Польскі Сэйм стварыў новую парлямэнцкую камісію
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
30.09.2017 10:02
Яна зоймецца падлікам кампэнсацыі за ваенныя зьнішчэньні падчас ІІ Сусьветнай вайны.
Foto: PAP/Bartłomiej Zborowski
Па ініцыятыве партыі «Права й справядлівасьць» створана парлямэнцкая камісія па ацэнцы сумы кампэнсацыі, што павінна Нямеччына Польшчы за шкоды, прычыненыя падчас Другой сусьветнай вайны.
У польскім парлямэнце пачынаюцца працы па аналізе ды выпрацоўцы прававых шляхоў рэалізацыі гэтых патрабаваньняў, – заявіў дэпутат Аркадыюш Муларчык, які зьяўляецца старшынём камісіі. Парлямэнтары таксама будуць зьбіраць усю дакумэнтацыю па дадзенай справе.
Першае паседжаньне камісіі адбудзецца падчас бліжэйшай сэсіі Сэйма, якая заплянавана на 10-13 кастрычніка.
Камісія мае адкрыты характар. Як пазначана ў рэглямэнце, у яе склад уваходзяць дэпутаты й сэнатары, якія прадстаўляюць «непалітычную групу зацікаўленую вызначэньнем абʼектыўнай ацэнкі сумы страт, панесеных Польшчай у выніку германскіх дзеяньняў падчас Другой сусьветнай вайны.» Аднак пакуль у склад камісіі ўвайшлі толькі дэпутаты кіроўнай партыі ПіС, апазыцыя паставілася адмоўна да новай ініцыятывы.
Стварэньне камісіі – гэта наступства ліпенскіх заяў кіраўніка партыі ПіС Яраслава Качыньскага. Палітык выказаў меркаваньне, што Польшча ніколі не атрымала кампэнсацыю за вялізарныя ваенныя страты, якія краіна адчувае па сёньняшні дзень.
У сваю чаргу нямецкі Бундэстаг заявіў, абапіраючыся на вынікі працы экспэртнай групы навукоўцаў, што польскія прэтэнзіі неабгрунтаваныя.
ПР/юл