Дэпутат Ігар Марзалюк: Камандзір роты павінен быць пакараны
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
13.10.2017 20:11
-
Камандзір роты павінен быць пакараны.mp3
Непасрэдныя віноўнікі сьмерці жаўнера Аляксандра Коржыча павінныя быць пакараныя – лічыць дэпутат, які некалі сам служыў у Печах.
Ігар Марзалюк. Фота: Інфармагенцтва БелаПАНnaviny.by
Камандзір роты, у якой загінуў Аляксандар Коржыч, а таксама прапаршчыкі і сяржанты, якія зьдзекаваліся з маладога жаўнера, павінныя быць пакараныя – заявіў у камэнтары Польскаму радыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. У 1987 годзе на працягу 6 месяцаў ён праходзіў службу ў навучальным цэнтры ў Печах. На пытаньне, ці зьбіраецца дэпутат адрэагаваць на факт гібелі жаўнера ў сваёй былой частцы, Ігар Марзалюк адказаў наступнае.
Ігар Марзалюк: Вы можаце прачытаць камэнтар генэрала Гайдукевіча, зь якім я сёньня абмяркоўваў гэтае пытаньне. Я цалкам зь ім згодны. За ўсё павінен несьці адказнасьць камандзір роты. Непасрэдныя начальнікі гэтага жаўнера павінныя панесьці пакараньне. Думаю, сьледзтва ўсё расставіць на свае месцы. Нікому не дазволена зьдзекавацца з чалавека ці даводзіць яго да самазабойства. Забойства гэта было ці самазабойства – хай разьбіраюцца сьледчыя. Але ў любым выпадку такая адыёзная сытуацыя павінна быць пакараная ў поўнай адпаведнасьці з законам.
Пры гэтым дэпутат Палаты прадстаўнікоў заклікаў не складваць меркаваньне аб усёй арміі па падзеях у Печах. «Ёсьць элітарныя часткі, дзе няма нічога падобнага. Ёсьць нармальная служба, дзе хлопцаў ніхто ня б’е й ня душыць. Па адным прапаршчыку-садысту меркаваць пра ўсе Ўзброеныя сілы я б не стаў», – падкрэсьліў Ігар Марзалюк.
Ігар Марзалюк лічыць, што для супрацьдзеяньня нестатутным адносінам ня лішнім было б вярнуць ваенную пракуратуру. Аднак да канца дасьледаваньня ён не зьбіраецца ініцыяваць ніякіх дыскусіяў па рэформе войска. Таксама дэпутат не супраць таго, каб бацькі жаўнераў узмацнілі грамадзкі кантроль за тым, што адбываецца за платамі вайсковых частак. «Ніхто не перашкаджае бацькам ствараць грамадзкія камітэты. Наколькі я ведаю, Узброеныя сілы Беларусі не зьяўляюцца настолькі страшнай закрытай структурай, як камусьці гэта здаецца», – падсумаваў дэпутат Ігар Марзалюк.
ап