На акцыю ў падтрымку адхіленага ўраду выйшлі паўмільёна каталёнцаў
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        22.10.2017 08:48
                    
                                 
                
                
                    Каля 450 тысяч каталёнцаў выйшлі на спантанную дэманстрацыю ў Барсэлёне пасьля рашэньня Мадрыда адхіліць ад пасады прэзыдэнта Каталёніі.
                
                
                    
                        
У адказ на брутальныя дзеяньні гішпанскай паліцыі каталёнцы аб'явілі ўсеагульную забастоўку. PAP/EPA/JUAN CARLOS CARDENAS
                     
                
                
                
               
                
                         Каля 450 тысяч каталёнцаў выйшлі на спантанную дэманстрацыю ў Барсэлёне пасьля рашэньня Мадрыда адхіліць ад пасады прэзыдэнта Каталёніі Карлеса Пучдэмона і ўраду аўтаноміі. Пра гэта паведаміла гарадзкая паліцыя ў сваім Twitter.
21 кастрычніка прэм'ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой ўвёў у дзеяньне артыкул 155 Канстытуцыі Гішпаніі, якая дазваляе ўвесьці часовае прамое кіраваньне аўтаноміяй. Ён таксама заявіў аб роспуску рэгіянальных улад.
У адказ прадстаўнікі жэнэралітэта адмовіліся падпарадкоўвацца загаду. Сьпікер парлямэнта аўтаноміі Карма Форкадэл назвала дзеяньні кароны «пераваротам» і «атакай на дэмакратыю». У гэтым жа тоне выказаўся і сам Пучдэмон, дадаўшы, што ўрад Каталёніі зьявіўся нашмат раней сучаснай гішпанскай канстытуцыі 1978 года.
 Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка, больш за 90 адсоткаў прагаласаваўшых выказаліся за выхад рэгіёну са складу Гішпаніі. Цэнтральная ўлада спрабавала перашкодзіць правядзеньню рэфэрэндуму, ужываючы ў тым ліку сілавыя мэтады. Пацярпелі амаль 900 чалавек. Мадрыд не прызнае вынікаў дадзенага волевыяўленьня каталёнцаў.
Яшчэ да рэфэрэндуму рэгіянальная паліцыя адмовілася выконваць рашэньне Вярхоўнага суда Гішпаніі пра закрыцьцё ўчасткаў для галасаваньня.
яс