У Польшчы пройдуць вучэньні з удзелам 3 тысячаў жаўнераў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
18.11.2017 12:55
Вайскоўцы з Польшчы й ЗША будуць трэніравацца змагацца з пагрозамі, характэрнымі для «гібрыдных» канфліктаў.
Фота: Міністэрства абароны Польшчыwww.mon.gov.pl
Абаронныя вучэньні з удзелам 3 тысячаў вайскоўцаў пачнуцца ў панядзелак у Польшчы. У штогадовых манэўрах 11 Любускай мэханізаванай дывізіі (11 Lubuskiej Dywizji Kawalerii Pancernej) прымуць удзел ваеннаслужачыя амэрыканскай 2 Бронетанкавай брыгадна-тактычнай групы (ABCT), якая разьмешчана ў мястэчку Жагань за захадзе Польшчы.
Падчас вучэньняў будуць выкарыстоўвацца каля 600 адзінак тэхнікі – у тым ліку бронетранпарцёры Rosomak, танкі Leopard 2A5, і самаходныя гаўбіцы Dana. Амэрыканцы будуць выкарыстоўваць танкі M-1 Abrams і баявыя машыны пяхоты M-2 Bradley.
Тактычныя вучэньні «Барсук-17» пройдуць з 20 да 29 лістапада. Падчас іх вайскоўцы з Польшчы і ЗША будуць трэніравацца змагацца як з традыцыйнымі ваеннымі пагрозамі, так і з пагрозамі, характэрнымі для «гібрыдных» канфліктаў.
Згодна са сцэнарам вучэньняў, адна з суседзкіх краінаў патрабуе ад Польшчы даць доступ да энэрганосьбітаў, а затым спрабуе дэстабілізаваць палітычную сытуацыю і дэзарганізаваць працу мясцовай адміністрацыі з мэтай заняцьця спрэчнай тэрыторыі.
IAR/ап