра Расею як крыніцу гэтых канфліктаў. Дэклярацыя зьяўляецца кампраміснай – заявіў на прэс-канфэрэнцыі Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.

Дональд Туск: Сёньня мы падпісалі супольную дэклярацыю. Як заўсёды, яна зьяўляецца вынікам кампрамісу. Мне хацелася б, каб дэклярацыя была больш амбітнай. Але мы ўсе вырашылі, што дэманстрацыя адзінства – гэта наш самая галоўная мэта.

Насуперак чуткам пра «адсутнасьць цікавасьці» заходніх палітыкаў да Ўсходняга партнэрства, на сустрэчу прыехалі ключавыя лідары Эўразьвязу. Сярод удзельнікаў былі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй і прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп.

Калі Ангела Мэркель прыехала на саміт, каб размаўляць пра стабілізацыю, эканамічнае разьвіцьцё й дэмакратызацыю ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, то прэм’ер Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што яе цікавіць перш за ўсё пытаньне бясьпекі.

Прэм'ер
Прэм'ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй (злева)

Тэрэза Мэй: Мэта саміту – абмеркаваць, як мы можам супрацьстаяць выклікам нашай бясьпецы і разьвіцьцю. Мы павінныя пільна сачыць за дзейнасьцю непрыязных дзяржаваў, такіх як Расея, якія ствараюць пагрозу для росту, стараюцца разьбіць сілу нашага адзінства. І я чакаю, што эўрапейскія краіны пацьвердзяць гатоўнасьць супрацьстаяць гэтым пагрозам. Аб’яднанае Каралеўства гатовае па-ранейшаму адыгрываць ключавую ролю ў бясьпецы Эўропы. Магчыма, мы пакідаем Эўрапейскі зьвяз, але мы не пакідаем Эўропы.

Францускі прэм’ер Эдуар Філіп стараўся пераканаць, што для яго краіны Ўсходняя Эўропа ня менш важная, чым краіны міжземнаморскага басэйну.

Прэм'ер-міністар
Прэм'ер-міністар Францыі Эдуар Філіп

Эдуар Філіп: Францыя актыўна ўдзельнічае ва Ўсходнім партнэрстве. Мая прысутнасьць тут – гэта знак таго, што мы хочам працягваць гэты актыўны ўдзел: дапамагаць краінам рэгіёну ў эканамічным разьвіцьці, дапамагаць ім змагацца з карупцыяй, праводзіць адміністрацыйныя рэформы. Ва ўсіх гэтых галінах ёсьць прагрэс, і мы хочам надалей дапамагаць нашым усходнім партнэрам.

Улады Эўрапейскага зьвязу чакалі, што ў Брусэль прыедзе Аляксандар Лукашэнка. Аднак замест яго Беларусь прадстаўляў міністар замежных спрваў Уладзімер Макей.

Камэнтатары ў Беларусі ды Эўразьвязе называюць дзьве прычыны паніжэньня рангу прадстаўніцтва. Па-першае, беларускія ўлады не змаглі арганізаваць неафіцыйных перамоваў зь лідарамі ключавых заходніх краінаў. Па-другое, вялікіх посьпехаў у перамовах з ЭЗ Менск прадэманстраваць ня можа. Нават «Прыярытэтаў партнэрства» – праграмы супрацы на бліжэйшыя гады – да саміту падрыхтаваць не ўдалося.

Прэм'ер
Прэм'ер Польшчы Бэата Шыдла (у цэнтры) і міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі (справа)

Але сказаць, што адносіны з Эўропай знаходзяцца ў тупіку, будзе няпраўдай. У апошнія два гады ўлады Беларусі пачалі перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму й заключылі пагадненьне па супрацьдзеяньні нелегальнай міграцыі. Менск далучыўся да эўрапейскіх праграмаў па павышэньні энэргаэфэктыўнасьці, а таксама да праграмаў навуковых абменаў.

Сёньня прыярытэтнымі тэмамі ў перамовах паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам зьяўляюцца рэформы дзяржаўнага кіраваньня, міграцыя, гандаль, разьвіцьцё транспартнай інфраструктуры, а таксама ядзерная бясьпека.

Аднак галоўная тэма перамоваў паміж Брусэлем і Менскам – гэта заключэньне базавай дамовы аб супрацоўніцтве. Некаторыя аналітыкі заяўляюць, што Эўразьвяз не жадае падпісваць дамовы па палітычных прычынах. Ад Менска патрабуюць палітычных рэформаў – напрыклад, дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Аднак Уладзімер Макей на саміце захоўваў аптымізм, і абяцаў што пагадненьне аб супрацоўніцтве, як і пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму, «абавязкова падпішуць».

Ён выказаў спадзяваньне, што дамова аб спрашчэньні візавага рэжыму будзе гатовая праз 2 гады – да наступнага саміту Ўсходняга партнэрства.

/

Уладзімер Макей: Калі казаць пра базавае пагадненьне і дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму, то хачу падкрэсьліць: мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтае пагадненьне было падпісанае як мага хутчэй. Ёсьць гатоўнасьць размаўляць на гэтую тэму. Палітыка вельмі цяжка паддаецца прагнозам, але мы лічым, што ў наступным годзе мы можам пачаць працу над распрацоўкай гэтага пагадненьня. Наконт візаў – там засталося зусім мала тэхнічных момантаў і, напэўна, адзін ці два моманты палітычныя. Мы можам пераадолець гэтыя цяжкасьці й выйсьці на заключэньне гэтага пагадненьня.

Ўладзімер Макей заявіў, што «Прыярытэты партнэрства» паміж Беларусьсю й Эўразьвязам будуць зацьверджаныя вельмі хутка. Дзякуючы супрацоўніцтву з Эўразьвязам, Беларусь зможа рэалізаваць праекты па разьвіцьці транспартных шляхоў, памежнай інфраструктуры, ахове навакольнага асяродзьдзя, а таксама дапамагчы разьвіцьцю памежных рэгіёнаў. На рэалізацыю гэтых мэтаў у бліжэйшыя два гады Эўразьвяз гатовы выдзеліць 136 мільёнаў эўра.

Аляксандар Папко, Брусэль

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт