Logo Polskiego Radia
Print

Аргентына згубіла кантакт з падлодкай з 44 маракамі на борце

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.11.2017 11:34
Пошукавая апэрацыя пачалася ў Паўднёвай Атлянтыцы.
ARA San JuanARA San Juanwikimedia commons/ Martin Otero (Naval Base Mar del Plata)/CC BY 2.5

Аргентынскія ваенна-марскія сілы паведамілі, што яны згубілі кантакт з падводнай лодкай з 44 чалавекамі на борце. Дызельная падводная лодка Сан Хуан (ARA San Juan) не выходзіць на сувязь з серады.

Аргентынскія ўлады пачалі пошукавую апэрацыю. Пошукам перашкаджае шторм, які бушуе ў Атлянтыцы. У сераду, калі падводная лодка выслала апошні сыгнал, яна знаходзілася ў 432 кілямэтрах ад узьбярэжжа Патагоніі.

Аргентынскія ВМС сьцьвярджаюць, што падводная лодка мела праблемы з радыёсувязьзю, якія маглі быць выкліканыя аварыяй электраабсталяваньня. Згодна з вайсковымі інструкцыямі, пры страце сувязі субмарына павінна ўсплыць і рухацца па паверхні акіяну. Аргентынскія ваенныя маракі спадзяюцца, што падлодка знаходзіцца на паверхні, і яе можна будзе хутка знайсьці.

У пошуках удзельнічае самалёт C-130 Hercules аргентынскіх узброеных сілаў, а таксама дасьледчы самалёт P-3 Амэрыканскага аэракасьмічнага агенцтва. Сваю дапамогу ў пошуках падлодкі Аргентыне запрапанавалі Бразылія, Уругвай, Чылі, Пэру, Вялікабрытанія й Паўднёваафрыканская рэспубліка.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт