Logo Polskiego Radia
Print

Суд па правах чалавека патрабуе дапусьціць да Паўла Грыба ўкраінскіх лекараў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.10.2017 12:23
Раней Расея адмаўлялася, матывуючы гэта адсутнасьцю такой нормы ў расейскім заканадаўстве.
Павал Грыб, фота з архіва бацькі хлопца Ігара Грыба, прадстаўленае Эўрапейскаму радыё для Беларусі. Павал Грыб, фота з архіва бацькі хлопца Ігара Грыба, прадстаўленае Эўрапейскаму радыё для Беларусі. euroradio.fm

Эўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэньне запрасіць украінскіх лекараў да 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, які ўтрымліваецца ў СІЗА расейскага горада Краснадара. Пра гэта паведаміла Яўгенія Закрэўская – адвакатка сям’і выкрадзенага ў Беларусі маладога ўкраінца.

Эўрапейскі суд па правах чалавека таксама патрабуе ад Расеі выслаць у друкаваным выглядзе інфармацыю, якая датычыць стану здароўя Паўла Грыба й мэдыцынскай дапамогі, якая яму аказваецца ў заключэньні.

24 жніўня Павал Грыб быў выкрадзены расейскімі спэцслужбамі ў Гомелі, куды ён прыехаў на сустрэчу з расейскай дзяўчынай, зь якой перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расеі завяло супраць 19-гадовага хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Сям’я Паўла называе абвінавачаньне абсурдным і лічыць, што хлопца выкралі з-за яго выказваньняў у сацсетках.

Павал Грыб зь дзяцінства хварэе на партальную гіпэртэнзію – парушэньне структуры сасудаў печані, таму штодзённа павінен прымаць прэпараты. Украінскі бок не атрымаў пераканаўчай інфармацыі, ці маладому чалавеку аказваюць неабходную мэдыцынскую дапамогу.

Як сам Павал Грыб, так і міністэрства замежных справаў Украіны зьвярталіся да расейскіх уладаў з просьбай дапусьціць да арыштаванага ўкраінскіх лекараў. Расея адмаўлялася, матывуючы гэта адсутнасьцю такой нормы ў расейскім заканадаўстве - паведаміла сястра Паўла Вольга Грыб.

4 верасьня сям’я Паўла Грыба падала ў Эўрапейскі суд па правах чалавека скаргу на Расею з-за выкраданьня ўкраінскага грамадзяніна. Аб’ектыўнае мэдыцынскае заключэньне неабходна суду, каб ацаніць, ці неабходна прымаць у справе Паўла Грыба «неадкладныя меры».

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт