Беларусь «раней ці пазьней», але абавязкова заключыць базавую дамову аб супрацоўніцтве з Эўрапейскім зьвязам і падпіша пагадненьне па спрашчэньні візавага рэжыму. Адбыцца гэта можа ў даволі блізкай пэрспэктыве. Пра гэта ў Бруселі на саміце Ўсходняга партнэрства заявў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.
На пытаньне Польскага радыё, што перашкаджае заключэньню пагадненьня аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам, Уладзімер Макей адказаў наступнае:
Ўладзімер Макей: Нічога не перашкаджае. Я думаю, што мы абавязкова яго падпішам. Трэба рухацца паступова, трэба рабіць крокі, якія кожны з бакоў павінен зрабіць. Разуменьне таго, што неабходна заключыць гэтае парадненьне, ёсьць.
Прыярытэтнымі накірункамі ў перамовах паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам зьяўляюцца рэформы дзяржаўнага кіраваньня, міграцыя, гандаль, разьвіцьцё транспартнай інфраструктуры а таксама ядзерная бясьпека. Кіраўнік беларускай дыпляматыі пракамэнтаваў, як краіны Эўрапейскага зьвязу глядзяць на будову АЭС у Астраўцы.
Ўладзімер Макей: Глядзяць па-рознаму, але мы супрацоўнічаем з Эўрапейскім зьвязам і мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Больш за тое, мы маглі не праводзіць стрэс-тэсты, правядзеньня якіх патрабавала Эўрапейская камісія. Аднак мы правялі іх – таму, што самі так вырашылі. І цяпер мы працуем над аналізам вынікаў гэтых стрэс-тэстаў.
Саміт Усходняга партнэрства, які праводзіцца кожныя 2 гады, сабраў у Брусэлі прэзыдэнтаў, прэм’ераў і міністраў замежных справаў краінаў Эўрапейскага зьвязу і 6 дзяржаваў Усходняй Эўропы: Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Ўкраіны. Галоўная мэта сустрэчы – зацьвердзіць прыярытэты супрацоўніцтва на бліжэйшыя 3 гады.
У сустрэчы, сярод іншых, удзельнічаюць канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп, прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла. Беларусь на саміце прадстаўляе міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
Аляксандар Папко, Брусэль