Польшча ўводзіць фіскальныя анлайн-касы
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.09.2017 16:48
Чэк будзе прыходзіць у электроннай вэрсіі на мабільны тэлефон альбо на электронную пошту, а яго копія - аўтаматычна ў падатковыя органы.
500 польскіх злотыхNarodowy Bank Polski
У 2018 годзе ў Польшчы будуць уведзеныя фіскальныя анлайн-касы. Пра гэта паведаміў віцэ-прэмʼер, міністар фінансаў і разьвіцьця Польшчы Матэвуш Маравецкі. Дзякуючы новаўвядзеньню польскі ўрад хоча атрымаць дадаткова больш за 11 млрд злотых (больш за 2 млрд 560 млн эўра) падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) на працягу 10 гадоў.
На пачатку анлайн-касы прыйдзецца ўстанавіць індывідуальным прадпрымальнікам і невялікім субʼектам гаспадараньня, напрыклад, сэрвісам па вулканізацыі, барам, цырульням, касмэталягічным кабінэтам ды паслугам фітнэс. Увядзеньне анлайн-кас не азначае, што зьнікнуць традыцыйныя касы – яны надалей будуць выкарыстоўвацца.
На першапачатковым этапе кожны спажывец будзе атрымліваць раздрукаваны чэк у папяровай вэрсіі, пазьней чэк будзе прыходзіць у электроннай вэрсіі на мабільны тэлефон альбо на электронную пошту.
Дзякуючы ўвядзеньню фіскальных анлайн-кас у Вугоршчыне паступленьні ад ПДВ павялічыліся на 8%, а ў Славаччыне – на 4,6%.
Анлайн-каса – гэта інавацыйны від кантрольна-касавай тэхнікі, дзякуючы якой інфармацыя пра плацяжы, зьдзейсьненыя пакупніком, аўтаматычна паступае ў падатковыя органы. Дзякуючы гэтаму існуюць мінімальныя шанцы на ўхіленьні субʼектаў гаспадараньня ад выплаты падаткаў.
вс