Logo Polskiego Radia
Print

Лабадзенка: Найлепшыя людзі ў Беларусі размаўляюць па-беларуску

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.11.2017 17:56
  • Найлепшыя людзі ў Беларусі размаўляюць па-беларуску.mp3
«Вывучэньне беларускай мовы дазваляе адкрыць зусім іншае кола кантактаў, новы інтэлектуальны сьвет».
Глеб ЛабадзенкаГлеб ЛабадзенкаAliaksandr Papko/radyjo.net

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» сьмела можна назваць культавымі. За чатыры гады яны дапамаглі зрабіць крок да беларускай культуры тром тысячам чалавек. Сёньня курсы дзейнічаюць у 14 беларускіх гарадах. У чым сакрэт папулярнасьці курсаў «Мова Нанова»? Як навучыць беларускай мове гарадзкое дзіця? Як вывучэньне беларускай мовы можа зьмяніць да лепшага жыцьцё чалавека? Пра гэта Аляксандру Папко расказвае адзін з заснавальнікаў курсаў «Мова Нанова» журналіст Глеб Лабадзенка.

Добры дзень, Глеб! Раскажыце, калі ласка, як нарадзіліся курсы «Мова нанова». Чаму вылічыце, што вы злавілі адпаведны момант?

Глеб Лабадзенка: Мы пачыналі курсы з маёй сяброўкай філёлягам Алесяй Літвіноўскай. Спачатку нас запрасілі працаваць на іншыя курсы, але неўзабаве мы разышліся, бо мелі сваё бачаньне таго, як іх трэба рабіць. Усё пачыналася зь Менску, а сёньня курсы працуюць у 14 гарадах. У Менску прайшло ўжо 135 заняткаў. У сярэднім на кожны занятак прыходзіць 150-200 чалавек. Я перакананы, што людзі зацікавіліся беларускай мовай ня проста таму, што ў суседняй Ўкраіне здарылася трагічная сытуацыя. Я думаю, што як падзеі ва Ўкраіне, так і ўнутрыбеларускія фактары справакавалі цікавасьць, якая, я спадзяюся, да нуля ня сыдзе ніколі.

Падчас сваёй прэзэнтацыі, вы казалі што жыхароў Беларусі, паводле стаўленьня да беларускай мовы, можна падзяліць на некалькі групаў: на тых, хто размаўляе па-беларуску; на тых, хто не размаўляе па-беларуску, але шануе беларускую мову і хацеў бы на ёй размаўляць; і на тых, хто лічыць беларускую мову мовай «калгасьнікаў», «апазыцыі» ды ўсялякіх «нехарошых людзей». Скажыце, на каго скіраваныя вашыя курсы? Ці можна пераканаць усіх людзей у важнасьці беларускай мовы?

Глеб Лабадзенка: Усіх – нельга й ня трэба, таму што кожны чалавек мае права мець сваё меркаваньне. Мы бярэм людзей, якія гатовыя ісьці да беларускай мовы. У нас няма псыхолягаў, псыхіятраў і лекараў, каб некага лячыць ад нянавісьці да беларушчыны, але ў нас ёсьць сілы й людзі, каб даць іншым веды ў жывой інтэрактыўнай форме. Нашыя студэнты – гэта людзі, якія й так гатовыя былі зрабіць крок да беларускай мовы. Мы проста даем ім лёгкую і простую інструкцыю да гэтага кроку.

Ці можна на курсах «Мова Нанова» вывучыць беларускую мову з нуля?

Глеб Лабадзенка: Я шчыра перакананы, што ўсе беларусы ведаюць беларускую мову – хтосьці актыўна, хтосьці пасіўна. Сама назва «Мова Нанова» падказвае, што калі вы нешта забыліся, гэта ня значыць, што вы ня зможаце ўспомніць. З нуля на нашых курсах вывучыць мову наўрад ці магчыма. Для гэтага патрэбныя іншыя мэтодыкі – мэтодыкі вывучэньня беларускай мовы як замежнай. Мне ўсё ж-такі ня хочацца думаць, што беларуская мова – замежная для беларусаў. Але падманваць сябе, казаць, што гэта родная мова, а пры гэтым ня ўмець зьвязаць двух словаў – таксама няправільна.

Падчас кожнага перапісу насельніцтва фантастычная колькасьць людзей кажа, што беларуская мова для іх родная. Але ж гэта хлусьня! Ну якая ж яна табе родная, калі ты не заўсёды разумееш па-беларуску, ня можаш гаварыць. Проста скажы: «Гэта мова, на якой гаварылі мае продкі, на якой я сёньня не магу гаварыць, але гэта няправільна, таму я бы хацеў навучыцца!»

Як навучыць беларускай мове дзіця? Такая праблема востра стаіць цяпер. У сёньняшняга пакаленьня маленькіх беларусаў ужо няма бабуляў, якія размаўляюць па-беларуску.

Глеб Лабадзенка: Канешне, хочацца, каб навучаньне беларускай мове было комплексным, каб яе вывучалі ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэту, але трэба пачынаць з сябе. Для дзіцяці найбольш аўтарытэтныя людзі – гэта бацькі. Некаторыя бацькі ня стукнулі палец аб палец дзеля таго, каб дзіця размаўляла па-беларуску, затое думаюць, што ў садку адчыняць беларускамоўную групу, яны прывядуць дзіця туды – і яно стане шчырым беларусам. Так не атрымаецца! Як дзіця будзе гаварыць, калі яно бачыць, што вам гэтая беларуская мова не патрэбная?

Калі такая патрэба ёсьць – то вучыце ці аднаўляйце беларускую мову разам з дзіцём! Яшчэ важна для свайго дзіцяці ствараць беларускамоўнае асяродзьдзе – паказваць яму мульцікі на беларускай мове, песьні, вадзіць у беларускамоўныя гурткі, беларускамоўныя групы ў садку, да сваіх беларускамоўных сяброў ды іх дзяцей. Пры гэтым дзеці будуць бачыць, што ёсьць людзі, якія размаўляюць па беларуску, а ёсьць людзі, якія размаўляюць па-расейску, і гэта абсалютна нармальна.

Ці з курсамі «Мова Нанова» супрацоўнічае бізнэс?

Глеб Лабадзенка: Самы добры прыклад супрацоўніцтва дае армянскі бізнэс. Ёсьць такі сайт дастаўкі ежы Menu.by. Кіраўнік гэтай фірмы Ваган Керабян – армянін. Ён мае падобныя сэрвісы ў Армэніі, у Грузіі. Калі ён адкрываў службу дастаўкі ежы ў Беларусі, то яму падказалі зрабіць беларускую вэрсію сайту. Гэта выбухнула. Пра беларускую службу дастаўкі ежы напісалі ўсе. Такіх службаў да Menu.by у Беларусі было адзінаццаць. Яны сталі дванаццатымі, але за паўгода выйшлі на першае месца. Калі Ваган Керабян рабіў даклад на канфэрэнцыі «Электронная камэрцыя», то адным з галоўных чыньнікаў посьпеху ён назваў беларускую мову.

Для яго сайту мы ўсё рабілі бясплатна, бо нашая служба перакладаў – бясплатная. Аднак пасьля Ваган вырашыў аддзякаваць нам. Мы заключылі дамову аб тым, што кожны месяц яго фірма пералічае пэўную суму на курсы «Мова Нанова». Гэта фантастычная дапамога. Бо ні ад якой іншай фірмы мы ня маем рэгулярных выплатаў.

Акрамя спадара Керабяна, нам дапамагаюць падпісчыкі. Ёсьць больш за 100 чалавек, якія падпісаліся на сайце Talaka.by на падтрымку праекту «Мова Нанова». Гэтыя грошы дазваляюць нам плаціць арэнду, купіць, калі трэба, друкарку, ноўтбук, паперу, каву, гарбату. На гэта ўсё патрэбныя грошы, і гэта заўсёды для нас надзённая праблема.

На заканчэньне размовы скажыце, калі ласка, звычайнаму беларусу, навошта беларуская мова патрэбная.

Глеб Лабадзенка: Беларуская мова – гэта ключ да дзесяці стагодзьдзяў нашай гісторыі. Гэта ключ да фантастычнай культуры сусьветнага ўзроўню. Гэта ключ да вялікай літаратуры, якая стварыла вялікія творы. Беларуская мова адкрывае зусім іншае кола кантактаў, зусім іншы інтэлектуальны сьвет. Калі раней казалі, што беларуская мова – гэта «мова калгасьнікаў, якія прыехалі зь вёскі», то сёньня найлепшыя людзі ў Беларусі размаўляюць па-беларуску. Я шчыра ў гэтым перакананы. І самы просты спосаб да іх далучыцца, стаць у шэраг найлепшых людзей Беларусі – гэта пачаць размаўляць па-беларуску.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт