Logo Polskiego Radia
Print

Макей: Мы ня хочам разьмяшчаць у сябе замежныя вайсковыя базы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.10.2017 08:17
„Мы ня хочам быць крыніцай напружанасьці”, — запэўніваў кіраўнік беларускага МЗС.
Уладзімер Макей падчас прамовы ў штаб-кватэры ААНУладзімер Макей падчас прамовы ў штаб-кватэры ААНyoutube.com/screen

„Мы ня хочам разьмяшчаць у сябе дадатковыя нейкія замежныя вайсковыя базы”, — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей 6 кастрычніка на закрыцьці першай канфэрэнцыі ганаровых консулаў Беларусі. Тэкст яго выступленьня апублікаваны на сайце беларускага МЗС.

У Беларусі разумеюць, што разьмяшчэньне такой базы „будзе выкарыстана нашымі партнэрамі па той бок мяжы для адэкватнага адказу й гэта прывядзе да нагнятаньня напружанасьці”, сказаў Макей. Паводле яго слоў, думка пра тое, што Беларусь з-за сваіх цесных адносін з Расеяй нібыта ўяўляе пагрозу для кагосьці з суседзяў — для Ўкраіны, для Балтыйскіх краін або для Польшчы, спрабуюць навязаць штучна.

„Мы ў адказ цьвёрда заяўляем, што з нашай тэрыторыі ніколі не зыходзіла пагроза ў дачыненьні да ніводнай з краін і ня будзе зыходзіць(…) Мы ня хочам быць крыніцай напружанасьці”, — падкрэсьліў кіраўнік МЗС.

Пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі ваеннай базы неаднаразова ўздымалася расейскім бокам апошнія некалькі гадоў. Так, вясной 2013 году міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, знаходзячыся зь візытам у Менску, паведаміў аб плянах Расеі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі авіяполк. У кастрычніку 2014-га галоўнакамандуючы ВПС РФ генэрал-палкоўнік Віктар Бондараў заявіў пра намер Расеі стварыць у Беларусі ў 2016 годзе авіябазу, на ўзбраеньні якой будуць знаходзіцца зьнішчальнікі Су-27.

У верасьні 2015 году ўрад Расеі афіцыйна прапанаваў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну падпісаць зь Беларусьсю пагадненьне аб разьмяшчэньні расейскай авіяцыйнай базы на беларускай тэрыторыі. Аднак у кастрычніку таго ж году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі пра стварэньне авіябазы з Расеяй не вядзецца. „Яна нам не патрэбна”, — падкрэсьліў Лукашэнка.

Асьцярогі з нагоды магчымага размяшчэньня ў Беларусі расейскіх ваенных баз і фарміраваньняў зноў абвастрыліся на фоне сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў „Захад-2017”, якія прайшлі на тэрыторыі дзьвюх краін 14—20 верасьня.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт