Logo Polskiego Radia
Print

Польшча хоча падкупіць беларускіх урачоў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.10.2017 16:37
На дадзены момант у Польшчы працуюць 139 лекараў зь Беларусі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Dziennik Gazeta Prawna паведамляе пра тое, што на фоне пратэсту маладых лекараў урад Польшчы спрабуе перацягнуць мэдыкаў з краін Усходняй Эўропы. Нагадаем, у краіне адбываецца пратэстацыйная акцыя, суправаджаемая галадоўкай, сярод маладых лекараў. Яны патрабуюць павелічэньня заробкаў і росту выдаткаў на службу аховы здароўя ў Польшчы.

Зразумела, на такія патрабаваньні не згаджаецца ўрад і шукае выхаду з сытуацыі. Дарэчы, Міністэрства аховы здароўя Польшчы афіцыйна пацьвердзіла, што рыхтуе зьмену ў правілах працаўладкаваньня лекараў з па-за Эўрапейскага Зьвязу.

Сёньня мэдык, які не зьяўляецца грамадзянінам краіны Эўразьвязу, перад тым, як пачаць працу ў Польшчы, павінен пацьвердзіць свой дыплём перад спэцыяльнай камісіяй, здаць экзамены па прадметах, якіх не здаваў у сваёй краіне, здаць экзамен па мэдыцынскай польскай мове й атрымаць сэртыфікат для працы на тэрыторыі Польшчы.

Прайсьці гэты этап даволі цяжка, таму замежныя лекары не асабліва стараюцца ехаць у Польшчу па працу. На дадзены момант у Польшчы працуюць 1137 урачоў з 98 краін, у тым ліку з Украіны 306 лекараў, Беларусі – 139, Расеі – 45, Балгарыі – 15, Летувы – 33, а таксама 32 амэрыканскія, 28 швэдзкіх і 12 італьянскіх лекараў. Гэта нямнога, калі параўнаць з агульнай колькасьцю актыўных лекараў у Польшчы – 89 тыс. 800 мэдыкаў. Штогод з Польшчы ў краіны Заходняй Эўропы выяжджае 600-800 урачоў.

Польскія ж улады плянуюць увесьці зьмены, якія б заключаліся ў тым, што замежны лекар прыяжджаў бы ў Польшчу й пасьля кароткіх курсаў прыступаў бы да працы. І ўжо працуючы рыхтаваўся б і здаваў экзамены, неабходныя для паўнавартаснай працы на тэрыторыі Польшчы.

За плянамі насьцярожана сочаць украінскія ўлады, якія незадаволеныя крокамі Варшавы. Цяпер Украіна праводзіць рэформу службы аховы здароўя, і кадравы дрэнаж палякамі не на руку Кіеву, таму нельга выключыць, што паміж краінамі можа пачацца непаразуменьне з мэдыцынскім кантэкстам, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт