Стваральнікі дабрачынных ініцыятываў, інтэлектуалы, людзі, якія прасоўваюць беларускую культуру – новае пакаленьне грамадзкіх дзеячаў расказала эўрапейскай публіцы пра тое, як зьмяняецца беларускі трэці сэктар. Удзельнікі канфэрэнцыі Emerging Belarus расказалі ў Варшаве пра самыя арыгінальныя і знакавыя грамадзкія ініцыятывы, якія ў апошнія гады паўплывалі на жыцьцё тысячаў беларусаў. Як выглядае гэтая «Беларусь, якая нараджаецца»? Пра гэта на канфэрэнцыі спрабаваў даведацца Аляксандар Папко.
«На Захадзе да Беларусі крэпка прымацаваўся стэрэатып «апошняй дыктатуры Эўропы». За шэрым фасадам гэтага стэрэатыпу заходняя публіка ня бачыць пераменаў, якія адбываюцца ў беларускім грамадзтве», – заявіла на адкрыцьці канфэрэнцыі Emerging Belarus (Беларусь, якая нараджаецца) старшыня «Прэс-клюбу Беларусь» Юлія Слуцкая.
Пасьля таго, як Расея распаліла ўзброены канфлікт ва Ўкраіне, беларускія ўлады нечакана аслабілі ціск на грамадзянскую супольнасьць. Многія актыўныя беларусы атрымалі шанец рэалізаваць свае ідэі. Пачалі ўзьнікаць фэнамэнальныя праекты ў галіне дабрачыннасьці, сацыяльнага прадпрымальніцтва, адукацыі, культуры.
Разам з эўрадэпуатам Агнешкай Казлоўскай-Раевіч Юлія Слуцкая вырашыла запрасіць у Варшаву лідараў знакавых ініцыятываў, якія за апошнія гады зьмянілі жыцьцё даслоўна тысячаў беларусаў.
Юлія Слуцкая: У нас нарадзілася ідэя паказаць заходняй аўдыторыі маладую, інтэлектуальную, эўрапейскую Беларусь. Выбраць усяго шэсьць арганізацыяў было складана, аднак мы кіраваліся наступнымі крытэрыямі: па-першае, мы выбіралі арганізацыі, якія сапраўды ўплываюць на грамадзтва; па-другое каб арганізацыі ўцягвалі ў супрацоўніцтва як бізнэс, так і ўлады, спрыялі дыялёгу паміж гэтымі супольнасьцямі; а па-трэцяе, каб гэта былі людзі, якія працуюць вельмі сучасна, крэатыўна, нефармальна, вірусна. Мне здаецца, што мы зрабілі слушны адбор. Нам удалося зацікавіць публіку.
Каардынатар грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская расказала, як яе калегі папулярызуюць беларускую мову й культуру праз рэкляму, брэнды вопраткі, музыку, турыстычныя праекты й нават спорт.
Анастасія Вінаградава, арганізатар конкурсу Social Weekend, расказала, як дзейнічае самая буйная ініцыятыва па падтрымцы сацыяльных праектаў у Беларусі. Кожны можа выслаць на Social Weekend ідэю, якая мае адносіны да дабрачыннасьці, адукацыі альбо культуры, і атрымаць грошы на рэалізацыю свайго праекту.
Сьвятлана Кулеш, адна з кіраўнікоў Школы маладых мэнэджэраў дзяржаўнага кіраваньня SYMPA, распавяла, як яе ініцыятыва дапамагае прадпрымальнікам, грамадзкім дзеячам і маладым чыноўнікам пазнаёміцца з найлепшымі практыкамі дзяржаўнага кіраваньня з заходніх краінаў.
Сябра «Лібэральнага клюбу» Мікіта Бяляеў расказаў пра тое, як гэты інтэлектуальны асяродак зьбірае за адным сталом прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу і ўладаў з мэтай сумеснага абмеркаваньня рэформаў.
Прэзэнтацыя грамадзкіх ініцыятываў, якія зьмяняюць Беларусь, не магла абысьціся без культавага праекту «Мова Нанова». За чатыры гады сваёй дзейнасьці «Мова Нанова» дапамагла зрабіць крок да беларускай культуры тром тысячам чалавек. Сёньня курсы дзейнічаюць у 14 гарадах. Удзельнікі ініцыятывы ня толькі вучаць беларускай мове, але й дапамагаюць фірмам беларусізаваць іх сайты й тавары, ствараюць кніжкі для дзяцей, а таксама зьбіраюць мэдыятэку беларускай культуры. Курсы «Мова Нанова» прадставіў іх заснавальнік журналіст Глеб Лабадзенка.
Глеб Лабадзенка: Ўсё пачыналася зь Менска, а сёньня на курсы ходзяць больш за 700 студэнтаў у 14 гарадах. Вельмі прыемна, што гэта ня нейкая аднамомантная мода. У Менску ўжо адбылося 135 заняткаў. У сярэднім на кожны занятак вучыць беларускую мову прыходзіць 150-200 чалавек. У нас ёсьць людзі, гатовыя даць іншым веды ў жывой інтэрактыўнай форме. Нашыя студэнты – гэта людзі, якія і так гатовыя былі зрабіць крок да беларускай культуры. Мы ім даем вельмі лёгкую і простую інструкцыю да гэтага кроку.
Часопіс «Имена» таксама можна назваць знакавым грамадзкім праектам. Анлайн-выданьне ня толькі піша пра вострыя сацыяльныя праблемы, але й дазваляе кожнаму беларусу ахвяраваць грошы на іх вырашэньне.
Чытачы часопісу дапамаглі купіць спэцыяльнае харчаваньне для пацыентаў менскага інтэрнату для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця й тым самым уратавалі ім жыцьцё. Дзякуючы «Именам», удалося сабраць грошы на курсы праграмаваньня для прыкаваных да ложка інвалідаў, а таксама знайсьці сродкі для нянечак, якія даглядаюць за дзецмі-сіротамі ў шпіталях. За крыху больш як год з пачатку дзейнасьці часопісу, яго чытачы сабралі больш за 400 тысячаў рублёў, якія пайшлі на дапамогу 5 тысячам людзей.
«Имена» разьвеялі памылковы стэрэатып пра тое, што дабрачыннасьць у Беларусі непапулярная – кажа рэдактар часопісу Кацярына Сінюк.
Кацярына Сінюк: «Имена» пачыналіся як часопіс з гісторыямі пра праблемы людзей, пра тое, як яны вырашаюцца альбо не вырашаюцца. Пад артыкуламі была кнопка «дапамагчы» – яна ёсьць і цяпер. «Имена» дапамагаюць людзям даведацца, якія грамадзкія арганізацыі эфэктыўна вырашаюць сацыяльныя праблемы. Часопіс дазваляе дапамагаць менавіта тым арганізацыям, якія вырашаюць сацыяльныя праблемы сыстэмна й прафэсійна. Наш часопіс, за аднаго боку, дае тэхнічную магчымасьць зрабіць ахвяраваньне, а з другога – дае маральнае задавальненьне ад таго, што чалавек ня проста выказаў сваё абурэньне з прычыны нейкай сацыяльнай праблемы, але сам дапамог вырашыць яе.
Публіка, сярод якой былі журналісты дыпляматы, дасьледчыкі, успрыняла прэзэнтацыі беларускіх грамадзкіх дзеячаў з энтузіязмам. Дэпутатка Эўрапарлямэнту Агнешка Казлоўска-Раевіч заявіла, што прысутныя змаглі ўбачыць малавядомае эўрапейскае аблічча маладой Беларусі.
Агнешка Казлоўска-Раевіч: Мы ўбачылі вялікую колькасьць цікавых праектаў, створаных маладымі людзьмі, пераважна жанчынамі. Мне асабіста вельмі прыемна, што маладая Беларусь мае жаночае аблічча. Я вельмі ўражаная праектамі, скіраванымі на папулярызацыю беларускай мовы й культуры. Пазытыўна тое, што да беларускай мовы перастаюць прыклейваць палітычныя ярлыкі, яна становіцца папулярнай у рэклямнай сфэры. Культурныя й сацыяльныя праекты, якія мы ўбачылі сёньня, сьведчаць, што Беларусь зьмяняецца. Мы ўбачылі тут Беларусь, пра якую рэдка кажуць – маладую, сучасную, творчую, Беларусь з пачуцьцём гумару.
Эўрадэпутатка спадзяецца, што такія канфэрэнцыі, як Emerging Belarus, дапамогуць грамадзкім актывістам знайсьці партнэраў у Эўрапейскім зьвязе, прыняць удзел у міжнародных праектах.
«Гэта першая канфэрэнцыя, на якой мы не абмяркоўвалі, што робіць Аяксандар Лукашэнка, а абмяркоўвалі, што робяць беларусы», – не без задавальненьня адзначыла кіраўнік «Прэс-клюбу Беларусь» Юлія Слуцкая.
Аптымістычнаму завяршэньню сустрэчы паспрыяў і паказ добра вядомага беларускай аўдыторыі роліку «Будзьма беларусамі!», створанага аднайменнай грамадзкай кампаніяй.
«Нягледзячы на складаную эканамічную сытуацыю, беларусы становяцца больш самастойнымі, ініцыятыўнымі і разьняволенымі. Я спадзяюся, што гэтыя зьмены ўжо незваротныя», – падсумавала Юлія Слуцкая.
Аляксандар Папко