Logo Polskiego Radia
Print

«Дзедаўшчына – гэта заўсёды віна камандзіра»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.10.2017 13:19
  • «Дзедаўшчына – гэта заўсёды віна камандзіра».mp3
Як выкараніць дзедаўшчыну ў беларускай арміі? Трэба ісьці двума шляхамі – раяць экспэрты.
Збітыя рукі жаўнера, які ўцёк ад дзедаўшчыны з 38-й дэсантнай брыгады ў Берасьці. Люты 2016 г. Фота: Інфармагенцтва БелаПАН. Збітыя рукі жаўнера, які ўцёк ад дзедаўшчыны з 38-й дэсантнай брыгады ў Берасьці. Люты 2016 г. Фота: Інфармагенцтва БелаПАН. belapan.com

Міністэрства Беларусі не раз заяўляла, што дзедаўшчына ў беларускім войску амаль выкараненая, а камандаваньне актыўна змагаецца з нестатутнымі адносінамі. Аднак 2-3 разы на год у прэсу прасочваюцца зьвесткі пра ўцёкі з частак альбо самагубствы маладых жаўнераў, даведзеных да адчаю зьдзекамі стараслужачых. У чым прычыны дзедаўшчыны ў войску і як яе перамагчы? Пра гэты з былымі жаўнерамі, афіцэрамі й вайсковымі аналітыкамі размаўляе Аляксандар Папко.

Пра праблему армейскай дзедаўшчыны ў гамадзтве зноў загаварылі з-за жудаснага выпадку ў Аб’яднаным навучальным цэнтры ў пасёлку Печы. Трэцяга кастрычніка 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным. Перад сьмерцю хлопец расказваў маці й сябрам, што стараслужачыя-сяржанты зьбівалі «маладых», па начах прымушалі іх драіць зубнымі шчоткамі ўнітазы, апраналі на тых, хто нечым перад імі правініўся, «хамут з іголкамі», пастаянна вымагалі грошы й нават устройвалі ў казарме оргіі з прастытуткамі.

Магіла
Магіла Аляксандра Коржыча. Фота: Радыё "Свабода".

Што такое дзедаўшчына? Гэта нефармальная сыстэма ўлады ў вайсковым калектыве. Яе сэнс заключаецца ў тым, што жаўнеры старэйшых прызываў устанаўліваюць у падразьдзяленьні ўласныя незаконныя парадкі, сілай прымушаючы сабе служыць маладых.

Лічыцца, што гэты фэномэн нарадзіўся ў Савецкай арміі ў 1960-я гады, калі ў войскі пачалі прызываць былых вязьняў. Маўляў, зэкі й прынесьлі ў армію гвалт і нефармальную іерархію, якая вельмі нагадвае іерархію «зоны». Разгул дзедаўшчыны ня быў зьвязаны ані з эканамічнай сытуацыяй у СССР, ані са станам самога войска. Беззаконьне «дзядоў» квітнела ў Савецкай арміі ў самыя шчасьлівыя для яе 1970-я і 1980-я гады. Дзедаўшчына не зьнікала нават у частках, якія ваявалі ў Аўганістане – нягледзячы на тое, што жаўнеры там мелі доступ да зброі.

Фота:
Фота: foto-history.livejournal.com

Традыцыя дзедаўшчыны захавалася і ў сёньняшняй беларускай арміі, хоць яна стала ў разы больш лагоднай – кажа галоўны рэдактар парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Андрэй Паротнікаў: З досьведу ўласнай сям’і магу сказаць, што такая зьява існуе. Год таму ў мяне дэмабілізаваўся сын стрыечнага брата. Ён распавядаў, што ў вайсковай частцы, якая, дарэчы разьмяшчаецца ў самім Менску, дзедаўшчына была. Аднак сёньняшнюю дзедаўшчыну цяжка параўнаць з савецкай. Фізычны гвалт здараецца нячаста. Хутчэй мае месца гвалт псыхалягічны, навязваньне нейкіх правілаў паводзінаў.

Размах нестатутных адносінаў можа радыкальна розьніцца ў залежнасьці ад часткі – расказвае фатограф Сяргей Гудзілін. Шэсьць гадоў таму ён служыў у палку сувязі, які непасрэдна мяжуе з «вучэбкай» у Печах.

Сяргей Гудзілін: Я адслужыў паўтара году і прайшоў усю іерархію, якая перадалася яшчэ з савецкага часу. Аднак яна мела толькі рытуальны характар. Пры гэтым побач у Печах знаходзіліся вялікія «вучэбкі». Там масавыя войскі, не самае лепшае харчаваньне, цяжкая манатонная праца – трэба месяцамі прыбіраць лісьце... Таму там у непадрыхтаванага, маладога, уразьлівага чалавека можа быць псыхалягічна прыбіты стан.

У адных частках падзел на «дзядоў» і «сланоў» носіць выключна рытуальны характар. У іншых жа стараслужачыя прымушаюць «маладых» аддаваць ім грошы, ежу, новую форму й выконваць за іх працу.

Парад
Парад 2012 г. ў Менску. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Па словах некаторых былых жаўнераў, самая жорсткая дзедаўшчына бывае альбо ў элітных частках, такіх як дэсантныя, альбо ў частках, якія займаюцца манатоннай фізычнай працай і лічацца найгоршымі. Як прыклад можна прывесьці падразьдзяленьні, што рамантуюць бронетэхніку.

Чаму ўзьнікае дзедаўшчына і як зь ёй змагацца? Нягледзячы на тое, што ў арміях постсавецкіх краінаў працуюць тысячы псыхолягаў і зампалітаў, у Інтэрнэце небагата навуковых артыкулаў з адказамі на гэтыя пытаньні.

Яшчэ ў 1990 годзе сацыёляг Яўген Гурэнка заявіў, што нефармальная іерархія зьяўляецца неад’емным кампанэнтам савецкай армейскай машыны. Афіцэры й прапаршчыкі скідваюць на «дзядоў» ільвіную частку сваіх абавязкаў па кантролю над жаўнерамі, каб спрасьціць сабе жыцьцё. Тым больш, што дэтальна выканаць усе статуты й інструкцыі проста немагчыма. Дзяды ў адказ атрымліваюць прывілеі ды магчымасьць самарэалізавацца коштам слабейшых. Узьнікае кругавая парука: закон парушаюць як афіцэры, так і жаўнеры, таму ўсе лічаць за лепшае маўчаць.

Не апошнюю ролю ва ўзьнікненьні дзедаўшчыны адыграла і адсутнасьць у савецкай ды постсавецкай арміі прафэсійных сяржантаў-кантрактнікаў, якія б удзень і ўначы знаходзіліся побач з жаўнерамі.

Дзедаўшчына ўзьнікае й там, дзе ваеннаслужачыя не аб’яднаныя агульнай мэтай – піша Гурэнка. Напрыклад, калі жаўнеры ня бачаць сэнсу ў службе, якая іх не разьвівае, то накіроўваюць энэргію на падаўленьне саслужыўцаў.

Малюнак:
Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі/kurjer.info

Іншымі словамі, каб узьнікла дзедаўшчына, патрэбныя тры складнікі: нядбайнасьць камандзіраў, наяўнасьць у прызыве людзей з садысцкімі схільнасьцямі й манатонныя бязглуздыя будні. Прычым галоўны зь іх – гэта адсутнасьць кантролю з боку камандзіраў.

З гэтым сьцьвярджэньнем пагаджаецца і афіцэр-памежнік у адстаўцы Аляксандар Цішчанка, хоць саму дзедаўшчыну ён лічыць у Беларусі надзвычай рэдкай зьявай.

Аляксандар Цішчанка: Дзедаўшчына альбо парушэньне воінскіх законаў, існуе толькі там, дзе няма камандзірскай волі. Калі камандзір не займаецца жаўнерамі, пачынаюць прарастаць паталёгіі. Перш за ўсё павінен адказваць камандзір падразьдзяленьня, дзе гэта адбываецца.

Як можна перамагчы дзедаўшчыну? Самы радыкальны спосаб – увесьці прафэсійнае войска. Аднак расейска-ўкраінскі канфлікт у Данбасе паказаў, што краіне можа спатрэбіцца масавы вайсковы рэзэрв і дадаў аргумэнтаў праціўнікам адмены прызыву. Ёсьць прыклады прызыўных арміяў, якім удалося ліквідаваць дзедаўшчыну. Адзін зь іх – гэта армія Эстоніі. Яе досьвед прапануе прымяніць вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў.

Фота:
Фота: Узброеныя сілы Эстоніі

Формула посьпеху простая: разам служаць жаўнеры толькі аднаго прызыву, іх не ізалююць ад сем’яў і цывільнага жыцьця, даюць магчымасьць усталяваць прамыя сувязі з камандаваньнем часткі – кажа экспэрт.

Андрэй Паротнікаў: Па-першае, трэба, каб у батальёне служылі жаўнеры аднаго прызыву, каб не было дзяленьня на маладых і стараслужачых. Па-другое, жаўнер, які пайшоў на тэрміновую службу ў войска, не павінен ізалявацца ад цывільнага жыцьця. Калі ён не заняты на баявым посьце, то чаму б не адпускаць яго на выходныя да сваякоў? У пятніцу вечарам адпусьціць, а ў панядзелак а 8 раніцы ён павінен быць на пляцы. Можна ўсталяваць наўпроставую сувязь паміж жаўнерамі і камандаваньнем часткі. У арміях скандынаўскіх краінаў жаўнеры абіраюць свайго прадстаўніка пры камандаваньні вайсковай часткі. Ён выконвае функцыі жаўнерскага амбудсмэна. Па-чацьвеёртае, трэба зрабіць войска больш празрыстым для грамадзтва. Гэта можна зрабіць шляхам стварэньня бацькоўскіх камітэтаў, апякунскіх камітэтаў з былых вайсковаслужбоўцаў гэтай часткі.

Такім чынам, каб выкараніць дзедаўшчыну, трэба дзейнічаць у двух накірунках. Па-першае, трэба ліквідаваць яе непасрэдныя прычыны. Трэба ўзмацніць нагляд над жаўнерамі, адмовіцца ад практыкі сумеснага праходжаньня службы жаўнерамі розных прызываў. Па другое, трэба адкрыць армію для грамадзтва й даць жаўнерам магчымасьць абараняць свае правы.

Сёньня армія функцыянуе як ізаляваная карпарацыя – тлумачыць Андрэй Паротнікаў. «Высокапастаўленыя афіцэры хаваюць правіны сваіх падначаленых – маўляў «мы ўсе пагоны носім». Яны не разумеюць, што такімі паводзінамі дыскрэдытуюць усю армію», – падсумоўвае экспэрт.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт