Logo Polskiego Radia
Print

Украінцы затрымалі зьдзяйсьняльнікаў тэракту на польскае консульства ў Луцку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.10.2017 14:08
Зламысьнікі павязаныя з былымі дэпутатамі з Партыі рэгіёнаў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі РФ.
будынак консульства Польшчы ў Луцку пасьля тэрактубудынак консульства Польшчы ў Луцку пасьля тэрактуPhoto: ukraine.web2ua.com/az

Украінскія праваахоўнікі затрымалі групу зламысьнікаў, якія падазраюцца ў 9 злачынствах, учыненых у 2016-2017 гадах, і накіраваных на распальваньне ксэнафобіі, рэлігійнай нянавісьці й міжнародных канфліктаў.

Пра гэта паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.

«Яны павязаныя з былымі дэпутатамі з Партыі рэгіёнаў – Уладзімірам Алейнікам і Сяргеем Тулубам. Ёсьць зафіксаваныя кантакты гэтых асоб з гэтымі дэпутатамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ«, – адзначыў міністар.

Па словах Авакава, супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі дваіх зламысьнікаў каля вугорскай мяжы. Яны ехалі падрываць вугорскі помнік на Вярэцкім перавале ў Закарпацкай вобласьці. Пры затрыманьні было канфіскавана спэцыяльна падрыхтаванае выбуховае прыстасаваньне з далучаным газавым балонам для дэтанацыі ды гранаты РГД-5.

Міністар Авакаў адзначыў, што фіксацыя на месцы злачынстваў, узоры й аналізы ДНК сьведчаць, што затрыманыя зьяўляюцца часткай злачыннай групы, якая ўчыніла наступныя злачынствы:

1. У горадзе Чарнаўцы, дзе ў ноч на 2016/11/19 была спустошана Цэнтральная габрэйская сынагога, на галоўны фасад якой быў нанесены антысэміцкі надпіс.

2. У горадзе Умань, дзе 2016/12/21 зламысьнікі праніклі на магілу Рабі Нахмана й кінулі галаву сьвіньні з выразанай свастыкай.

3. У Кіеве, дзе 2017/06/08 зламысьнікі кінулі гранату ў амбасаду ЗША.

4. У горадзе Львоў, дзе 2017/06/30 зламысьнікі спрабавалі падпаліць сынагогу.

5. У горадзе Луцк, дзе 2017/07/10 зламысьнікі кінулі выбуховае прыстасаваньне ў консульства Польшчы.

6. У Кіеве, дзе 2017/08/24 ў Дзень Незалежнасьці была кінута граната на вуліцы Грушэўскага й былі параненыя родныя героя Ўкраіны Валерыя Чыбінеева.

7. У Кіеве, на вул. Курбаса, дзе ў той жа дзень гранатамі быў узарваны помнік удзельнікам баявых дзеяньняў.

8. У горадзе Умань, дзе 2017/09/21 была кінута граната, ад якой пацярпелі грамадзяне Ізраіля.

9. Група была затрыманая пры выкананьні тэракту па падрыве помніка вугорцам на Вярэцкім перавале ў Закарпацкай вобласьці.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт