Logo Polskiego Radia
Print

LOT у 2018 годзе павялічыць частату палётаў у аэрапорты ЗША

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.09.2017 12:49
Рэйсы будуць выконвацца на новых самалётах Boeing 787-9, якія LOT атрымае неўзабаве.
Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі LOT Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі LOT фота: lot.com/Paweł Pilzak

Польская авіякампанія LOT у 2018 годзе павялічыць частату палётаў у аэрапорты ЗША – у Чыкага й Нью-Ёрк. Пакуль што невядома, колькі разоў у тыдзень будуць лётаць лайнэры польскай кампаніі, хоць сам факт павелічэньня зьяўляецца пэўным: рэйсы ў гарады ЗША – гэта найбольш папулярныя трасы вялікай працягласьці авіякампаніі LOT.

Рэйсы будуць выконвацца на новых самалётах Boeing 787-9, якія LOT атрымае неўзабаве. Польская авіякампанія заказала чатыры такія машыны – яны крыху большыя за лайнэры Boeing 787-8, якія палякі выкарыстоўваюць ужо некалькі гадоў.

Авіякампанія таксама не выключае, што павялічыць частату рэйсаў на трасе Кракаў-Чыкага – цяпер самалёты LOT лётаюць на гэтай трасе раз у тыдзень. У будучым годзе польская авіякампанія пачынае ажыцьцяўляць рэйсы з вугорскага Будапэшту ў Чыкага.

З красавіка бягучага году самалёты польскіх авіяліній лётаюць паміж Варшавай і Лос-Анджэлесам.

Уладальнікам больш за 99% акцый авіякампаніі LOT зьяўляецца дзяржава. У мінулым годзе польскія авіялініі перавезьлі 5 млн 500 тыс пасажыраў, у 2015-м – 4 млн 300 тыс. Сёлета LOT плянуе перавезьці сваімі самалётамі 6 млн 600 тыс. чалавек.

На дадзены момант у флёце авіякампаніі 53 шырока- і вузкафюзэляжных самалётаў розных марак, у тым ліку 10 рэгіянальных турбавінтавых Bombardier Q-400.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт