Адзін з самых вядомых украінскіх гуртоў – «Бумбокс» – прадстаўляе за мяжой свой новы альбом «Голы кароль». Саліст гурту Андрэй Хлыўнюк тлумачыць, што значыць гэтая назва, расказвае, чым яму падабаецца беларуская публіка, як ён адносіцца да эмігрантаў і чаму ён ужо тры гады не праводзіць гастроляў у Расеі. На канцэрце ў Варшаве з лідарам гурту «Бумбокс» размаўляў Аляксандар Папко.
Спадар Андрэй, вы назвалі свой новы альбом «Голы кароль», у ім заходзіцца песьня з такой жа назвай. Чаму вы выбралі такую назву для дыску? Хто ён – герой гэтай песьні?
Андрэй Хлыўнюк: Гэта вы, і я, гэта мы ўсе. Гэта чалавек як від. Гэта нашыя палітыкі. Нашыя грамадзкія дзеячы, рок-зоркі – насамрэч голыя каралі. Гаворка ідзе не пра слабасьць ці сілу чалавека. Я меў на ўвазе, што людзі шукаюць сабе нейкага мэсію, караля, ідала, мацнейшага й разумнейшага за іх, які возьме на сябе адказнасьць. Галоўнае пасланьне альбому – браць адказнасьць на сябе. Калі мы ўжо пачалі гаварыць на гэтую тэму, то каралі, людзі які кіруюць іншымі, на мой погляд, ужо адыходзяць да гісторыі. Цяпер грамадзтва само павінна кіраваць сабой, і кожны грамадзянін павінен узяць на сябе адказнасьць за тое, што ён робіць, не абвінавачваючы іншых у сваіх праблемах. Трэба працаваць над сабой і ў сваім доме. Гэта наш галоўны мэсэдж.
Цяпер вы прадстаўляеце свой альбом у замежным туры. На канцэрты да вас прыходзяць у асноўным маладыя эмігранты з Украіны, Беларусі, Расеі. Дарэчы, адна з вашых найбольш вядомых песень «Квити в волоссі» (Кветкі ў валасах) – пра іх. Як вы ставіцеся да таго, што тысячы людзей у апошнія дзесяцігодзьдзі пакінулі свае родныя краіны і працягваюць пакідаць? Хто для вас эмігранты: ахвяры лёсу, героі, здраднікі?
Андрэй Хлыўнюк: Я не лічу сябе больш значным за іншых, каб ацэньваць кагосьці ці зьвяртацца з вышэйшай пазыцыі. Нават з пазыцыі славы – я ў яе ня веру. Я лічу, што слава – гэта ўяўная рэч. Скажу так: чалавек шукае месца, дзе яму лепш. Я быў у вельмі розных краінах, і магу сказаць, што пачуцьцё шчасьця й камфорту залежыць ад вас, ад вашага характару, ад вашай здольнасьці асымілявацца, жыць у сьвеце. Не думайце, што жыцьцё за мяжой лягчэйшае ці цяжэйшае за жыцьцё дома. Жыцьцёвыя абставіны могуць быць вельмі рознымі – незалежна ад грамадзтва, у якім вы апынуліся.
Я сустракаўся зь некалькімі тыпамі згуртаваных эмігрантаў. І асабіста мне больш падабаюцца тыя, хто пачалі асымілявацца. Зразумела, вашая культура застанецца ў вас, нічога этнічнага вы з сябе не выкінеце, нават калі захочаце. Але асымілявацца варта, іначай вы закансэрвуйцеся тых гадах, калі вы выехалі за мяжу, і рэаліях той краіны, якую вы пакінулі. А сьвет ідзе далей – ён разьвіваецца. Час ад часу я сустракаюся з людзьмі, якія засталіся ў тых гадах, у якіх яны пакінулі альбо колішні Савецкі Саюз, альбо Ўкраіну 90-х гадоў. Але ці магу я даваць ім парады? Не! Я хутчэй бы запытаў парады ў іх. Бо яны маюць досьвед жыцьця ў іншай сытуацыі, а я – не.
Ці адрозьніваецца тое, як успрымае вас публіка за мяжой, ад таго, як публіка рэагуе на вас ва Ўкраіне? Цяпер вы часта гастралюеце ў Беларусі. Якія ў вас адносіны да беларускай публікі?
Андрэй Хлыўнюк: Зь беларускай публікай мяне зьвязваюць вельмі цёплыя стасункі, якія цягнуцца гадамі. У Беларусі ў мяне адбываюцца фантастычныя канцэрты з-за энэргетыкі слухачоў і гледачоў. Дзякую, што вы мяне запрашаеце ў госьці й спадзяюся, што я вяду сябе, як госьць. Звычайна, за мяжой публіка прыходзіць каб узяць энэргію, а не аддаць. У краінах постсавецкай прасторы шмат энэргіі, напрыклад, аддаюць беларусы. У большасьці жа замежных краінаў слухач і глядач успрымае цябе як магчымасьць падзарадзіцца самому. Але гэта ня дрэнна. Калі я маю энэргію, каб аддаваць (а я яе маю) – то чаму не?
Тры гады таму расейскія ўлады забаранілі вам выступаць у Расеі. Ці хацелі б вы даваць канцэрты ў Расейскай Фэдэрацыі й пры якіх умовах? Што б вы хацелі сказаць расейскай публіцы?
Андрэй Хлыўнюк: Не забаранілі, а прапанавалі забараніць. Гэта розныя рэчы. Афіцыйнай забароны не было. Аднак канцэртаў у Расеі я сапраўды не раблю. Расейскай публіцы я б хацеў сказаць адно: калі вас не зачапіла зараза імпэрыялізму і вы ня верыце ў прапаганду з тэлебачаньня – то я сумую па вас, я жадаю вам шчасьця і здароўя! Будзьце шчасьлівыя! Калі-небудзь, я спадзяюся, мы пабачымся. А на першую частку вашага пытаньня я адказваю апошнія тры гады. Адказ можна лёгка знайсьці ў Інтэрнэце.
Кажуць, што адна з вашых вядомых песень «Наодинці» (У адзіноце) прысьвечаная Алегу Сянцову – украінскаму рэжысёру з Крыму, якога расейскія ўлады пасадзілі ў турму па сфальсыфікаваных абвінавачаньнях. Ці праўда гэта?
Андрэй Хлыўнюк: Так, выкананьне гэтай песьні – гэта мая бестэрміновая акцыя. Людзі атрымалі жахлівыя 10-20 гадовыя прысуды. Гэта акцыя ня толькі мая, але й многіх іншых артыстаў. Яе мэта – дабіцца звальненьня Алега Сянцова, а таксама іншых людзей, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. І гэтую акцыю праводжу ня толькі я. Мяне падтрымліваюць шмат людзей па ўсім сьвеце – у тым ліку Беларускі свабодны тэатар, акторы Джоні Дэп і Джуд Лоў. Я веру й спадзяюся ў вызваленьне Сянцова, таму што ён – мой знаёмы праз адзін поціск рукі. Гэта чалавек, які блізкі мне поглядамі. Я веру, што праўда пераможа.
Мы жывем у часы, калі сьвет вельмі хутка і драматычна зьмяняецца. Ані палітыкі, ані навукоўцы ня могуць праказаць, што здарыцца ў нашым рэгіёне заўтра. Мне часта падаецца, што музыканты адчуваюць дух часу. Скажыце, калі ласка, паводле вашых адчуваньняў як артыста, куды коціцца наш рэгіён? Што з намі будзе ў бліжэйшыя гады?
Андрэй Хлыўнюк: Калі б я ведаў, то, паверце, сабраў бы нашмат большую прэс-канфэрэнцыю. Зразумела, ёсьць адчуваньне, што ўсё коціцца ў тар-трары, але гэта нармальная зьява для пачатку новага стагодзьдзя. Магчыма, кожнае стагодзьдзе вы, толькі ў іншым целе, задаеце гэтае пытаньне мне, таксама ў іншым целе. Мы будзем жыць. Усё будзе нармальна. Памятаеце тую фразу з фільма «В бой идут одни старики»? – «Будзем жыць!»
Размаўляў Аляксандар Папко