Ціск расейскіх сілавікоў, незаконныя арышты й катаваньні ў апошнія гады прымусілі дзесяткі тысячаў расейскіх мусульманаў эміграваць у Турыю, а тысячы падштурхнулі да радыкалізацыі й выезду на вайну ў Сірыю. Чым выкліканы перасьлед «нетрадыцыйных» мусульманаў у Расеі? Ці дапамагае ён у барацьбе з тэрарызмам? Ці спынілася вайна на Паўночным Каўказе? І чаму іслам у Расеі становіцца палітычнай сілай? Пра гэта Аляксандру Папко расказвае кіраўнік дасьледчага цэнтру RAMCOM антраполяг Дзяніс Сакалоў. Навуковец выступіў у польскай сталіцы па запрашэньні Асацыяцыі за свабодную Расею.
Спадар Дзяніс, падчас дыскусіі вы казалі, што ў шматлікіх рэгіёнах Расеі адбываецца плянамерны перасьлед мусульманаў. У чым ён выражаецца, і чаму ён адбываецца?
Дзяніс Сакалоў: Ну, па-першае, ня ўсіх мусульманаў, а толькі тых, каго называюць нетрадыцыйнымі. У розных рэгіёнах Расеі гэта разумеюць па-рознаму. Фармальнага апісаньня, што такое «правільны» мусульманін, а што такое «няправільны» не існуе. Гэта першая праблема. Другая праблема заключаецца ў тым, што ў Расеі крыміналізавана іншадумства – перакананьні, якія адвольна называюць экстрэмізмам. Гэта дазваляе заканадаўча замацаваць перасьлед мусульманаў, якія адносяць сябе да той ці іншай групы, залічанай дзяржаўнымі ўладамі да экстрэмісцкай: партыі «Хізб ут-Тахрыр», руху «Таблігі джамаат», нурсістаў, саляфіцкіх рухаў і гэтак далей. Гэта дае магчымасьць перасьледаваць ісламскіх вернікаў без неабходнасьці падкідаць ім зброю альбо наркотыкі.
У Варшаве Дзяніс Сакалоў прыняў удзел у дыскусіі "Пуцін і джыхад. Расейскія мусульмане паміж Кадыравым і Ісламскай дзяржавай".
Навошта гэта робіцца? Гэта барацьба з тэрарызмам?
Дзяніс Сакалоў: Гэта барацьба зь іншадумствам. Я ня думаю, што гэта мае дачыненьне да барацьбы з тэрарызмам. Гэта дазваляе спэцслужбам імітаваць бурлівую дзейнасьць, атрымаць фінансаваньне, і гэта бясьпечна. Я ня бачу ў гэтым сэнсу ў пэрспэктыве барацьбы з тэрарызмам. У гэтым ёсьць сэнс з пункту гледжаньня бюракратызацыі рэлігіі, спробаў дзяржаўных уладаў аддаць кантроль над вернікамі ў рукі некаторых рэлігійных супольнасьцяў, кіраваць імі. Аднак гэта неэфэктыўна. Рэлігіяй, ідэямі немагчыма кіраваць. Але на гэтыя граблі наступаюць усе рэжымы, ня толькі расейскі. Як толькі дзяржаўныя ўлады прыходзяць у мячэці – мусульмане зь мячэцяў сыходзяць.
У 2000-я гады шмат гаварылася пра праблему партызанскай вайны ды ісламскага тэрарызму на Паўночным Каўказе. Ці сёньня гэтая праблема вырашаная? Ці стаў Каўказ спакойным рэгіёнам?
Дзяніс Сакалоў: Спакойным рэгіёнам Каўказ ня стаў. Іншая справа, што буйныя палітычная гульцы, якія выкарыстоўвалі паўстанцкі рух у сваіх палітычных мэтах, ужо нэўтралізаваныя. Моцнага партызанскага руху цяпер няма. Аднак насьпяваюць новыя канфлікты: зямельныя, міжэтнічныя, палітычныя. Трэба паглядзець, як сытуацыя будзе разьвівацца.
На Паўночным Каўказе мясцовыя ўлады й сілавікі пагрозамі арыштаў і катаваньняў выштурхнулі велізарную колькасьць мусульманаў у Турцыю, Заходнюю Эўропу, Украіну, а таксама ў Сірыю. Выезд расейскіх мусульманаў у Сірыю – гэта небясьпечны фэномэн? Калі гэтыя людзі вярнуцца, яны прывязуць з сабой вайну?
Дзяніс Сакалоў: Не так многа іх вернецца, таму што большасьць зь іх загінула. Аднак гэта дасьведчаныя людзі, якія могуць далучыцца да ўзброеных канфліктаў, калі тыя пачнуцца. Такіх людзей ня так шмат патрэбна, каб невялікі лякальны канфлікт перарос у грамадзянскую вайну.
Дасьледчыкі расейскіх рэгіёнаў часта агучваюць тэзіс пра тое, што Паўночны Каўказ перастае быць расейскім. Ён ператвараецца ў культурна чужую тэрыторыю, дзе дзейнічаюць не расейскія законы, а рэлігійнае й радавое права. Ці магчыма ізноў інтэграваць Каўказ у прававое поле Расеі?
Дзяніс Сакалоў: Інтэграцыя, у прынцыпе, магчымая. Іншая справа, што яе немагчыма рэалізаваць у рамках той палітычнай сыстэмы, якая цяпер склалася ў Расеі. Не адзін Каўказ зьяўляецца такім «адарваным» рэгіёнам. Сёньня склалася сытуацыя, пры якой кожны расейскі рэгіён кіруецца пры дапамозе сілы й грошай. У гэтым сэнсе кожны рэгіён падобны на Паўночны Каўказ. Зразумела, Дагестан адрозьніваецца ад Рэспублікі Саха-Якуція, але яны ў роўнай ступені выпалі з прававой прасторы, таму што гэтая прававая прастора рассыпалася. Паўночны Каўказ цяжка інтэграваць у расейскую культурную й прававую прастору яшчэ й таму, што для інтэграцыі яго неабходна эканамічна разьвіваць. Эканамічнае разьвіцьцё патрабуе кардынальнай перабудовы структуры мясцовых рынкаў. А на гэта ніхто ня пойдзе: занадта многа людзей, якія прымаюць палітычныя рашэньні, зацікаўленыя ў захаваньні імпартных патокаў і захаваньні манаполіі на вытворчасьць мяса, малака, тавараў лёгкай прамысловасьці. Сёньня на Паўночным Каўказе няма такіх гульцоў, якія былі б у стане зьмяніць гэтую сытуацыю.
Падчас сваёй прэзэнтацыі вы агучылі даволі правакацыйную думку пра тое, што Чачня Рамзана Кадырава – гэта палітычны ісламскі праект, які можа стаць прыкладам для іншых рэгіёнаў Расеі. Ці стане ўвесь Паўночны Каўказ падобны на Чачню пад кіраўніцтвам Кадырава?
Дзяніс Сакалоў: Я казаў пра тое, што Кадыраў зьяўляецца расейскім палітычным праектам, ён стаў лідарам мусульманаў. Чачня – гэта асаблівы рэгіён, які асаблівым чынам кіруецца. Я не думаю, што Чачня можа стаць прыкладам для Дагестану, Кабардзіна-Балкарыі ці нават Інгушэціі. Але ісламскі палітычны праект насьпявае ў Расеі. Ён ужо ёсьць. Так атрымалася, што пакуль яго найбольш яскравым лідарам зьяўляецца Кадыраў. Пратэстны палітычны ісламскі праект у Расеі амаль сасьпеў. Як толькі зьявіцца магчымасьць, ён будзе рэалізаваны. Мусульманаў у Расеі многа, спэцслужбы вядуць супраць іх вялацякучую вайну. Прэсінг і перасьледы – гэта рэальнасьць. Адказ на ўсё гэта практычна непазьбежны.
Маё апошняе пытаньне датычыць Беларусі. Нядаўна адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Рамзана Кадырава. Навошта кіраўнік Чачні прыехаў у Менск з усёй уладнай вярхушкай рэгіёну? Пра што вяліся перамовы: няўжо сапраўды пра зборку ў Чачні беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі?
Дзяніс Сакалоў: У мяне няма інсайдэрскай інфармацыі, таму я пакуль не разумею, што адбылося. Кадыраў, падаецца, дывэрсіфікуе свой імідж. Магчыма, яму падаецца, што яму ўдасца запусьціць эканоміку ў Чачні з дапамогай Беларусі. Але я ня бачу прававых умоваў для разьвіцьця якой бы там ні было эканомікі Чачні – акрамя атрыманьня грошай з дзяржаўнага бюджэту й іх наступнага разьмеркаваньня.
А можа два аўтарытарныя кіраўнікі, якія атрымліваюць грошы з Масквы, спрабуюць разам націснуць на Ўладзімера Пуціна?
Дзяніс Сакалоў: Гэта пройгрышная стратэгія, таму што Кадыраў і Лукашэнка – гэта канкурэнты за грошы Масквы. Магчыма, з гэтым і зьвязаная паездка Кадырава: ён паехаў паглядзець на свайго канкурэнта. Чачня й Беларусь – гэта два фарпосты Расеі, якім увесь час трэба даваць грошы, каб яны не разьбегліся. Аднак пазыцыя Беларусі, у параўнаньні з Чачнёй, слабейшая. Беларусь не зьяўляецца небясьпечнай з пункту гледжаньня тэрарызму.
Размаўляў Аляксандар Папко