СМІ: ФСБ цягам некалькіх месяцаў вяла опэрраспрацоўку польскай спэцслужбы
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
23.11.2017 15:15
ФСБ вяла апэратыўную распрацоўку ў дачыненьні да супрацоўнікаў польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі на тэрыторыі Польшчы.
pixabay.com/Public Domain CC0
ФСБ на працягу некалькіх месяцаў вяла апэратыўную распрацоўку ў дачыненьні да супрацоўнікаў Агенцтва ўнутранай бясьпекі (АУБ) Польшчы. Расейскія спэцслужбы легальна прыбылі ў краіну па запрашэньні польскай контрразьведкі. Нагодай паслужыла барацьба з злачыннымі групамі. Пра гэта паведамляюць нашы калегі з Расейскай службы Польскага радыё са спасылкай на дзяржаўны інфармацыйны тэлеканал TVP Info.
Афіцыйна службы расьсьледавалі дзейнасьць злачыннай групы, якая дзейнічала ў Польшчы й Калінінградзкай вобласьці. «Пад выглядам супрацоўніцтва ФСБ раскрывала польскіх афіцэраў контрразьведкі, высьвятляла, як працуюць аддзелы Агенцтва па барацьбе з пагрозай з боку Расеі, і празь некалькі месяцаў пакінула Польшчу безь якіх-небудзь перашкод», – інфармуе TVP Info.
Паведамляецца, што новы кіраўнік контрразьведкі Пётр Паганоўскі ў чэрвені 2016 года даў даручэньне дырэктару Дэпартамэнту бясьпекі й аўдыту высьветліць гэтае пытаньне.
Паводле дадзеных TVP Info, рашэньне аб супрацоўніцтве паміж АУБ і ФСБ было прынятае пасьля сустрэчы прадстаўнікоў дзьвюх службаў, якая адбылася ў Калінінградзкай вобласьці 29-31 мая 2012 году. Пасьля гэтага штаб-кватэра польскай контрразьведкі накіравала распараджэньне ў Ольштынскае ўпраўленьне наладзіць супрацоўніцтва з ФСБ.
«Па просьбе расейцаў, афіцэры контрразьведкі з Ольштына пачалі апэратыўныя дзеяньні ў дачыненьні да згаданых асобаў. Як запэўнівала ФСБ, яны належалі да злачыннай групы, якая дзейнічала ў Калінінградзкай вобласьці й Польшчы. Аднак, крыніца сьцьвярджае, што супрацоўніцтва службаў было фіктыўным, і злачынная група не існавала», – гаворыцца ў матэрыяле TVP Info.
Акрамя таго, з дакумэнтаў вынікае, што расейцы пад выглядам супрацоўніцтва вывучалі дзейнасьць АУБ, галоўным чынам упраўленьня ў Ольштыне, мэтай якога зьяўляецца менавіта дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў. Паводле дадзеных выданьня, аднаму з супрацоўнікаў ФСБ, які павінен быў быць кансультантам, было дазволена праводзіць апэратыўную дзейнасьць у Польшчы.
вс