Беларускі часопіс «Имена» сьмела можна назваць знакавым грамадзкім праектам. Гэтае анлайн-выданьне ня толькі піша пра сацыяльныя праблемы, але й дазваляе кожнаму чытачу ахвяраваць грошы на іх вырашэньне. За крыху больш як год з пачатку сваёй дзейнасьці часопіс ды яго чытачы дапамаглі 5 тысячам людзей. Пра тое, як працуе дабрачыннае выданьне, і якая дапамога патрэбная тым, хто дапамагае іншым, Аляксандру Папко расказвае галоўны рэдактар часопісу «Имена» Кацярына Сінюк.
Спадарыня Кацярына, раскажыце, калі ласка, як у вас узьнікла ідэя стварыць часопіс «Имена» – першы сацыяльны праект такога кшталту ў Беларусі.
Кацярына Сінюк: Я больш за 10 гадоў працавала журналісткай, пісала на вострасацыяльныя тэмы. Часта здараецца, што беларускія журналісты год за годам пішуць пра адны й тыя ж праблемы, аднак ад гэтага нічога не зьмяняецца. Таму нарадзілася ідэя стварыць «Имена». Яны пачыналіся як часопіс з гісторыямі пра тое, як жывуць людзі, пра іх праблемы. Пад артыкуламі мы разьмясьцілі кнопку «Дапамагчы». Націснуўшы на яе, кожны чытач можа пералічыць грошы ў падтрымку грамадзкай арганізацыі, якая вырашае тую ці іншую праблему. Наш часопіс дапамагае людзям даведацца, якія грамадзкія арганізацыі сапраўды эфэктыўныя, падтрымаць тыя арганізацыі, якія вырашаюць сацыяльныя праблемы сыстэмна й прафэсійна. Наш часопіс, за аднаго боку, дае тэхнічную магчымасьць зрабіць ахвяраваньне, а з другога – дае маральнае задавальненьне ад таго, што чалавек ня проста выказаў сваё абурэньне з прычыны нейкай сацыяльнай праблемы, а сам дапамог вырашыць яе.
Хіба што самай вядомай гісторыяй, якую вы расказалі, была аповесьць пра пацыентаў менскага інтэрнату для дзяцей-інвалідаў, якім патрэбнае было спэцыяльнае харчаваньне. Вам, фактычна, удалося ўратаваць жыцьцё прыкаваным да ложка інвалідам, якія паміралі без адпаведнай ежы. А якія яшчэ гісторыі вы маглі б пералічыць?
Кацярына Сінюк: Нам удалося выкрыць праблему, пра якую ўвогуле ніхто не пісаў. Гэта праблема маленькіх дзяцей-сіротаў, якія трапляюць у дзіцячыя бальніцы. Калі са звычайнымі дзецьмі ў шпіталях заўсёды знаходзяцца мамы, то побач з дзецьмі-сацыяльнымі сіротамі, якіх забралі з сем’яў, нікога няма. Мы ўпершыню паказалі, як гэтыя маленькія дзеці плачуць у закрытых боксах, як іх плач не чуюць, бо лекары проста ня ў стане надаць ім увагі. Мы пачалі збор сродкаў на тое, каб у гэтых дзяцей зьявіліся нянечкі. Усё пачыналася з аднаго шпіталя. А цяпер мы сабралі грошы на няняў у 15 бальніцах. А хутка няні будуць ужо ў 18 шпіталях.
А хто прыносіць вам такія гісторыі? Вы даведваецеся пра іх ад недзяржаўных арганізацыяў, простых людзей, шукаеце самі?
Кацярына Сінюк: Спачатку я сама шукала сюжэты. Цяпер арганізацыі зьвяртаюцца самі. Сярод іх ёсьць і буйныя – напрыклад, Беларускі Чырвоны Крыж, Дзіцячы хосьпіс, Пошукавы атрад «Анёл». Гэта тыя арганізацыі, якія шукаюць стабільныя крыніцы фінансаваньня ўнутры краіны, каб і працаваць, і разьвівацца. Пакуль нашая сацыяльная сфэра накіраваная толькі на тое, каб падтрымаць чалавека ў бядзе. На жаль, сёньняшняй сацыяльнай дапамогі недастаткова, каб арганізацыі займаліся інавацыямі – напрыклад, раньняй дыягностыкай раку, адукацыйнымі праектамі, кшталту «Настаўніка для Беларусі», які дазваляе адпраўляць у рэгіёны матываваных настаўнікаў з добрай зарплатай. Гэта толькі два прыклады праектаў, у рэалізацыі якіх мы дапамагаем. Мы хочам шукаць найлепшыя практыкі за мяжой, прывозіць іх у Беларусь і знаходзіць фінансаваньне перш за ўсё ў Беларусі.
Часопіс «Имена» фінансуецца самімі падпісчыкамі. Раскажыце, калі ласка, як людзі могуць знайсьці і падтрымаць вас.
Кацярына Сінюк: Апошнія паўтара года мы жылі за конт таго, што людзі пераводзілі нам грошы альбо пасьля нейкага артыкулу. Альбо пасьля нейкай краўдфандынгавай кампаніі. Гэта дазволіла нам пашырыць нашую каманду. Каб нас падтрымаць, можна зрабіць аднаразовы перавод. А можна, як гэта прынята ў Эўропе, адпраўляць нам з кожнай зарплаты любую даступную суму. Можна зайсьці на наш сайт, вельмі лёгка зарэгістравацца, выбраць суму, выбраць разавы альбо штомесячны плацёж і націснуць кнопку «Дапамагчы».
Што стварае больш за ўсё праблемаў для функцыянаваньня вашага часопіса ў Беларусі?
Кацярына Сінюк: Сёньня адзін з самых значных бар’ераў – гэта тое, што грашовы перавод могуць зрабіць толькі беларусы ўнутры Беларусі. Паняцьце краўдфандынгу (грамадзкага збору грошай у Інтэрнэце – А.П.) у нашым заканадаўстве не прапісана. Закону аб дабрачыннасьці таксама няма. Вельмі цяжка, рэалізуючы замежныя плацяжы, выпадкова чагосьці не парушыць. Рэгістраваць у Міністэрстве замежных справаў кожны даляр, які прыходзіць на наш рахунак – немагчыма. Мы напісалі зварот у Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Мы прапанавалі ўнесьці зьмены ў заканадаўства, каб ня стрымліваць дабрачыннай актыўнасьці людзей, якая нас саміх вельмі ўразіла. Трэба даць магчымасьць як беларусам з замежжа, так і замежнікам падтрымліваць дабрачынныя праекты ў Беларусі.
Цяпер «Имена» працуюць над тым, каб матываваць як мага больш людзей рэгулярна пералічваць на дабрачынныя мэты хаця б два-тры рублі з кожнай зарплаты. Нам вельмі прыемна, што шматлікія замежнікі выражаюць жаданьне высылаць нам грошы. Але магчымасьці, атрымаць ад іх дапамогу, на жаль, сёньня не існуе.
На завяршэньне хацеў бы запытацца: як не выпаліцца ад такой цяжкой эмацыйнай працы?
Кацярына Сінюк: Я нядаўна прачытала вельмі добрую фразу: «Выгараньне наступае тады, калі чалавек займаецца не сваёй справай». Калі ты бачыш вынік сваёй працы, калі ты бачыш, што блізкая табе праблема пачынае вырашацца, то гэта вельмі матывуе ісьці далей. Мы сапраўды лічым, што робім важныя рэчы, ы бачым вынікі. Людзі нас падтрымліваюць – і падтрымліваюць усё больш і больш. За два тыдні пастаянна высылаць нам ахвяраваньні пагадзіліся 500 падпісчыкаў. Гэта кажа пра тое, што ў нас ёсьць сьвядомыя беларусы, якія гатовыя падтрымліваць сацыяльна значныя праекты.
Размаўляў Аляксандар Папко