Ва Ўкраіне затрыманыя пʼяныя ахоўнікі складу ракет «Точка-У»
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
28.09.2017 12:13
Два старэйшыя афіцэры знаходзіліся ў стане поўнага алькагольнага апʼяненьня.
Ракеты далёкага радыюсу дзеяньня «Точка-У» Фота: telegraf.com.ua
Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі двух афіцэраў у стане алькагольнага апʼяненьня, якія павінны былі ахоўваць склад боепрыпасаў для ракет «Точка-У». Пра гэта ў чацьвер, 28 верасьня, паведаміў галоўны ваенны пракурор Украіны, генэрал-лейтэнант юстыцыі Анатоль Матыёс на брыфінгу ў Адэсе.
«Хачу сказаць адну рэч, якая, напэўна, выкліча сэнсацыю. Учора ў адной з частак на тэрыторыі Ўкраіны, на складах якой захоўваюцца ракетныя стрэлы для ракет, ваеннай пракуратурай і ваеннай службай правапарадку былі выяўленыя на месцы нясеньня службы два старэйшыя афіцэры, якія знаходзіліся ў стане поўнага алькагольнага апʼяненьня. Яны ахоўвалі й забясьпечвалі ахову складоў, на якіх захоўваліся рэактыўныя стрэлы да ракет далёкага дзеяньня «Точка-У», – паведаміў Матыёс.
Разам з тым, ён не адзначыў, у якой менавіта частцы адбыўся інцыдэнт.
Як паведамлялася, увечары 26 верасьня пачаліся выбухі на тэрыторыі арсэналу Мінабароны Ўкраіны паблізу горада Калінаўка ў Віньніцкай вобласьці. Паводле дадзеных, якія маюцца ў адкрытых крыніцах, на складах захоўваецца 188 тыс. тон боепрыпасаў – 10 тыс. умоўных вагонаў, уключаючы ракеты для РСЗА «Смерч», «Ураган» і «Град».
корреспондент/вс