Logo Polskiego Radia
Print

Ігар Комлік на свабодзе, але справа супраць прафсаюзу РЭП ідзе

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.10.2017 18:59
  • Ігар Комлік на свабодзе, але справа супраць прафсаюзу РЭП ідзе.mp3
«Ужо задаючы пытаньні, сьледчыя хацелі падштурхнуць мяне да пэўных адказаў», – кажа вызвалены прафсаюзны актывіст.
Ігар Комлік. Фота: праваабарончы цэнтар "Вясна". Ігар Комлік. Фота: праваабарончы цэнтар "Вясна". spring96.org

2 кастрычніка беларускія ўлады выпусьцілі са сьледчага ізалятара бугальтара Незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Ігара Комліка. Вызваленьне актывіста стала магчымым, дзякуючы ціску міжнароднай супольнасьці. Сама ж крымінальная справа супраць прафсаюзу ня спыненая – кажа Ігар Комлік і яго паплечнікі. З нядаўна вызваленым прафсаюзным дзеячам размаўляў Аляксандар Папко.

Ігара Комліка выпусьцілі са сьледчага ізалятара роўна два месяца пасьля заключэньня пад варту. Гэта была стандартная працэдура – тлумачаць сябры прафсаюзу РЭП. 2 кастрычніка суд павінен быў альбо працягнуць утрыманьне абвінавачанага пад вартай, альбо выбраць іншую меру стрыманьня. Аднак сама справа аб «няплаце падаткаў» прафсаюзам РЭП працягваецца – кажа кіраўнік арганізацыі Генадзь Фядыніч.

Генадзь Фядыніч: Па-ранейшаму на допыты выклікаюць сьведкаў. Ігара выклічуць на допыт у чацьвер, мяне яшчэ не выклікалі, але, відавочна, паклічуць. Крымінальная справа ня спыненая. Яна ідзе.

Сам жа Ігар Комлік застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе і падпіскай аб неразгалошаньні дэталяў сьледзтва. Першая яго сустрэча са сьледчым прызначаная на 5 кастрычніка. Пасьля арышту супрацоўнічаць са сьледзтвам Ігар Комлік адмовіўся, таму сьледчых ён бачыў усяго некалькі разоў.

Ігар Комлік: Паколькі я адмовіўся даваць паказаньні, то сьледчых за ўвесь час я бачыў толькі два-тры разы. Першы раз гэта было, калі мне заявілі пра перавод мяне са статусу падазраванага ў статус абвінавачанага. Мне трэба было падпісаць пісьмовую згоду на правядзеньне экспэртызы. Мне пыталі: «Ці маеце што сказаць сьледчым?» Я заўсёды адказваў: «Пакуль мне сказаць няма чаго». Таму мяне не чапалі.

На думку Ігара Комліка, мэтай усяго працэсу зьяўляецца закрыцьцё незалежнага прафсаюзу.

Ігар Комлік: Сьледчыя ад самага пачатку вырашылі, што мы не заплацілі падаткі. Казалі: «Нічога страшнага – прададзіце офіс і ўсё заплаціце!» А ў нас заканадаўства выглядае так, што страціўшы офіс, мы страчваем юрыдычны адрас, і нас зачыняюць. А прыкладаў таго, як перашкаджаюць зарэгістраваць новую арганізацыю, у Беларусі вельмі многа. Ужо задаючы пытаньні, сьледчыя хацелі падштурхнуць мяне да пэўных адказаў.

Прафсаюзны актывіст заяўляе, што асаблівага ціску на яго ў сьледчым ізалятары не аказвалася, а ўмовы былі такімі ж, як і ў іншых зьняволеных.

Ігар Комлік: Я б сказаў, што ва ўмовах утрыманьня зьняволеных ёсьць што паляпшаць, але нейкіх асаблівых складанасьцяў у мяне не было. Асаблівага холаду ці голаду я не адчуваў. У адной камэры нас было каля 16 чалавек. У іншай – усяго чацьвёра, але яе плошча была ўсяго 16 квадратных мэтраў, атк што разьвярнуцца там асабліва не было як.

Вялікую ролю ў вызваленьні Ігара Комліка з-пад варты адыграла міжнародная салідарнасьць прафсаюзаў – кажа актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. Беларускім уладам былі адпраўленыя тысячы лістоў з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу.

Андрэй Стрыжак: Усе партнэрскія арганізацыі прафсаюзу РЭП – а гэта дзесяткі прафсаюзных арганізацыяў па ўсім сьвеце, у тым ліку вялікая фэдэрацыя IndustriALL, якая аб’ядноўвае 50 мільёнаў працоўных – выказаліся ў падтрымку. На імя Аляксандра Лукашэнкі былі адпраўленыя тысячы лістоў ад рознага ўзроўню прафсаюзных арганізацыяў з патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежнага прафсаюзу. Трэба падкрэсьліць, што хваля салідарнасьці была і ўнутры краіны. Быў адкрыты ліст, першай падпісанткай якога стала Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Ужо ў сераду Ігар Комлік намераны вярнуцца да працы. «Нашая салідарнасьць аказалася мацнейшай за дзяржаўную машыну. Цяпер уладам трэба зрабіць наступны крок – поўнасьцю спыніць ганебную крымінальную справу супраць прафсаюзу РЭП», – заклікае паплечнік Ігара Комліка Андрэй Стрыжак.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт